Былая каханка забойцы амэрыканскага прэзыдэнта, не старая яшчэ жанчына, ужо пяць год як жыве ў бруднай дзірцы Афакім ды працуе на лініі ўпакоўкі таматнага соку. Пасьля вячэрняй зьмены вяртаецца ў прасторную дзвюхпакаёўку і, зьняўшы сланцы ў вітальні, босымі нагамі ступае на тонкі слой пяску, які за дзень нанёс нечаканы гарачы вецер з пустэльні. Улетку шыбы на вокнах — чыстая недарэчнасьць, але ж, бачыш, здараюцца неспадзёўкі. На ступаку костачка ля адзінца вытыркаецца шостым пальцам.

Засынае перад брунатным экранам з пультам у руцэ, так і не пасьпеўшы падключыць расейскія тытры. На экране, узброены, шчыруе містэр Дабро. Ён аўтаматычна залічвае да бэд гайз усіх істотаў, што трапляюцца па дарозе. Памылка выключаная, бо спатканцы і сустрэчнікі — брыдкія прыхадні, якія маюць зялёныя тулавы і шэсьць пальцаў на нагах. З ваннага пакою ў варыўню цягнецца ланцуг сьлядоў самотнага прыхадня.

На раніцу жанчына не ідзе на работу, а завітвае ў паліклініку. Сьмелы ход для таго, хто працуе за пагадзінную аплату. Грошы, якіх на ўсё, дзякуй богу, хапае, а больш ні на што не стае.

Найлітасьцівейшая доктар Шапіра ўжо даўно не выпісвае лекаў. О, дабраславёная эміграцыя, у якой хворы выздараўлівае, а здаровы здаравее! Доктар добра абазнаная, што хворым не патрэбны лекі, бо іх адзіная хвароба — гэта невылечная прага сьвятаў. Заснуўшы ў аўтобусе па дарозе на працу, гэтыя людзі сьняць, як яны едуць у аўтобусе на працу, а там і паведамляюць: «Аўтобус далей не ідзе. Калі ласка, вяртайцеся дадому — вашу фабрыку сёньня ноччу ўзарвалі эскімоскія сэпаратысты».

Адзінае лякарства, якое прапануе найлітайсьцівейшая доктар Шапіра — гэта бальнічны ліст. Таму нічога дзіўнага ў дыялёзе жанчыны з доктарам няма.

— Доктар Шапіра! Дзень добры!

— Два дні.

— Не, доктар, вы не разумееце...

— Чатыры.

— Я сапраўды хворая.

— Пяць. Больш даць не змагу. Прыходзьце, калі яны скончацца — паспрабую нешта для вас зрабіць.

Пустыя вачніцы доктара Шапіры ў аздобе бранябойных акуляраў скіраваныя ў акно, тым часам як рука звыкла бегае па мэдычным блянку. Вачніцы заўсёды невідушча лашчуць бэз, які буяе на другім баку невялічкага пляцу.

На бяду просьбітаў — а часам на іх шчасьце — дух доктара Шапіры лунае на недасяжных піках цьвярозых рашэньняў. Тут, на зямлі, адно яе абалонка. Таму фразы «Выпішыце мне анальгіну», «Які ж вы да халеры доктар, доктар Шапіра?» заўсёды захрасаюць у бахматых, па-ранейшаму чорных брывах доктара Шапіра ды не трапляюць у сьвядомасьць. Аднак жанчына — жанчына дабітная, мянчучка, вы ж знаеце менчукоў, яна цудоўна ведае што і як сказаць, каб спусьціць доктара на альпійскія лугі ўвагі, або нават на раўніну спагады.

— Разумееце, доктар, рэч у тым, што я лятаю.

Сын жыве асобна, займаецца творчасьцю і самакалупаньнямі. Самакалупаньні спрыяюць творчасьці. Яны размаўляюць толькі па тэлефоне. Яго цікавяць калярытныя людзі, незвычайныя падзеі, непадумныя супадзеньні і гульня словаў. Укладае песенькі, занатоўвае розныя нестандартныя гісторыі. Усё гэта ён захоўвае ў файле skarbonka.doc.

