Беларускія ўдзельнікі конкурсу «Еўрабачанне-2012» — гурт Litesound — маюць намер поўнасцю змяніць нумар, з якім яны будуць прадстаўляць Беларусь у Баку.

На «Еўрабачанне-2012» гурт паедзе з песняй We Are The Heroes, якая, магчыма, таксама зведае некаторыя змяненні, паведаміў Каракін. Паводле яго слоў, зараз гурту неабходна «'хутка зняць якасны кліп на гэту песню».

«Дзе мы будзем здымаць кліп і хто будзе працаваць над нумарам, мы даведаемся літаральна на днях, — зазначыў Каракін. — Мы вельмі хочам працаваць з грэчаскай кампаніяй, якая ставіла нумар Ані Лорак. Спадзяемся, што атрымаецца».

Гурт таксама пачаў працаваць над канцэпцыяй піяр-кампаніі ў Еўропе. «Гэта ключавы момант працы на „Еўрабачанні“. Вядома, можна спадзявацца, што мы выйдзем і ўсіх заваюем, але трэба і загадзя рыхтавацца. У нас ёсць фан-клубы за мяжой, яны растуць, і гэтыя людзі будуць за нас галасаваць абавязкова», — паведаміў музыкант.

Заваёўваць папулярнасць сярод еўрапейскіх слухачоў гурт плануе таксама з дапамогай прома-тураў, ратацыі на радыё- і тэлеканалах, зазначыў Каракін.

Расклад еўрапейскага турнэ, паводле яго слоў, хутчэй за ўсё, стане вядомы да сярэдзіны сакавіка. Ён будзе складацца, калі поўнасцю сфарміруецца каманда для працы з гуртам, падкрэсліў саліст Litesound.

Нагадаем, першапачаткова прадстаўляць Беларусь на «Еўрабачанні-2012» павінна была Алёна Ланская, якая 14 лютага перамагла ў фінале нацыянальнага адборачнага конкурсу «Еўрафэст». Аднак пазней з’явілася інфармацыя, што вынікі конкурсу маглі быць падтасаваныя. Аляксандр Лукашэнка стварыў спецыяльную камісію, якой было даручана разабрацца ў тым, наколькі аб’ектыўна быў вызначаны пераможца «Еўрафэсту». На нарадзе 24 лютага Лукашэнка заявіў, што вынікі фіналу конкурсу аказаліся падтасаванымі, а сапраўдны пераможца — гурт Litesound.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?