для беларускага сэрца застаецца.

«Прывязі балалайку»

Масква перастала ўспрымацца беларусамі як своеасаблівы цэнтар сусьвету. Для маладых беларусаў паездка ў Маскву цяпер хутчэй мяжуе зь нейкім экстрымам. Усё меней перад Масквой павагі і страху, а ўсё болей сьцёбу і насьмешак. Амаль кожны, хто ведаў, што я зьбіраюся на чатыры дні ў расейскую сталіцу, прасіў прывесьці балалайку ці фафудзьдзю альбо сфатаграфаваць мядзьведзя на Краснай плошчы. Сапраўды, мы жывем сваімі стэрэатыпамі пра Маскву. Не заўсёды адпаведнымі і слушнымі. Цяжка сказаць адназначна, хто ў гэтым вінаваты: мы ці расейцы. Аднак факт застаецца фактам.

Па расейскім тэлебачаньні пасьля газавага скандалу амаль перасталі паказваць Лукашэнку. Тыя ж расейцы, што яшчэ зусім нядаўна ляпалі сябе ў грудзі і прызнаваліся ў любові да беларускага лідэра, крыху паспакайнелі ў сваіх ацэнках і пазыцыях. Ня здраджваюць беларускаму ідэалу толькі левыя шавіністы, якія распачалі праект «Лукашэнка — прэзыдэнт Расеі‑2008». У мэтро ўжо пасьпелі зьявіцца такія налепкі. Увогуле, беларуская тэма робіцца непапулярнай у Расеі. Цяпер на ёй цяжка зарабіць нейкія палітычныя пункты.

На вокладцы каталёгу «Товары и цены Москвы», што ляжыць у гатэлі «Измайлово», зьмешчана рэкляма берасьцейскай фірмы «Санта‑Брэмар». Беларускія тавары ў Маскве пакуль ня рэдкасьць. Але асабліва патрыятызм адчуваецца, калі бачыш на маскоўскай вуліцы трактар «Беларус», што расчышчае дарогі ад сьнегу.

Павал Шарамет: «Лукашэнка пачне размаўляць па‑беларуску»

Варта было бачыць, як тэлежурналіст Павал Шарамет рэагаваў на словы старшыні БАЖ Жанны Літвіной і галоўнага рэдактара «Белорусов и рынка» Вячаслава Хадасоўскага, што расейская журналістыка яшчэ не пазбавілася да канца імпэрскіх комплексаў і стэрэатыпаў. Здавалася, што Шарамета нібыта нехта ўвесь час торгае.

Вось што сказаў сам Павал наконт беларускай сытуацыі: «Пакуль у Беларусі існуе рэжым, мы можам усе працаваць разам. І нацыяналісты, і імпэрыялісты, і расейскамоўныя, і беларускамоўныя, і тыя, хто жыве ў Маскве, і тыя, хто жыве ў Варшаве. У нас ёсьць вышэйшая планка, якая дае нам магчымасьць аб’яднацца і не дазваляе падонкам і нягоднікам выкарыстоўваць нас у сваіх мэтах. Гэта планка свабоды і дэмакратыі. Якая розьніца, з кім Лукашэнка сёньня вядзе перамовы, — з Масквой ці Брусэлем? Якая розьніца, на якой мове гаворыць Лукашэнка, — на беларускай ці расейскай? Хутчэй за ўсё, заўтра ён загаворыць па‑беларуску, і вельмі многім у такім выпадку давядзецца рабіць сур’ёзны выбар. Бо яны будуць бачыць неадпаведнасьць таго, што гаворыць Лукашэнка, з тым, што ён робіць.

Мы можам не падабацца адно аднаму, але дзеля адзінай мэты мы мусім быць цяпер разам. Гэта як было падчас вайны, Чэрчыль ненавідзеў Сталіна, Сталін — Рузвэльта і г.д. Аднак яны былі разам, каб перамагчы фашызм.

Вельмі добра, што прачнуліся палякі, бо даўно ўжо трэ’ было. Добра, што палякі дапамагаюць Беларусі змагацца за свабоду. Добра, што Лукашэнка пасварыўся з Пуціным, бо, магчыма, Масква таксама прачнецца. Усім патрэбна, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай і прагназаваным партнэрам. Нам патрэбна, каб там не забівалі людзей, і ўсім патрэбныя зразумелыя правілы гульні.

