27.02.2012 / 10:16

Еўрасаюз шукае новыя спосабы ціску на Лукашэнку 25

Поўнамаштабная падтрымка Масквы робіць лукашэнкаўцаў няўразлівымі да абмежавальных захадаў ЕС.

Беларускае пытанне не значыцца ў парадку дня сённяшняга пасяджэння Рады міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў Бруселі.

Гэта вынік таго, што
еўрапейцы пакуль не вызначыліся, як далей уздзейнічаць на Лукашэнку.
Поўнамаштабная падтрымка Масквы, у тым ліку рэкордныя фінансавыя ўліванні, робяць лукашэнкаўцаў няўразлівымі да любых абмежавальных захадаў Еўрасаюза.
Кіраўнік Беларусі выклікае ў Еўропе агіду, але зрабіць з ім ЕС нічога не можа.
Таму вымушана выкарыстоўваецца тактыка чакання.

Мая Качыянчыч, прэс-сакратарка найвышэйшай прадстаўніцы ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, паведаміла агенцтву БелаПАН, што міністры ЕС «могуць закрануць гэтае пытанне».

Але ў дадзеным выпадку «могуць» не значыць «будуць».

Качыянчыч нагадала, што

ў студзені Рада міністраў ЕС прыняў рашэнне пашырыць крытэры вызначэння асоб, якія парушаюць правы чалавека і якія дзейнічаюць у падтрымку беларускага рэжыму. «Аднак спіс асоб і далейшыя меры ціску на беларускія ўлады ўсё яшчэ абмяркоўваюцца»,
 — дадала прэс-сакратарка.

За словам «абмяркоўваецца» хаваецца, напрыклад, спрэчка Нямеччыны, Польшчы і Швецыі са Славеніяй. Як піша брусэльская газета Euobserver.com, «лёс беларускіх палітзняволеных можа аказацца ахвярай дробных бізнэс-інтарэсаў».

Малая краіна Славенія на этапе папярэдніх перамоваў заблакавала ўнясенне ў чорны візавы спіс Еўрасаюза Юрыя Чыжа.
Багаты беларускі бізнэсовец Чыж набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. У Брусэлі яго лічаць адной з «кішэняў» кіраўніка Беларусі. Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індустрыяй, рэстаранамі, супермаркетамі, турызмам, лагістыкай і аперацыямі з нафтапрадуктамі. Шмат што з гэтага ў Беларусі магчыма толькі са згоды найвышэйшага кіраўніка.
Пазіцыю Славеніі, піша EUobserver, можна растлумачыць тым, што нядаўна славенская кампанія «Рыка» група выйграла тэндар на будаўніцтва ў Мінску пяцізоркавага гасцінічнага комплексу «Кемпінскі» ў супрацоўніцтве з «Трайплам».
Кошт узвядзення комплексу перавышае 100 млн еўра.

У той жа час еўрапейскія дыпламаты разглядалі магчымасць уключэння ў спіс яшчэ трох дзясяткаў лукашэнкаўцаў.

Тым часам афіцыйны Мінск у пытанні санкцый упершыню заручыўся падтрымкай Расіі на ўзроўні прэзідэнта.
24 лютага, напярэдадні дыскусіі ў Брусэлі, Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў выступілі з супольнай заявай.

«Дзейнічаючы ў духу агульнага падыходу, узгодненага паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй, а таксама з улікам неаднаразовых заяваў ЗША і Еўрапейскага саюза аб магчымасці прымянення эканамічных абмежаванняў у адносінах да Рэспублікі Беларусь, прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі пацвярджаюць недапушчальнасць выкарыстання мер эканамічнага ціску альбо прымусу ў міждзяржаўных адносінах», — гаварылася ў заяве.

За некалькі дзён да таго Лукашэнка папярэдзіў аб гатоўнасці жорсткага адказу на санкцыі ЕС.

«Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка, — заявіў ён 20 лютага. — Сёння спрабаваць нас дзесьці прыструніць, пакрыўдзіць, пакараць — бесперспектыўна.

Для нашай краіны, калі шчыра казаць, супрацоўніцтва з Расеяй, Кітаем, Індыяй, Цэнтральнай Азіяй больш чым дастаткова», — падкрэсліў Лукашэнка.

Еўрапейцам няма чаго адказаць на такія заявы. Еўрасаюз умее працаваць з краінамі, якія самі імкнуцца ў ЕС, але мае мала інструментаў уздзеяння на прынцыповых праціўнікаў Еўропы. У такіх абставінах

Еўрасаюз будзе схільны цярпліва падтрымліваць усё, што ўмацоўвае беларускую самастойнасць і незалежнасць ад Расіі, але без рэзкіх крокаў і вялікіх спадзяванняў.

* * *

Як стала вядома, у панядзелак Еўрасаюз дадаў у сімвалічны спіс неўязных яшчэ 21 лукашэнкаўца. Паводле інфармацыі агенцтва Франс Прэс, у гэты спіс увайшлі сілавікі і суддзі, адказныя за затрыманні і асуджэнне апанентаў.

Мікола Бугай; Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Димыч / Адказаць
27.02.2012 / 10:36
Я это давно говорил: все эти визовые ограничения что мертвому припарки. А не покупать бензин у Лукашенко у Европы слабо. А не покупать нефть, газ у России для Европы слабо.
0
А-а! / Адказаць
27.02.2012 / 10:36
Ну, калі "малая краіна Славенія на этапе папярэдніх перамоваў заблакавала ўнясенне ў чорны візавы спіс Еўрасаюза Юрыя Чыжа", то тады, канешне, "еўрапейцам няма чаго адказаць на такія заявы"...
0
контра / Адказаць
27.02.2012 / 11:22
Некий Димыч напоминает персонаж из фильма"Приключения Электроника"-Кукушкину.Та всё бегала и орала:я же говорила они все всё врут!я одна говорю правду!
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру