25.02.2012 / 14:49

Таемныя спружыны БТ 25

Іх удалося пабачыць падчас публічнага «разбору палётаў» «Еўрафэсту» з удзелам Лукашэнкі.

«Еўрафэст». Фота Яўгена Ерчака. users.livejournal.com/_nevr_

З апублікаванай БелТА справаздачы з нарады відаць, кім і як быў арганізаваны «Еўрафэст».

«Я папрасіў, не без згоды і жадання Аляксандра Шакуціна (старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор»), каб ён, міністр культуры і кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі арганізавалі годна гэты працэс у нашай краіне
і вызначылі тых, хто годна можа прадставіць нашу краіну на гэтым конкурсе, — казаў Лукашэнка пасля нарады. — 
Як мяне інфармавалі, не публічна, у прыватным парадку, працэс ішоў.
Так, сапраўды, карцінка была прыгожая на тэлебачанні, арганізавана гэта было нармальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Вы вызначылі крытэры, не я іх вызначаў,
што гледачы і журы, як гэта і на «Еўрабачанні» будзе, вызначаць найлепшага. У выніку ўсё выйшла наадварот.
Вы стварылі патавую сітуацыю, якая характарызуе ўсіх трох непрыстойна», — звярнуўся Лукашэнка да Шакуціна, Давыдзькі і Латушкі.

Аказваецца, гэта кіраўнік дзяржавы вырашыў, хто і як будзе абіраць кандыдата на «Еўрабачанне». Прычым адказ на пытанне «як» абумоўліваў вынік «конкурсу».

Лукашэнка задаволіў просьбу бізнэсоўца-мільянера (аказваецца, гэты капіталіст мае з ім шчыльны кантакт).
Шакуцін арганізоўваў і аплачваў конкурс. І той самы Шакуцін апекаваўся адной з удзельніц. Якой, у сваю чаргу, раней прысвоілі званне Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь — у 26 гадоў заслужанай. У выніку «конкурсу» Ланскую называюць пераможцай. Але
зрабілі памылку: выбралі ёй занадта моцных спарынг-партнёраў.
Трэ было б кагосьці зусім бяздарнага.

Узнік скандал — інтэрнэт робіць магчымым хуткі распаўсюд навін.

«Як мяне інфармуюць ўжо дзве групы, якія па маім даручэнні гэтым займаліся, вынікі фіналу конкурсу аказаліся падтасаванымі. Не ведаю, навошта і чаму. Разбярэмся. Даравання нікому не будзе. Таму я прапаную вам не цямніць, — казаў ён. — 

Падставілі таленавітую спявачку. Не ведаю, як вы з ёй будзеце разбірацца зараз. І пакрыўдзілі гэтых хлопцаў,
якія фактычна апынуліся па вашых крытэрах пераможцамі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што другое пытанне — гэта фінансавы бок, які ён даручыў адначасова разгледзець.

«Я здзіўлены, Генадзь Браніслававіч (старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька), вы кожны дзень мне пішаце лісты аб цяжкім фінансавым стане вашай кампаніі. І тым не менш марнуеце мільярды рублёў незразумела на што.
Вам што, грошы няма куды дзяваць? Журналісты скардзяцца — зарплату не плаціце, як паложана. Гэта другое пытанне, на якое я хачу атрымаць адказ».

Лукашэнка падкрэсліў, што гэта будзе навука для ўсіх, хто сёння займаецца адукацыяй і культурай: «Там не ўмеюць лічыць грошы, таму што яны іх не зарабляюць».

