Тое, што адбываецца цяпер у беларуска-еўрапейскіх адносінах, экспертам нагадвае сітуацыю з амерыканскім пасольствам, якая здарылася ў 2008 годзе.

Па словах палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, цяпер робіцца зусім зразумела, чаму рыхтавалася прапагандысцкая глеба супраць заходніх амбасадаў.
І пасольства Польшчы стала адным з галоўных ворагаў.

Нагадаем, 28 лютага Мінск увёў у дачыненні да Еўрапейскага Саюза санкцыі ў адказ на пашырэнне візавых абмежаванняў з боку ЕС.

— Сённяшняя сітуацыя наводзіць на паралелі з амерыканскім пасольствам у 2008-м.
Нагода — цалкам аднолькавая: ЗША патрабавалі вызваліць Аляксандра Казуліна і ўвялі эканамічныя санкцыі, у адказ Мінск выслаў амерыканскага пасла, а пасля старанна зачысціў штат амбасады ЗША ў Менску. Сітуацыя — аналагічная.
Фактычна, гэта аб’яўленне дыпламатычнай вайны. І перспектывы развіцця гэтай сітуацыі вельмі змрочныя.
Зараз уступае ў сілу эскалацыя канфліктагенаў (гэта значыць прычын, якія спараджаюць канфлікты). Гаворачы звычайнай мовай, кожны бок абавязаны адказваць цвярдзей, інакш страціць твар. Калі ўчора Еўразвяз пашырыў санкцыі на 21 чыноўніка, хоць першапачаткова планаваў распаўсюдзіць візавыя санкцыі на 130 чалавек, то 
зараз Еўропа праз «не хачу» вымушана будзе пашыраць чорны спіс і ўводзіць элементы эканамічных санкцый.
У адваротным выпадку Еўропа будзе выглядаць бесхрыбетнай, здольнай прынізліва выцірацца і маўчаць.

— Ці можа адбыцца паўтор сюжэту з пасольствам ЗША, але ўжо на еўрапейскім узроўні?

— Цяпер становіцца цалкам відавочна, чаму рыхтавалася прапагандысцкая глеба супраць заходніх амбасадаў. І пасольства Польшчы стала адным з галоўных «ворагаў.
У горшым выпадку можа пачацца паэтапная вычыстка заходніх амбасадаў.
Вялікага арсеналу ўздзеяння ў Мінска няма.
Абвясціць эканамічную вайну Еўропе рэжым не ў стане. Перакрыць пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў у Еўропу — гэта дзейнічаць па прынцыпе «на злосць маме вушы адмарожу», гэта значыць, пацерпіць беларуская эканоміка. Але
паколькі Мінск абяцаў даць «жорсткі адказ» — гэты адказ выльецца ў ціск на «пятую калону», як называе апазіцыю Лукашэнка, і на дыпламатаў.
У гэтай сітуацыі крайнімі апынуцца яны.

Хоць, мне здаецца, абодва бакі будуць імкнуцца не рабіць вельмі рэзкіх рухаў.

Было б вельмі неабачліва давесці сітуацыю да стадыі, як з пасольствам ЗША: нават святло ў канцы тунэлю не праглядаецца. З ЗША халодная вайна — на доўгія-доўгія гады.

Таму спаліць за сабой усе масты ў Еўропу Мінск не можа. Гэта будзе дрэнна для Беларусі і для рэжыму — у тым ліку.

Беларускае кіраўніцтва дзейнічае не зусім самастойна — гэтыя дзеянні інспіруюцца, падаграваюцца Масквой.

Цяпер
у самым разгары выбарчая кампанія ў Расеі, адзін з складнікаў якой — антызаходняя істэрыя. Для Пуціна вельмі выгадна, калі бліжэйшы саюзнік падтрымае яго ў гэтай істэрыі.
Масква трымае на трывалым кручку беларускае кіраўніцтва. Напрыклад, прытрымалі крэдыт ЕўрАзЭС. Але
калі Пуцін вернецца ў Крэмль і пачне кідаць «прад’явы», прыцісне да сценкі — у рэжыму не застанецца іншага выйсця, як шукаць выратавання ў Еўропы.
Чым мацней прыцісне Масква, тым цверазейшы зробіцца Мінск у адносінах да Еўропы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?