Сайт «Беларускі партызан» ніхто не фінансуе. Гэта ніякі не праект Крамля. «Партызан» узьнік з размовы некалькіх журналістаў. Людзі на гэты праект працуюць абсалютна дарма. Чаму матэрыялаў на расейскую тэматыку там болей, чым на польскую? Бо маскоўскі карэспандэнт працуе лепш і больш інтэнсіўна, чым варшаўскі.

Хваліце Мілінкевіча, калі вам ён падабаецца, але рабіце гэта за канкрэтныя справы, а не авансам».

Характэрна, што словы «незалежнасьць», «мова» ці «імпэрыя» Шарамет прамаўляў падкрэсьлена па‑беларуску. Адразу падумалася, што нешта падобнае робіць Лукашэнка, калі прамаўляе пра беларускую апазыцыю.

Яшчэ прыгадаліся публікацыі на «Белорусском партизане» і «Нашем мнении» гадовай, і двухгадовай, і трохгадовай даўніны, аўтары якіх прадказвалі, што «заўтра Лукашэнка загаворыць па‑беларуску».

Натальля Грыб: «Няма рубля — няма газу»

Журналістка «Коммерсанта», беларуска Натальля Грыб ня першы год спэцыялізуецца ў асьвятленьні энэргетычных пытаньняў. Яна і пракамэнтавала нядаўні беларуска‑расейскі паліўны канфлікт. Пры гэтым яна адразу папярэдзіла, што робіць гэта ня як беларуска, а выключна як журналістка расейскага выданьня.

«Наколькі я ведаю, з расейскага боку не было ніколі канкрэтных рэкамэндацыяў пачаць газавую вайну зь Беларусьсю. Было вырашана перавесьці Беларусь на рынкавыя цэны, пры гэтым не рабіць ніякіх палітычных заяваў. Пасьля Новага году я размаўляла з прэс‑сакратаром «Газпрому» Сяргеем Купрыянавым. Пытаюся, чаго яго не відаць сёлета на экранах тэлебачаньня, як летась падчас украінскага газавага скандалу. Ён адказаў, што ва Ўкраіну ён болей неўязны.

Ёсьць пытаньне энэргетычнай бясьпекі кожнай краіны. Да Беларусі ў гэтым выпадку не было прыменена нешта звышнатуральнае. Газавы канфлікт — гэта не асабістае стаўленьне Масквы да Менску ці Пуціна да Лукашэнкі. Да гэтага часу абсалютна ўсе краіны, апроч Беларусі, перайшлі на рынкавыя цэны. Зь Беларусьсю гэтага не было, бо да апошняга афіцыйны Крэмль спадзяваўся, што Лукашэнка пойдзе на ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі. Калі стала зразумела, што гэтага ня будзе, то і прадаваць беларусам газ па ранейшых цэнах не было сэнсу. З камэрцыйнага меркаваньня кантракт, які заключыла Беларусь на пастаўку газу, вельмі добры. Заплаціць меншую цану было папросту немагчыма.

Калі б два гады назад Украіна і Беларусь аб’ядналі свае намаганьні ў перамовах з Расеяй, то кожная з краінаў магла б мець значна лепшыя ўмовы, чым маюць цяпер. Але беларусы чамусьці ніколі ня ўмелі сябраваць з украінцамі супраць Расеі. Увогуле новы патэнцыйны энэргетычны праект Беларусі, Украіны і Літвы вельмі «цікавы».

Расеі таксама патрэбны трубаправод, які будзе праходзіць па дне Балтыйскага мора, у абыход Беларусі і Польшчы, бо з гэтымі краінамі часам вельмі цяжка аб нечым дамовіцца».

