У пятніцу першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які ўзначальваў спецыяльную камісію па расследаванні вынікаў «Еўрафэста» заявіў, што вінаватым ёсць выканаўчы прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрый Баранаў. Менавіта ён, па словах Радзькова, даў загад сфальшаваць вынікі глядацкага галасавання. А ў панядзелак, 27 лютага, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька сказаў, што Дзмітрый Баранаў будзе звольнены. «Я чакаю канкрэтнага распараджэння на паперы. І яно будзе, — сказаў Давыдзька. — Неадкладна — не значыць, што сёння. Усё будзе так, як сказаў Лукашэнка. Не сумнявайцеся».

«Народная Воля» дазванілася ў панядзелак Дзмітрыю Баранаву.

— Ну што я магу сказаць? Я са сваёй камандай стараўся зрабіць выдатнае, класнае шоў. І калі пра яго цяпер усё кажуць, напэўна, атрымалася. А ўсё астатняе — гэта нейкае трызненне…

— Сёння ўсіх хвалюе адно пытанне: чаму вы ў гэтай сітуацыі крайні? Дзіма, можа, вы закаханыя ў Ланскую і таму далі каманду падмяніць вынікі?

— Я не аддаваў каманды падмяніць вынікі галасавання.

— А чаму тады ваша імя зараз палошчуць дзе толькі можна?

— Для мяне гэта таксама актуальнае пытанне.

— Вас ужо звольнілі з працы?

— Пакуль не.

— Як думаеце, будзе распачата крымінальная справа па «ЕўраФэсту»?

— Мне складана пра гэта казаць, разумееце, я ўсяго толькі прадзюсар, які рабіў сваю справу…

— На ўсе пытанні вы адказваеце з зайздросным спакоем. Можна пазайздросціць вашай вытрымцы…

— Дзякуй, імкнуся…

***

Раней у інтэрв’ю парталу Interfax.by прадзюсер дырэкцыі музычных і забаўляльных праграм Белтэлерадыёкампаніі, прадзюсер «Еўрафэста» Анастасія Ціхановіч заявіла, што ў калектыве, які працуе над падрыхтоўкай да «Еўрабачання-2012», не вераць у тое, што Баранаў распарадзіўся фальсіфікаваць вынікі галасавання гледачоў.

«Гэта вельмі буйная падстава. Гэта не ўкладваецца ў галаве. Ніхто ў гэта не верыць», — заявіла Ціхановіч.

***

У абарону Дзмітрыя Баранава фактычна выступіла і «Камсамольская праўда ў Беларусі», саркастычна напісаўшы:

«У прынцыпе мы, журналісты, ведалі Дзмітрыя даўно. Свае першыя крокі ў шоу-бізнэсе ён рабіў у якасці канцэртнага дырэктара Ціхановіча — Паплаўскай. Апошнія пяць гадоў працуе ў Белтэлерадыёкампаніі.

Яшчэ ў тыя часы, калі мы з дапамогай Кіркорава адпраўлялі ў Еўропу Дзмітрыя Калдуна, Баранаў быў прадзюсарам, а прасцей сказаць — працоўным конікам праекта.
Потым былі Руслан Аляхно, Пятро Ялфімаў… Задачай Баранава было дамовіцца з артыстамі, сустрэць-праводзіць, выканаць усе фармальнасці… І цяпер, як высветлілася, менавіта Баранаў важнейшы, чым міністры і чыноўнікі, якія адказваюць за «Еўрабачанне». Як скажа Баранаў, так усё і зробяць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0