28.02.2012 / 11:25

Юры Чыж: Гісторыя поспеху 12

Свой бізнэс ён пачаў з дываноў. Прывозіў і прадаваў у Беларусі дываны з Бельгіі. Тады гэта быў вялікі бізнэс і шмат хто ім займаўся.

Многія чакалі зьяўленьня ў сьпісе неўязных у Эўрапейскі Зьвяз імя беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа. У апошнія гады пры ягоным прозьвішчы нярэдка ўжываюць слова «імпэрыя».

У сфэру інтарэсаў Юрыя Чыжа ўваходзяць паліўна-энэргетычны комплекс, вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў, транспартныя і мытныя паслугі, фармацэўтыка, рэстараны, адпачынак, спорт. І гэта — ня поўны сьпіс. Менавіта гэтым і тлумачыцца спалучэньне ягонага прозьвішча са словамі «бізнэс-імпэрыя».

У штогадовым рэйтынгу 200 самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі за 2011 год, які днямі падрыхтаваў інтэрнэт-партал «Ежедневник»,

Юры Чыж займае другое месца. Ён саступае толькі Ўладзімеру Пефціеву.

Складальнік гэтага рэйтынгу Вадзім Сяховіч сказаў, што Юры Чыж пачаў свой шлях у бізнэс са спорту:

«У нас вельмі шмат бізнэсоўцаў-спартоўцаў. І калі пачаўся развал Савецкага Саюзу, багата спартоўцаў пайшлі альбо ў бізнэс, альбо пачалі «крышаваць» бізнэс.

Чыжа часам называюць «нязьдзейсьненым рэкецірам», бо ён быў вядомы барэц, майстар спорту.

Памятаю, што свой бізнэс ён чамусьці пачынаў з дываноў. Прывозіў і прадаваў тут дываны з Бэльгіі. Тады гэта быў вялікі бізнэс і шмат хто ім займаўся».

Але гэта быў толькі подступ да сапраўднага бізнэсу — працягвае Вадзім Сяховіч:

«І такі першы праект, калі зьявілася кампанія «Трайпл», быў зьвязаны з будаўнічымі матэрыяламі.

Ён пачаў вельмі шпарка рабіць вокны ПВХ. І вельмі, як кажуць, да месца стаў праект «Аква-трайпл», які ўзьнік крыху пазьней».

Бізнэс Чыжа пачаў імкліва пашырацца. І найперш празь ягоныя сувязі з уладнымі структурамі — кажа кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Гэта так званы намэнклятурны бізнэс. Ён лёгка расшыфроўваецца. Там бізнэсу, па вялікім рахунку, ужо няма. Гэта проста робяць грошы пры дапамозе прадстаўнікоў улады».

Аднак у кар’еры Чыжа быў і няўдалы бізнэс, — згадвае Вадзім Сяховіч:

«Ён у свой час быў суакцыянэрам Беларускага біржавога банку, які пасьля з трэскам лопнуў. І вось што цікава — дагэтуль у імпэрыі Чыжа няма банкаўскіх актываў. Мабыць, дае пра сябе знаць той няўдалы фінансавы досьвед. Праўда, сёлета хадзілі чуткі, што ён выкупіць банк „Менск-Масква“. Але, мабыць, грошай у яго не хапае».

Юрый Чыж адкрыў у Менску сетку гіпэрмаркетаў

Час ад часу ў інтэрнэце зьяўляюцца сьпісы самых багатых людзей Беларусі. Юры Чыж там у першай дзясятцы. Але давяраць гэтым лічбам нельга — кажа Леанід Заіка:

«Гэты сьпіс не валідны. Бо каб ацаніць сапраўдны фінансавы стан, найперш трэба выйсьці зь ценю. Трэба будзе задэкляраваць свае прыбыткі. І паказаць, адкуль узятыя грошы. Напрыклад, адкуль ты мільярд зарабіў? Гандляваў зброяй. Хіба ж гэта бізнэс? Так, намэнклятурныя гульні».

Юрыя Чыжа час ад часу можна бачыць побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Мне цяжка сказаць, спрыяе кіраўнік дзяржавы яму альбо не. Але тое, што яны разам косяць траву і робяць гэта прылюдна, сьведчыць пра тое, што дачыненьні ў іх добрыя. Чыж разам з тым жа Пефціевым і яшчэ некалькімі бізнэсоўцамі — спонсар прэзыдэнцкага спартовага клюбу. І гэта таксама сьведчыць пра тое, што ў яго добрыя сувязі», — кажа Вадзім Сяховіч.

Леанід Заіка лічыць, што ў беларускай структуры бізнэсу за Юрыем Чыжом незалежна ад рашэньня Эўразьвязу захаваецца цёплае месца. Чаму?

«Ён ніколі не заяўляў, што хоча быць прэзыдэнтам. У адрозьненьне ад таго ж Хадаркоўскага».

Прадпрымальнік Павал Жук некалі меў друкарню на чыжоўскіх плошчах. Ён лічыць, што шпаркае разьвіцьцё бізнэсу Юрыя Чыжа, якога называюць сябрам Лукашэнкі, тлумачыцца проста:

«Чалавек так падстроіўся пад уладу. Проста так гэта не бывае. Проста ўвайшоў у давер, нейкую частку аддае куды трэба. А яму даюць магчымасьць.