Як далажыў міністр культуры, а таксама старшыня аргкамітэта праекта «Еўрафэст» Павел Латушка, ні ён, ні на яго не аказвалася ні найменшага ціску пры вызначэнні пераможцы конкурсу.
«Мне таксама невядомыя падобныя факты ў дачыненні да іншых адказных за нацыянальны адбор. Міністэрствам культуры не даваліся даручэнні па сістэме кіравання культурай аб адміністрацыйнай падтрымцы аднаго з кандыдатаў», — адзначыў ён. [Сігналы пра тое, што для падтрымкі Ланской выкарыстоўваецца адміністратыўны рэсурс, пачалі прыходзіць напярэдадні фінальнага канцэрта «Еўрафэсту». - Рэд.]

«Разам з тым, як старшыня аргкамітэта, я павінен быў больш старанна падысці да пытання падліку галасоў тэлегледачоў самакрытычна ацэньваючы сітуацыю з пазіцыі сённяшняга дня, пытанне працэдуры і празрыстасці падліку галасоў неабходна было разгледзець асобна на пасяджэнні аргкамітэта», — прызнаў міністр.

Латушка мог аказацца выпадковай ахвярай аферы, у якой ён быў усяго толькі вясельным маршалкам.
Для таго каб падобная сітуацыя ў будучыні не паўтарылася,
Павел Латушка прапанаваў выразна прапісваць прававую працэдуру падліку і кантролю за галасаваннем. У склад падліковай камісіі па падліку галасоў тэлегледачоў у абавязковым парадку ўключаць па адным прадстаўніку ад кожнага фіналіста конкурсу.
Неабходна таксама забяспечыць дэманстрацыю галасавання ў жывым эфіры.
«Зыходзячы з інфармацыі аб рэальных выніках галасавання тэлегледачоў, і для аднаўлення справядлівасці неабходна вызначыць пераможцам у нацыянальным адборы групу Litesound і забяспечыць яе ўдзел у «Еўрабачанні», — адзначыў міністр культуры.
Затым аб сітуацыі, якая склалася далажыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які ўзначаліў камісію па гэтым пытанні. «Камісія па ўсім ланцужку правяла праверку для аднаўлення сапраўднай карціны.
Устаноўлена, што вынікі галасавання журы сфальсіфікаваныя не былі Усе нашы апытанні паказалі, што ціску яны не адчувалі», —
паінфармаваў ён, адзначыўшы, што па выніках галасавання членаў журы на першым месцы была група Litesound, на другім — Алёна Ланская.

Пасля заканчэння працы журы на працягу 15 хвілін ішло галасаванне тэлегледачоў.

«Былі адказныя асобы, перш за ўсё работнікі Белтэлерадыёкампаніі, якія як сістэмныя адміністратары адказвалі за падлік галасоў і сядзелі за кампутарамі. Гэта было ў перасоўны тэлестанцыі. Там прысутнічалі 7 чалавек. Ход галасавання абмяркоўваўся, быў адкрыты. Таму ўсе бачылі (і гэта пацвярджаюць прысутныя) , што па званках тэлегледачоў і СМС група Litesound прыкладна на 2 тыс абыходзіла Алену Ланская, -. расказаў Аляксандр Радзькоў. — Калі пасля падвядзення вынікаў у гэтую станцыю прыйшоў прадзюсар Дзмітрый Баранаў, яму далажылі сапраўдную карціну. Ён загадаў [sic!], каб далі вынікі, у адпаведнасці з якімі пераможцам была б Алёна Ланская.
Гэтыя вынікі былі перададзеныя ў падліковую камісію і прасумаваныя».

Аляксандр Радзькоў далей растлумачыў, што ў Алены Ланской і ў гуртe Litesound аказалася аднолькавая колькасць балаў, а па ўмовах конкурсу ў гэтай сітуацыі перавага аддаецца таму, хто атрымаў больш галасоў тэлегледачоў.

Ён таксама распавёў, што

работнікі, якія знаходзіліся ў перасоўнай тэлестанцыі, захавалі на флэш-карце сапраўдныя дадзеныя.
«Мы праверылі праз сервер «Белтэлекам». Яны ў дакладнасці супадаюць з тым, што было на флешцы. Гэта значыць, сапраўдная карціна ў нас ёсць. Па гэтых выніках перамагла група Litesound з розніцай амаль у 2 тыс. галасоў. Мы доказна і дакументальна ўстанавілі, што вынікі галасавання тэлегледачоў былі сфальсіфікаваныя», — канстатаваў Аляксандр Радзькоў.

