1 сакавіка ўступілі ў сілу Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях (КаАП) і Працэсуальна‑выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях (ПВКаАП)

Новы КаАП аб’яднаў усе палажэньні, што былі раней замацаваныя ў прэзыдэнцкіх указах і дэкрэтах, а таксама ў пастановах Саўміну. Першапачаткова ён быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў у 2003 г., але з таго моманту ўвесь час дапрацоўваўся. Новы дакумэнт скапіяваны з Крымінальнага кодэксу – ён утрымлівае шмат паняткаў КК. Што новага ў Кодэксе?

Замежнікаў‑парушальнікаў будуць дэпартаваць

КаАП‑2007 прадугледжвае новы від адміністрацыйнага спагнаньня – дэпартацыя, які будзе ўжывацца ў дачыненьні да замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства за зьдзяйсьненьне шэрагу адміністрацыйных правапарушэньняў (дагэтуль дадзеная працэдура рэглямэнтавалася Законам РБ ад 29 сьнежня 1998 г. «Аб іміграцыі»).

Цяпер дэпартацыя можа быць ужытая да замежніка і асобы без грамадзянства ў якасьці дадатковага віду спагнаньня ня толькі за парушэньні правілаў знаходжаньня і транзытнага праезду праз Беларусь, але і за пазапраўнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы, памежнага рэжыму або рэжыму ў пунктах пропуску. Гэтая мера адказнасьці будзе прызначацца з улікам характару і наступстваў правапарушэньня, а таксама асобы вінаватага.

Новае заканадаўства канкрэтызуе пералік дакумэнтаў, безь якіх знаходжаньне ў Беларусі зьяўляецца адміністрацыйным правапарушэньнем. Гэта віза Беларусі, міграцыйная карта, сапраўдны пашпарт, дазвол на часовае знаходжаньне або рэгістрацыя і г. д. Дэпартаванаму замежніку або асобе без грамадзянства прызначаецца тэрмін забароны ўезду ў краінуу. З улікам акалічнасьцяў, якія паслужылі прычынай дэпартацыі, ён вагаецца ад 1 да 10 гадоў.

Дысцыплінуюць кіроўцаў і мінакоў

Значна ўзрастае адказнасьць за кіраваньне аўто ў нецьвярозым стане: штрафы сягаюць за мільён рублёў, таксама гэта можа абярнуцца адміністрацыйным зьняволеньнем ды пазбаўленьня правоў на тры гады. Цяпер п’янымі кіроўцамі будуць займацца суды.

Ад сёньняшняга дня кіроўцам варта забыцца на тэлефонныя размовы ў часе руху. Абавязковай робіцца замена гумы на колах пры пераходзе на зімні сэзон.

Мінакі таксама мусяць быць пільнымі: парушэньне правілаў дарожнага руху будуць карацца адчувальнымі штрафамі: ад 15 да 620 тысячаў беларускіх рублёў. Максымальны штраф накладаецца ў выпадку, калі па віне мінака адбудзецца ДТЗ, удзельнікі якога атрымаюць цялесныя пашкоджаньні, альбо калі ў выпадку аварыі пацерпіць аўто.

Падвойная адказнасьць

Акрамя дэпартацыі замежных грамадзянаў новы кодэкс прапануе яшчэ адзін від пакараньня – часовая забарона па дзейнасьць (прыпыненьне ліцэнзіі). Гэтая мера у першую чаргу закране прыватных прадпрымальнікаў, якія у выпадку зьдзяйсьненьня правапарушэньня могуць пазбавіцца, напрыклад, ліцэнзіі на продаж алькаголю.

Новы Кодэкс выклікае насьцярогу тым, што стварае магчымасьць для падвойнай адказнасьці. То бок пакараньне пэўнага прадпрыемства, як юрыдычнай асобы, не падбаўляе ад адказнасьці яе кіраўніка, як асобы службовай.

Зьявілася дакладнае вызначэньне тэрміну «службовая асоба», які паней датычыў толькі тых прыватных прадпрымальнікаў, што мелі наймітаў. Цяпер гэты тэрмін распаўсюджваецца на ўсіх. Трэба заўважыць, што памер штарфу для звычайнага грамадзяніна і службовай асобы значна адрозьніваецца.

Усе адміністратыўныя парушэньні зьвязаныя з эканомікай цяпер будуць разглядацца гаспадарчымі судамі.

Было 15 – стала 25

Злосных парушальнікаў адміністратцыйнага права чакае малапрыемны сюрпрыз – новы дакумэнт прадугледжвае падаўжэньне максымальнага тэрміну адміністрацыйнага арышту да 25 сутак. Раней ён складаў 15 сутак. Да 15‑суткавага тэрміну, у выпадку складаньня двух і болей пратаколаў, цяпер будуць даваць дадатковы тэрмін – да 10 сутак. Праваабаронцы мяркуюць, што гэтая мера пакараньня будзе актыўна выкарыстоўвацца супраць нелаяльных існуючай уладзе грамадзянаў.

Бясплатны адвакат

Кожны парушальнік адміністрацыйнага права мае права на бясплатныя паслугі адваката ад моманту затрыманьня. Фізычныя асобы атрымалі права на касацыю судовага рашэньня, што раней не прадугледжвалася законам. Разам з тым, грамадзяне, што прызнаюць сваю віну пры затрыманьні, могуць пазьбегнуць суду і будуць пакараныя мінімальным штрафам.

Штрафы

Мінімальныя памеры штрафаў, што цяпер будуць накладацца на фізычную і юрыдычную асобаў, і на прыватнага прадпрымальніка, складаюць адпаведна 0,1, 2 і 10 базавых адзінак. Максымальны памер штрафаў складае 50, 200 ды 1000 б.а. суадносна. Для фізычных асобаў прадугледжаны максымальны памер штрафу – 500 б.а. за парушэньне нормаў працоўнага заанадаўства.

Незалежныя экспэрты па‑рознаму ацэньваюць новы КаАП: большасьць лічыць прагрэсыўным той момант, што ён скарачае колькасьць інстанцыяў, што займаюцца разборам адміністрацыйных справаў. Аднак нельга не адзначыць узмацненьне рэпрэсіўнасьці новага кодэксу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?