— Разумееце, ні ў сьне, ці там трызьню, ці якая псыхалягічная мэтафара палёту, а напраўду: калі вецер у твар, агні партызанскімі вогнішчамі, зямля падручнікам геамэтрыі. Разумееце, лятаю. На-сам-рэч.

Гісторыя з сыноўняга файлу. «Інтэлігентная жанчына, былая дацэнтка з Кіева, робіць прыбіральшчыцай у гандлёвым цэнтры. Па просьбе свайго сына сыходзіць раней з працы і едзе ў Тэль-Авіўскі ўнівэрсытэт, каб дапамагчы яму здаць пісьмовы іспыт па фізыцы. Схема простая: атрымаўшы заданьне, хлопец просіцца ў прыбіральню. Прасоўвае аркуш з заданьнем па падлозе ў сумежную кабінку, дзе павінна знаходзіцца маці. Ля ўваходу ў прыбіральню стаіць правяраючы, таму былая дацэнтка мусіць загадзя зашыцца ў кабінцы і сядзець там невылазна ўсе тры гадзіны, адведзеныя на іспыт. За сорак хвілінаў да заканчэньня экзамэну хлопец паўторна просіцца нібы справіць пільніцу ды ізноў заходзіць у тую ж кабінку, куды маці перадае яму ўжо гатовае рашэньне. Хлопец вяртаецца ў аўдыторыю і перапісвае рашэньне на чыставік.

Гэта ў ідэале, але фактычна адбываецца наступнае. Атрымаўшы ад сына заданьне іспыту і сеўшы на вечка ўнітаза, былая дацэнтка з жахам заўважае, што асадка ня піша. З уласнага досьведу яна ведае, што ў туалеце мусіць вісець журнал дзяжурстваў, дзе павінны расьпісвацца прыбіральшчыцы. Запэўніўшыся, што ля рукамыйніц нікога няма, былая дацэнтка, азіраючыся, як драпежны зьвярок, выбягае з кабінкі і пачынае похапкава шукаць той журнал з асадкай. Не знайшоўшы яго (знакам тым, журнал у жаночай), яна мусіць хутка вярнуцца ў кабінку: нехта тузае дзьвярную клямку.

Зьняможаная доўгім і бясплённым сядзеньнем у кабінцы, былая дацэнтка рашаецца на адчайны ход. Зноўку выскоквае з кабінкі, адчыняе напоўніцу вакно, потым спружыністым крокам выходзіць зь дзьвярэй мужчынскай прыбіральні на калідор і, прамармытаўшы «вой, пераблытала», пад канвоем зьдзіўленага позірку правяраючага шмыгае ў дзьверы жаночай прыбіральні, што знаходзіцца побач. Моцным рыўком адарваўшы асадку, якая вісела на шпагаце побач з прыбіральшчыцкім журналам, былая дацэнтка тут таксама адчыняе вакно і, зухавата скокнуўшы на батарэю, выходзіць у праём, дзе апынаецца на вонкавым падваконьні. Высока. Паміж ваконнымі праёмамі жаночай і мужчынскай прыбіральні больш за паўмэтры голай сьценкі, таму ёй трэба сьпярша паставіць на падваконьне мужчынскай прыбіральні нагу, а потым, чапляючыся рукамі за вуглы праёмаў, перанесьці на яго ўсё цела.

Былой дацэнтцы прыходзіць на розум, што яна ўжо не маладое дзяўчо. Гэтая думка наведвае дацэнтку якраз тады, калі яна ставіць нагу на вонкавае падваконьне мужчынскай прыбіральні. Думка нагэтулькі нечаканая, што імгненна пацяжэлае, сшэрхлае цела катэгарычна адмаўляецца пераносіцца, ствараючы клясычны прыклад сытуацыі «ні туды, ні сюды». Рукі інстынктыўна чапляюцца за вуглы праёмаў. Далей на далей, укрыжаваная ў форме літары «Х» на сьцяне паміж вокнамі, былая дацэнтка краем вока бачыць, як у кабінку мужчынскай прыбіральні заходзіць сын. Рызыкуючы бразнуцца з трэцяга паверху, яна паволі аднімае адну руку і, намацаўшы ў кішэні цыліндрык губной памады і кавалак паперы, асьцярожна дастае іх. Пасьля выхоплівае іртом каўпачок і пачынае пісаць памадай на кавалку паперы, прыціскаючы яго да сьцяны носам. Пасьля гэтага камечыць паперчыну і прымудраецца шпурнуць яе праз загадзя адчыненае вакно мужчынскай прыбіральні. Ня толькі шпурнуць праз вакно, але і пацэліць ў зазор пад дзьвярыма кабінкі, дзе чакае гатовага рашэньня сын.