Прыходзіць у галаву, што, калі б захоўваліся бюлетэні прэзідэнцкіх выбараў, можна было б лёгка праверыць лічбы, якія агучваюцца выбарчымі камісіямі.

Акрамя таго, быў правераны фінансавы бок правядзення фіналу «Еўрафэсту». «Мы падымалі гэтыя фінансавыя пытанні і звярталі ўвагу на недапушчальнасць такіх выдаткаў», — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Больш падрабязна па гэтым пытанні далажыла намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Алена Гулевіч.

«Крыніцамі аплаты былі пазабюджэтныя сродкі Белтэлерадыёкампаніі, сродкі рэспубліканскага бюджэту і не менш за 50% — удзел спонсара ААТ «Амкадор», —
сказала яна. Пры гэтым ужо выдаткаваная значная частка з тых сродкаў, якія меркавалася накіраваць на творчую дзейнасць да канца года.
„З прыходам Алены Гулевіч у Белтэлерадыёкампанію ў нас стала з’яўляцца рэальная карціна фінансавага стану на тэлебачанні.
Сітуацыя з правядзеннем «Еўрафэсту» паказвае, што пакуль выразнага канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж кіраўніком і намесніцай, якая курыруе фінансы, няма, — паведаміў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. — Такая ж сітуацыя і па шэрагу іншых праектаў».

Гэта азначае, што на БТ вялася нейкая падвойная бухгалтэрыя, але якая і хто тое завёў і чаму вырашана ад яе адмовіцца?

«Мы не можам падмяняць дзейнасць кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі, але з нашага боку мы прызнаём, што варта было б дзейнічаць больш жорстка і больш актыўна», — сказаў Уладзімір Макей.

«Так, вы не павінны нікога падмяняць, — там ёсць кіраўнік. Але мы маем права іх змяняць», — адзначыў Лукашэнка.

Звяртаючыся да намесніка прэм’ер-міністра Анатолю Тозіка, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў:

«Калі ўжо быць адкрытымі, Анатоль Апанасавіч, гэта ваша пытанне — фінансавае. Адміністрацыя прэзідэнта адказвае за ідэалагічны складнік. А які ваш удзел у гэтым? Вы грошы там палічылі, пракантралявалі разам з профільным міністрам, ці хаця б наўпрост?»

«На жаль, не займаліся гэтым. Лічылі, што гэта не наша поле дзейнасці. Зробім высновы», — адказаў Анатоль Тозік.

«Грошы вы павінны лічыць. Бюджэт ва ўрадзе, а не ў Адміністрацыі», — заўважыў Лукашэнка.

«Запрасілі вялікіх зорак, заплацілі ім немалыя грошы.

Калі мы такія бедныя, дык давайце мы гэтыя грошы ўкладзем у сваіх. Няхай нашы выйдуць і праспяваюць. Тая ж Афанасьева, Саладуха, Дарафеева.
Вось пра што пытанне сёння», — Лукашэнка сказаў тое, што павінна спадабацца мінскай поп-тусоўцы.
«Накіруйце па фінансавых пытаннях туды Камітэт дзяржкантролю, і хай мне наўпрост дакладваюць сумленна і аб’ектыўна,
што там адбываецца», — даручыў ён.

За няўменне арганізаваць элегантную перамогу Ланской БТ заплаціць нервамі праверкі Дзяржкантролю.