Ён у свой час узяў падрад на перабудову ўсіх вайсковых гарадкоў. Потым надышоў крызіс, усё там завалілася, ён страціў нейкія грошы.
Таксама некалькі дамоў узяў у цэнтральных месцах. Адзін вельмі шпарка будуецца, а ўсе астатнія закінутыя. Бо грошай няма, яму гэта даруецца. З „Ітэрай“ скасавалі кантракт, а яму можна рабіць усё што заўгодна. Бо ўвайшоў у давер. Ня ведаю, якія працэнты ён там аддае, што ён там робіць. Але гэта прыватная дамоўленасьць з самымі высокімі асобамі ў дзяржаве».

Чыж і ягоны бізнэс

Славенская будаўнічая фірма Riko Group будзе браць удзел у прэстыжным будаўнічым праекце ў гістарычным цэнтры Менску. Ён тычыцца гатэля «Кемпінскі», дзе інвэстарам выступае «Эліт Эстэйт».

Як паведаміла прадстаўніца «Трайпла» Аксана Хрусталёва, «Эліт Эстэйт» мае дачыненьне да кампаніі «Трайпл». Аднак яна адмовілася даваць камэнтары і нейкія іншыя падрабязнасьці. Аглядальнікі не выключаюць, што менавіта ўдзел Славеніі ў гэтым праекце мог паўплываць на яе стаўленьне да эўрапейскіх санкцыяў адносна Беларусі. Для Юрыя Чыжа гэта ня першы праект. У чэрвені гэтага году чакаецца здача жылога комплексу прэміюм-клясу «Ля Траецкага», які таксама ўзводзіцца ў гістарычным цэнтры Менску.

Спэцыяліст па продажах Павал Пратасоўскі кажа: «Комплекс уяўляе сабою шматкватэрны жылы дом на 235 кватэр. І яшчэ ўбудаваны трохузроўневы падземны паркінг і нежылыя памяшканьні — офісы і крамы. Ён знаходзіцца ў найлепшым месцы сталіцы. Значная частка кватэраў прададзена. На сёньняшні дзень кошт квадратнага мэтра — 3 тысячы даляраў ЗША. На сёньня ў рамках будаўніцтва — гэта асноўны праект, які знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі».

Юрыю Чыжу тналежыць група кампаніяў «Трайпл», дзе працуе каля 5 тысяч чалавек.

Яго інтарэсы палягаюць у розных сфэрах — ад аптовага гандлю нафтапрадуктамі і будаўніцтва да вытворчасьці безалькагольных напояў, гатэльнага бізнэсу, імпарту алькагольных напояў і нават гадоўлі сярэднеазіяцкіх аўчарак.

Сярод аб’ектаў, якія належаць Чыжу, — рэстаран-піваварня «Ракаўскі бровар» і сельскагаспадарчы комплекс «Трайпл-агра» на тэрыторыі Астрашыцкага сельсавету, паблізу прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.

Юрый Чыж — старшыня назіральнай рады футбольнага клюбу «Дынама» і старшыня Беларускай фэдэрацыі барацьбы. Выканаўчы дырэктар фэдэрацыі Мікалай Палазьнік кажа, што Чыж для фэдэрацыі — гэта найлепшы варыянт.

Пра магчымасьць уключэньня Чыжа ў сьпіс неўязных ён кажа: «Я думаю, гэта глупства. Гэта ўсё ўчорашні дзень. Цяпер трэба знаходзіць агульную мову і зь ім, і з усімі іншымі кіраўнікамі ў краіне».

0
belariy / Адказаць
28.02.2012 / 12:12
оооо..... про эти вещи можно много рассказывать. например. работаю я в госорганизации. и покупать разную оргтехнику мы имеем право только в определённых фирмах. в частности, есть в Минске такая компания как ОДО "ЕвроРеспект Техно". в чём суть. в нашем городке мы могли бы купить компьютер у наших местных фирм. они всегда рядом, техника на гарантии, продавать нам будут качественный продукт, потому что они рядом и мы сможем в любой момент их достать, если вдруг что. и цены у них относительно низкие. но мы не имеем права у них покупать. в итоге мы вынуждены покупать только у этого "ЕвроРеспекта". цены у них в 2 раза выше, чем у наших местных. столкнули они нам бракованную технику. пришлось их снова вызывать из Минска. ехать далеко. ждать долго. техника не работает. и до сих пор глючит. итог: за вдвое высшую цену мы вынуждены только у этого "ЕвроРеспекта" покупать бракованную технику. не удивлюсь, если этот "ЕвроРеспект" точно так же отстёгивает кому надо часть своих прибылей в обмен за то, что им дали монополию на продажу оргтехники госорганизациям. крреспонденты НН могут поинтересоваться, сли хотят.
0
Ліс / Адказаць
28.02.2012 / 12:15
Бздурь шукаць агульную мову з гэтымі прыкарытнымі. Размову магчыма весці толькі з папайколяй, калі будуць вызвалены палітвязні. А так -- толькі санкцыі. І адносна Чыжа і ўсёй дзесяткі -- абавязкова. Усе яны фундуюць гэтую мафію..
0
Inhvar / Адказаць
28.02.2012 / 12:24
"НН" напiшыце для расейскамоўных хамячкоў,што дываны-гэта "каўры"(не самалеты).
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру