27 лютага пасля цяжкой і працяглай хваробы пайшоў з жыцця Валерый Булдык — кіна- і тэлеаператар, суаўтар шматлікіх тэлевізійных праграмаў і фільмаў.

Валерый Булдык нарадзіўся 8 лістапада 1946 г. У 1972 г. прыйшоў на Беларускае тэлебачанне, якому аддаў амаль усё жыццё. Тут адбыўся ягоны творчы ўзлёт, станаўленне як майстра — аператара дакументальных і мастацкіх праграмаў і фільмаў.

Творчаму почырку Валерыя Булдыка былі ўласцівыя асаблівыя даверлівасць і цеплыня атмасферы, у якой жылі ды дзеялі героі фільмаў. Праз ягоны добры і разумны позірк бачылі гэты свет мільёны і мільёны гледачоў у Беларусі ды далёка за яе межамі. Сярод найбольш знакамітых працаў В. Булдыка — мастацкія фільмы «Вінт» (1976), «Песня пра зубра» (1980), фільм-балет «Альпійская балада» (1987), «Славянскія танцы» (1994).

Шмат якіх сваіх працаў Валерый зрабіў на «Белкінавідэацэнтры» і ў тэлекампаніі «Карамболь».

Апошнія гады жыцця Валерый Булдык працаваў на тэлеканале «Белсат».
Сярод найбольш прыкметных ягоных твораў — «Берасцейская крэпасць. Дзве абароны» (2010), «Лабатамія» (2010), «Код прысутнасці» (2011), «Крыжы Беларусі» (2011), шматлікія тэлевізійныя партрэты і тэленарысы. Валерый Булдык уваходзіў ў творчыя групы стваральнікаў праграмаў тэлеканалу «Белсат» «Маю права» і «Эксперт».
Пахаванне Валерыя Булдыка адбудзецца 28 лютага. Пра месца і час пахавання паведамяць дадаткова.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?