«Майце на ўвазе, я на гэтую тэму размаўляю ў апошні раз», — папярэдзіў Лукашэнка. — 

Я вас туды накіраваў [Генадзя Давыдзьку], урэшце, як свайго чалавека, які павінен навесці там парадак.
Але размахваць шашкай, асабліва ў фінансавых пытаннях, гэта нават небяспечна. Прымусьце кожнага прыносіць у скарбонку, а не забіраць з гэтай скарбонкі».

«Гэта павінна быць навука не толькі Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрству культуры, — дадаў Лукашэнка. — У бюджэт гэтыя грошы хтосьці прыносіць. Мы павінны лічыць кожную капейку. Усюды трэба лічыць грошы і падыходзіць разумна».

Генадзь Давыдзька прызнаўся, што вельмі цяжка ўспрымае тое, што адбылося: «Хацелася свята, зрабіць усё сумленна. Значыць, я дзесьці нешта не прадугледзеў. Што тычыцца фінансавай сітуацыі, таксама прымаю». Ён запэўніў, што група Litesound будзе падрыхтавана і годна выступіць на «Еўрабачанні» ў Баку.

Генадзь Давыдзька таксама паабяцаў зменшыць амбітнасць планаў Белтэлерадыёкампаніі і аптымальна расходаваць сродкі.

Лукашэнка таксама адзначыў: «Заахвочванне ўдзельніка «Еўрабачання» залежыць ад таго, як ён там выступіць, якое зойме месца. Дакладна так, як у спорце. Вынік на стол — атрымлівай і матэрыяльнае, і маральнае ўзнагароджанне, як гэта было з Вікторыяй Азаранка, Дар’яй Домрачавай, Кацярынай Карстэн і многімі іншымі». Можна падумаць, што Азаранка, маючы мільёны даляраў ганарараў і жывучы ў Монтэ-Карла, мае патрэбу ў матэрыяльным і маральным узнагароджванні ад намеснікаў па ідэалогіі.

СМ; цыт. БелТА

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Кнехт / Адказаць
25.02.2012 / 14:58
Вы стварылі патавую сітуацыю, якая характарызуе ўсіх трох непрыстойна», — звярнуўся Лукашэнка да Шакуціна, Давыдзькі і Латушкі. ==================== Карацей кажучы, не зрабілі ўсё "шыта-крыта", выклікалі ўзрушэнне сярод "простага люду" - нават не апазіцыі. Вось што бывае, калі фальсіфікаваць бяруцца людзі без вопыту! Ці не пагэтаму ў выбарчыя камісіі не дапускаюцца "пастароннія" - людзі "без вопыту"? Ці не пагэтаму "вопытнай" Ярмошынай няма замены?
0
аграгарадок "Чырвоны Лапаць" / Адказаць
25.02.2012 / 15:07
"Можна падумаь, што Азаранка, маючы мільёны даляраў ганарараў і жывучы ў Монтэ-Карла, мае патрэбу ў матэрыяльным і маральным узнагароджванні ад намеснікаў па ідэалогіі." _______________ Добра сказана! Але трэба дадаць. Можна падумаць, што Азаранка праз свае мільёны мае хоць бы якое-небудзь дачыненьне да Беларусі, акрамя факту сваіх народзінаў тутака. Усё астатнее зроблена і зароблена насуперак раздзіме Лукарусь. Але ж карціць нешта плюхнуць у эфір, як карова на дол...
0
Алесь Шкловіч / Адказаць
25.02.2012 / 15:13
Кнехт Але ж пасьля падлікаў Ярмошкінай узрушаньне было куды як шырэйшым і мацнейшым, чым у гэтым выпадку. Ад таго ўзрушаньня лукашка дасюль ня можа прыйсьці ў сябе. Таму і трымае за кратамі тых, каго найбольш баіцца. А тут, таксама абас*аўшыся, прыпісаў лайно гэтай троіцы. Няхай нюхаюць і выграбаюць. Але ж такая ў іх цяжкая праца: наняліся да гаранта - будзеце гарантавана нюхаць усё, што дастанецца з-пад яго...
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру