У Беларусі адчуваецца дэфіцыт інвестыцыйных праектаў, якія можна было б прапанаваць замежным інвестарам, заявіў 28 лютага міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на пасяджэнні прэзідыума Саўміна. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі.

У сувязі з гэтым, лічыць Снапкоў, кожны орган дзяржкіравання «павінен аператыўна сфарміраваць партфель інвестыцыйных прапаноў, зыходзячы з узроўню развіцця галіны, патрэбнасцяў унутранага рынку, магчымасцяў кааперацыі з ужо дзейнымі прадпрыемствамі, падрыхтаваць кароткія тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні».

Міністр падкрэсліў,

практычна ўсе інвестдамовы заключаюцца органамі мясцовай улады, а «патэнцыял рэспубліканскіх органаў кіравання застаецца незадзейнічаным».

Ён таксама адзначыў, што больш актыўныя ў заключэнні інвестыцыйных дагавораў нацыянальныя інвестары, «асноўная мэта якіх — атрыманне льгот пры будаўніцтве, аднак іх рэсурсная база вельмі абмежаваная».

Асобная ўвага ў дакладзе міністра была нададзена прыцягненню прамых замежных інвестыцый. Іх валавое паступленне ў Беларусь у цэлым за 2011 год склала прыкладна 19 млрд. долараў ЗША, што перавышае паказчык 2010 года больш чым удвая, у тым ліку прамых замежных інвестыцый — 13 млрд. долараў, што амаль у 2,5 разу больш, чым у 2010 годзе.

Па стане на 16 лютага 2012 года ў дзяржаўным рэестры інвестыцыйных дагавораў з Беларуссю зарэгістравана 937 дагавораў на 19 млрд. долараў ЗША.

Снапкоў адзначыў, што летась урадам быў прыняты шэраг мер па паляпшэнні інвестыцыйнага клімату і пазіцый у міжнародных рэйтынгах: ратыфікаваны папраўкі да канвенцыі аб заснаванні шматбаковага агенцтва па гарантыях інвестыцый, заключаны пагадненні аб прававой абароне гарантаваных замежных інвестыцый і аб выкарыстанні мясцовай валюты, падрыхтаваны праект закона «Аб інвестыцыях», які ўключыў у сябе міжнародны вопыт рэгулявання гэтай сферы, прынята стратэгія прыцягнення прамых замежных інвестыцый да 2015 года, арыентаваная на структурныя змяненні ў эканоміцы. Паводле слоў міністра, створаны асновы для дзейнасці Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі.

Снапкоў адзначыў, што ў працяг палітыкі, якую праводзіць Мінэканомікі, падрыхтаваны праект дэкрэта прэзідэнта «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці». Ён дадаў, што дакумент скіраваны на выраўноўванне ўмоў гаспадарання ў рэгіёнах, стымуляванне дзелавой ініцыятывы, найперш нацыянальнага інвестара. Пакет прэферэнцый, прадугледжаны раней прынятымі дэкрэтамі, быў прааналізаваны з пункту гледжання яго магчымага пашырэння і змякчэння ўмоў атрымання, паведаміў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?