Пасьля Калюмбіі і Філіпінаў

Генэральны сакратар Саюзу журналістаў РФ Ігар Якавенка досыць спакойна расказвае пра тое, што за апошнія дзесяць гадоў у Расеі было забіта больш за 200 журналістаў. Па гэтым паказчыку наша ўсходняя суседка саступае толькі Калюмбіі і Філіпінам. Расейскія журналісты разважаюць пра тое, у якой газэце прасьцей за ўсё замовіць артыкул, у якой цяжэй. Пра тое, што недзе зрабіць гэта немагчыма, гаворка, здаецца, увогуле не вядзецца. Разам з тым яны абураюцца з таго, што шоўмэн Малахаў становіцца самым папулярным журналістам Расеі. Яго яшчэ, праўда, апярэджвае Позьнер, але відавочна, што сваю пазыцыю ён хутка страціць. Расейцы пераконваюць, што іхняя журналістыка знаходзіцца ў крытычным стане.

Патрыярх расейскай журналістыкі Аляксей Сіманаў расказвае, як нядаўна арыштавалі маладую рэдактарку газэты адной маскоўскай акругі. «Яе, скажам умоўна, арыштавалі 15‑га чысла, але яшчэ 14‑га другая акружная газэта піша, што яна ўжо арыштаваная. Аказваецца, што гэта разборкі паміж дзьвюма варагуючымі кастамі. Гэтая дзяўчына апроч журналістыкі займаецца яшчэ і «незаконнымі падаткаабкладаньнямі», спаганяючы грошы з гандляроў на мясцовых кірмашах. Незразумела, ці мусім мы абараняць такую журналістку»?

Галава камісіі па правох чалавека пры прэзыдэнту Расеі Эла Панфілава ўвесь час нібыта спрабавала апраўдацца. Яна заявіла: «Мы працуем дзеля таго, каб дэмакратычная меншасьць магла даносіць свае погляды да Ўладзімера Пуціна». Панфілава казала, што камісія як мага рэагуе на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Пры гэтым зьніклага Віктара Ганчара яна называла Ганчарэнкам. Разам з тым спн.Панфілава прасіла прабачэньня ў беларускіх журналістаў за тое, што некаторыя іхныя расейскія калегі дазваляюць сабе рабіць некарэктныя выказваньні ў бок незалежнай дзяржавы. Успамінаўся прыклад нядаўняй праграмы Ўладзімера Салаўёва на тэлеканале НТВ.

«Салдаты» супраць «У жніўні 44‑га»

Пакуль у Беларусі спрачаюцца, ці варта віншаваць мужчын з гэтым днём, у Расеі 23 лютага адзначаецца як дзяржаўнае сьвята. А ў 21:00 па ўсёй Маскве пачаліся выбухі салютаў, якія доўжыліся з паўгадзіны. Народ патрабуе сьвята. Па тэлебачаньні цэлы дзень круцяць прапагандысцкія праграмы і канцэрты, якія мусяць уздымаць патрыятызм у расейцаў, а таксама цэлую плойму розных фільмаў на вайсковы тэмат. Ад сэрыялу «Салдаты» і ДМБ да фільму «Ў жніўні 44‑га».

Фільм «Салдаты» ўвогуле падаецца ідэальным агітацыйным манэўрам. Гледзячы на бравыя прыгоды герояў тэлесэрыялу, шмат у каго з маладых расейцаў узьнікне жаданьне паслужыць у войску. Меней будзе тых, хто косіць і пазьбягае позваў у ваенкамат. Праўда, ужо 24 лютага тэлеканал REN‑TV паказвае рэпартаж пра «дзедаўшчыну» і пазастатутныя адносіны ў расейскім войску. Глядзіш — і становіцца крыху ніякавата. Усё ж уявіць нешта падобнае ў Беларусі цяпер ужо цяжка.

Дзе‑нідзе ў прыбіральнях ці ў мэтро можна заўважыць налепкі з рэклямай інтэрнэт‑парталу, які абяцае расказаць усю праўду пра вайну ў Чачэніі. Аднак, відаць, зь імі змагаюцца так сама, як з налепкамі «За свабоду» ў Менску.

На маскоўскіх вуліцах усё ж ня ходзяць мядзьведзі, але ходзяць стылізаваныя Ленін і Мікалай ІІ. Едучы дадому, ты адчуваеш, што вяртаесься ў якую‑ніякую, але Эўропу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?