За дваццаць хвілінаў да заканчэньня іспыту хлопец з папяровым камяком у кішэні заходзіць у аўдыторыю. Асьцярожна, каб ніхто ня зьмеціў, разгортвае матчын аркуш пад партаю. На аркушы размашыста накрэмзана нязграбнымі чырвонымі літарамі:

«ТРЫМАЙСЯ, СЫНОК, МАМА З ТАБОЙ».

— Такой бяды! Паляталі-палуналі над вулкамі і ціхенька вярнуліся ў родную дзвюхпакаёвачку.

— Вось тут і праблема, доктар. Не лятаецца мне над Афакімам. Ведаеце, толькі выпырхну ў вакно — адразу нясе ў Тэль-Авіў. Цэлую ноч над ім кружляю, а потым яшчэ палёт назад. Надта ўжо ўтомна. Зьнябудуся за ноч, а нараніцу ізноў на працу — а гэта мне цяжка. Памажыце, доктар.

Прыкладам, ён дурэе ад Афакіму. Нью-мястэчка спасярод пустэльні: згубленыя паміж выдмамі цыстэрны з таматным сокам, кампульсіўная настальгія па сьвініне. Вось словы з укладзенага ім «Імігрант-п’ян-блюзу»:

A-fuck-фак-факім — Файны горад для алім.

«Алім» — гэта па-габрэйску «імігранты».

— А там вы ляталі?

Для доктара Шапіра гэтае слова даўно страціла сваю актуальную таямнічасьць. І для яе яно, хутчэй, прафэсійная прылада ўвайсьці ў сутонлівы лес вобразаў сваіх пацыентаў. Слова-ключ для пасьпяховай працы. Яна, са стажам не адну сотню год і з досьведам працы не з адной тысячай эмігрантаў, ня памятае, адкуль паходзіць сама і дзе яе там, мо Заходняя Ўкраіна, а мо...

    Мо Заходняя Ўкраіна,

    А мо Паўднёвая Караліна.

(музыка і словы сына.)

— Адзін раз, доктар. Над Менскам, зімой 1964. Па радыё ўжо абвесьцілі, што гэта Гарві забіў Кенэдзі. А мне, ведаеце, так стала жудка на душы, іду па вуліцы, а нешта такое віруе ў жываце, і тут як нейкі стрыжань падымае ў паветра. Ачомалася, гляджу — Менск пада мною, а я адляцелася на самы пачатак Горкага. Потым па над таполямі кірую ў бок сквэру. І далей: па-над Опэрным, Дом тэлебачаньня, па-над Круглай, па Варвашэні, уздоўж Якуба Коласа, ля ЦУМу, рэспубліканская больніца, парк Чалюскінцаў. Тут расьцяроб якісь пачаўся — кідае туд-сюд: то на Чкалава, то на Лодачную, то на Чыгуначную, вядома — вакзал, потым — Маскоўская, Магілёўская, Асаналіева... Не, Асаналіева тады яшчэ не было, былі — Жылуновіча, Брылеўская, туды мяне і запраторыла, Кузьмы Чорнага, Ерусалімская....

— Усё, што я магу для вас зрабіць, — гэта павысіць дозу адпачынку. Дарэчы, Ерусалімскай тады яшчэ таксама не было...

— Дзякуй, доктар. Сапраўды не было. А адкуль вы... Вы мянчучка, доктар Шапіра?

— Хутчэй за ўсё не. Сама ня ведаю, адкуль ведаю... Стоп, пачакайце, пачакайце. Я толькі не зразумела, чаго вы не жадаеце: не лятаць або не працаваць?

— Чаго я сама не жадаю?

