Падчас дыскусіі, што была арганізаваная Антыкарупцыйнай камісіяй літоўскага Сойму адносна дапаўненьня закону аб барацьбе з карупцыяй, паступіла прапанова ўсеагульнай дэклярацыі даходаў. На сёньняшні дзень даходы ў Літве мусяць дэкляраваць чыноўнікі і палітыкі, а пры жаданьні скарыстаць з падатковых ільготаў маёмасныя дэклярацыі могуць падаваць і пазасталыя жыхары краіны.
Старшыня камісіі Рымантас Дагыс у якасьці непазьбежнага сродку абмежаваньня карупцыі назваў дапаўненьне закону, згодна зь якім людзі павінны выдаткі і ўласную маёмасьць даказаць сваімі даходамі. У будучыні маёмасьць, набыцьцё якой не было даказанае, будзе адбірацца, бо яна ў такім выпадку лічыцца набытай у выніку карупцыйнай дзейнасьці.