Тэлеканал «Беларусь-1» (ён жа — Першы канал, ён жа — БТ) славіцца не толькі штотыднёвымі журналісцкімі «расследаваннямі», прысвечанымі дзейнасці грамадзянскай супольнасці. Вымова старшыню Белтэлерадыёкампаніі Генадзю Давыдзьку за сфальсіфікаваныя вынікі конкурса «Еўрафэст» - гэта далёка не першая скандальная гісторыя, звязаная з «першай кнопкай» краіны.

«Наша Ніва» ўзгадала самыя гучныя скандалы апошняга часу, у якіх было замяшана БТ.

1. Турэмны тэрмін Ягор Рыбакова

11 лютага 2005 года Вярхоўны суд Беларусі вынес жорсткі прысуд былому старшыню Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову — 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыма з канфіскацыяй маёмасці.

Спіс «заслугаў» тэлевізіёншчыка ўнушальны — атрыманне хабару, адмыванне матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых незаконным шляхам, і выкарыстанне службовага становішча.

Выхадзец з Навасібірска, які атрымаў у Магілёве адукацыю настаўніка беларускай мовы і літаратуры, мусіў кампенсаваць дзяржаве 212 мільёнаў рублёў, а таксама пошліну ў памеры 21 мільёна рублёў. Па тагачасным курсе гэта складала больш за $100 тысяч.

Аднак адсядзеў Рыбакоў не увесь тэрмін. Роўна праз пяць гадоў, у

 лютым 2010 года ён апынуўся на свабодзе, прычым яго вызвалілі ўмоўна-датэрмінова.
Як высветлілася, хадайніцтва аб гэтым напісаў тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі.

2. Вымова Давыдзьку і немэтавае выдаткоўванне грошай

Гісторыя з пераглядам вынікаў «Еўрабачання» адметная не толькі тым, што кіраўнік краіны ўласнаручна стаў вызначаць пераможцу конкурса. Многія звярнулі ўвагу на гнеўную заяву Лукашэнкі пра «мільярды рублёў, выдаткаваныя незразумела на што». Паводле інфармацыі naviny.by,

гаворка вялася пра набытую за 1,5 мільярда рублёў мультымедыйную платформу, якая дазваляе ствараць мастацкія інсталяцыі ў 3D.
Прычым новая тэхніка так і не была выкарыстаная падчас здымкаў «Еўрафэсту». І пры гэтым, па словах Лукашэнкі, «журналісты скардзяцца — зарплату не плаціце, як паложана».

Як пры гэтым не ўзгадаць гісторыю з домам для супрацоўнікаў БТ у Мінску па $550 за квадратны метр?

Белтэлерадыёкампанія затрымлівала яго ўзвядзенне, дольшчыкі нават пагаворвалі пра замарожванне аб'екта.
У выніку будоўлю давялося перадаць дзяржаўным упраўленням капітальнага будаўніцтва.

3. Першы скандал з «Еўрафэстам»

Спецыялісты аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі прыйшлі на БТ ў маі 2009 года нібыта па скарзе ўдзельніка «Еўрабачання» Пятра Ялфімава. Яны правяралі, наколькі мэтазгодна выдаткоўваліся грошы падчас падрыхтоўкі да музычнага конкурса.

Спявак заявіў, што хацеў бы спытаць у Аляксандра Лукашэнкі: «Дзе грошы?»

Турэмнымі тэрмінамі справа не скончылася, але БТ у цэлым і Аляксандра Ціхановіча ў прыватнасці адхілілі ад правядзення адбору на «Еўрабачанне». Гэтае права было перададзена АНТ, праўда, неўзабаве «Еўрафэст» зноў вярнуўся на Першы канал.

4. Краіна без футбола

У 2002 годзе беларускія заўзятары ледзь не засталіся без галоўнай футбольнай падзеі чатырохгоддзя — чэмпіянату свету ў Японіі і Паўднёвай Карэі. Усе папярэднія спаборніцтва такога кшталту на тэрыторыі Беларусі паказвалі расійскія каналы, таму БТ і не закупляла права на паказ. Але менавіта ў 2002 годзе сітуацыя змянілася. Расійцы загадзя папярэдзілі беларусаў, што трансляваць футбол на тэрыторыі нашай краіны не змогуць па патрабаванні праваўладальніка.

БТ не паверыла: як можна будзе адключыць трансляцыю ў Беларусі, не адключыўшы заадно Смаленскую і Бранскую вобласці?
Але расійцы змаглі. Карцінка ў нашай краіне не з’явілася.
Матч-адкрыццё Францыя-Сенегал БТ паказвала, скраўшы карцінку ў «НТВ-Плюс» і замазаўшы лагатып канала.
Пасля таго, як НТВ выказала прэтэнзіі і пачало пагражаць судом, трансляцыі спынілася цалкам. Дарэчы, у такой самай сітуацыі - без футбола - былі яшчэ некалькі краінаў былога СССР, а таксама экзатычныя Вануату, Науру і Філіпіны.
Заўзятары правялі папераджальны мітынг пратэсту на плошчы Якуба Коласа ў Мінску, і праз некалькі дзён БТ знайшло-такі грошы, каб выкупіць правы на трансляцыю.
Цікава, што адным з патрабаванняў нямецкай KirchMedia было каментаванне гульняў па-беларуску.

5. Пірацкі канал

Яшчэ адна «пірацкая» гісторыя адбылася роўна год таму, у канцы лютага 2011 года. Першы канал вырашыў зрабіць падарунак сваім гледачам. Перад трансляцыяй цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар» тэлевізіёншчыкі ўключылі фільм-пераможцу папярэдняга года, «Валадар буры». Аднак

праз адсутнасць ліцэнзійнай стужкі давялося паказваць пірацкую копію з торэнтаў.
«У самы разгар ўсяго гэтага дзейства цішыню парушае прыемны цёплы жаночы голас… Вы не паверыце, з якой фразай… — «Рэліз падрыхтаваны спецыяльна для interfilm.ru» — смяяліся блогеры-гледачы ў інтэрнэце.

Разбіральніцтва наконт парушэння аўтарскіх правоў не было праведзенае, толькі канкурэнты з АНТ у сваіх гумарыстычных перадачах пакпілі з Першага канала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?