— Так. Гэта важна. Паслухайце, я даю вам два тыдні адпачыць: пабудзеце дома, узважыце ўсё пры вольнай часіне, — кажа ды піша бальнічны на два тыдні аплачанага сацыяльным страхаваньнем адпачынку. — Падумайце і прыходзьце ўжо з адказам.

На бальнічным жанчына едзе ў Тэль-Авіў. На кічліва намаляваным рэклямным плякаце чацьвёрка «Бітлз» п’е колу з саломінак і есьць шаўрму — гэта Тэль-Авіў, мо першы яе наземны візыт.

Менская каханьне Гарві Лі Освальда заходзіць атрымаць грашовую дапамогу як новая рэпатрыянтка ад ізраільска-амэрыканскага дабрачыннага таварыства імя Дж. Ф. Кенэдзі. У фае выстаўленыя раньнія здымкі Мэрылін Манро. Каханыя жанчыны прэзыдэнта і яго забойцы сустракаюцца. У Мэрылін твар ушпіляны вясьнянкамі.

    Мэрылін па-ранейшаму маладая,

    Мама па-ранейшаму жывая.

Гэтыя радкі прыдумаў ня сын. Гэтыя радкі прыдумала сама жанчына, ведаеце, неяк вырвалася, а што вы думаеце — таксама здольнасьці ёсьць, творчыя таленты. Яна ж яго і нарадзіла. Ад яе сыночак і ўспадкаваў. Як ён кажа: «Мы ж сваякі, мама».

«Як табе наша блізкаўсходняя філія Нью-Ёрку, мама? Чаму не зайшла ў госьці, калі была ў Тэль-Авіве, мама?»

У вечар перад візытам у паліклініку жанчына ўжо ведае адказ. Займае гарызантальнае становішча, каб, адпачыўшы пару-тройку гадзінаў, яе цела ўзьнялася зь нерасьцеленага ложка, вымкнула ў вакно і пакінула сьпесчаную правінцыю.

Па Сокалава, па Караля Георга V, па-над рогам Кацнэльсана і Генэрала Аленбі, па Жабатынскага, уздоўж Ротшыльда і Бэн-Егуды, па Арлозараву ў бок плошчы Іцхака Рабіна (былая Ўсіх Цароў), жылыя дахі раёну Флёрэнтын, стары аўтобусны вакзал, паміж хмарачосамі «Азрыелі», рынак, Ерусалімская...

І далей, далей: праспэкт Джона Кенэдзі, бульвар Мэрылін Манро.

Доктару Шапіры

Паліклініка г. Афакім

Просьба.

Шалом, доктар! Хачу не працаваць і па магчымасьці не лятаць.

З павагаю,

Імя.

Подпіс. Дата.

Стаіць на парозе сыноўняй кватэры. Трымае ў руках далікатную валізку.

— Вось толькі што тэлефанавалі з сацыяльнага страхаваньня. Інваліднасьць даюць. Прыязны такі малады чалавек. Сказаў, што пэнсію ўжо аформілі. Ня буду больш працаваць, і ёсьць надзея, што праз пэўны тэрмін скончацца палёты.

— Якія палёты?

— Ня важна, сынок.

— І што ты будзеш рабіць?

Кажа, а глядзіць у сьценку.

— Перабяруся ў Тэль-Авіў. Да цябе, калі пусьціш. Будзем хадзіць на мора, есьці кавун. Захварэла я, сынку. Нават найлітасьцівейшая доктар Шапіра, па-мойму, ня ведае, што са мной. А ў яе, дай ты мне веры, багаты досьвед у лекаваньні хваробаў.

Нарэшце, гэты позірк. Як прахапіўся пасьля душнага сну. Спыняе самакалупаньні, рухаецца разьняволена. Вочы дыхаюць, рукі — машыны для абдымкаў, галава генэруе правільнае пытаньне, слушнае пытаньне — як мае быць:

— Мама, ты памрэш?

Сыны! Гэтак, гэтак размаўляйце з матулямі!

Вочы жанчыны пяшчоцяцца ў адказ. Расьцякаецца струменямі сьмех. Сьмяшлівыя вочы ў абсадзе зморшчынак — згустак спрадвечнай матчынай перавагі.

— Толькі калі сутыкнуся са Спайдэрмэнам, сынок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0