У Першамайскім судзе Віцебска па справе апазіцыянера Сяргея Каваленкі 23 лютага прайшоў допыт сведак. У якасці сведак дапытаны чацвёра супрацоўнікаў міліцыі, а таксама жонка актывіста і яго брат. Яшчэ адзін сведка ў суд не з’явіўся.

Журналістаў і прыхільнікаў Каваленкі ў будынак суда не пусцілі, і яны знаходзіліся на вуліцы.

Сваякі Каваленкі зноў выклікалі ў суд брыгаду хуткай дапамогі, аднак суддзя Алена Жук не дала магчымасці медыкам агледзець Каваленку, заявіўшы, што яна не выклікала хуткую.

Пасля допыту Алены Каваленкі ў судзе аб’яўлены перапынак да 10.00 24 лютага.

Нагадаем, актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Паводле версіі абвінавачання, Каваленка ўчыніў чатыры парушэнні, адбываючы пакаранне па прыгаворы суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. У маі 2010 года гэты суд прыгаварыў апазіцыянера да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня мінулага года, яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП-БНФ аб’явіў галадоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?