Еўрапейскія краіны адклікаюць сваіх паслоў з Мінска на знак салідарнасці з пасламі Польшчы і Еўразвяза. Пра гэта паведамляе радыё "Свабода".

Першай адклікала свайго пасла Германія. "Рашэнне Мінска нас абурыла, Еўрасаюз нельга ані запалохаць, ані падзяліць», — заявіў кіраўнік нямецкага МЗС Гіда Вестэрвеле.

Астатнія еўрапейскія краіны прынялі рашэнне пасля тэрміновай нарады, якую Кэтрын Эштан склікала ў Брусэлі. Пасля нарады прэсавая сакратарка Эштан Мая Кацыянчыч заявіла: «На знак салідарнасці і адзінства мы дамовіліся, што паслы краінаў Еўрасаюза ў Менску будуць усе адкліканыя для кансультацыяў у свае краіны. Усе краіны Еўрасаюза таксама выклічуць беларускіх амбасадараў у свае міністэрствы замежных справаў».

У заяве начальніка ўпраўлення інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных еўрапейцам прапаноўвалася «давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый». Такі крок афіцыйны Мінск зрабіў у адказ на рашэнне Рады ЕС пашырыць спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць візавыя абмежаванні.

У сваю чаргу, у Мінск для кансультацый адкліканы пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Еўрасаюзе Андрэй Еўдачэнка і амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак.

«Рашэнне Рады ЕС гаворыць пра тое, што Еўрасаюз працягвае прытрымлівацца палітыкі адкрытага ціску. Мы неаднаразова на ўсіх узроўнях тлумачылі бесперспектыўнасць такой палітыкі ў адносінах з Рэспублікай Беларусь», — гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі.

Таксама адзначаецца, што «ў адказ беларускі бок закрые ўезд у Беларусь тым асобам з краін Еўрасаюза, якія садзейнічалі ўвядзенню абмежавальных мер».

«У выпадку працягу ціску на Рэспубліку Беларусь будуць прыняты і іншыя меры для абароны нашых інтарэсаў, — адзначыў Андрэй Савіных.
— Мы спадзяемся, што службовыя асобы ЕС і яго дзяржаў-удзельніц ўсведамляюць недасканаласць сілавога шляху».

«Прапановы Беларусі аб развіцці дыялогу, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам на аснове прынцыпаў раўнапраўя і ўзаемнай павагі застаюцца ў сіле», — адзначаецца ў заяве.

Як вядома, учора Рада ЕС дабавіла да спіса неўязных у краіны саюза яшчэ 21 лукашэнкаўца — сілавікоў і суддзяў, датычных да няправедных прысудаў беларусам. У сваю чаргу, у Беларусі ў пятніцу 24 лютага быў вынесены прысуд віцебчуку Сяргею Каваленку: больш за два гады турмы. Віна гэтага 37-гадовага будаўніка была ў тым, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сцяг у Віцебску.

Адкліканне паслоў для кансультацый — гэта адна з крайніх дыпламатычных мераў.

Яшчэ ў 2008 годзе з Беларусі быў аналагічным чынам «вышпурнута» (выраз Аляксандра Лукашэнкі) пасол ЗША.
Дагэтуль дыпламатычныя адносіны з ЗША застаюцца на паніжаным узроўні. Зараз такое сама можа адбыцца і ў адносінах з Еўрасаюзам. Лукашэнка верыць, што Пуцін яго не здасць.

У той жа час Еўропа не верыць, што Мінск мае магчымасць нанесці ёй сур'ёзную шкоду: «Беларусі больш патрэбная Польшча і Еўрасаюз, чым наадварот», — так адкаментаваў для радыё «Свабода» рашэнне Лукашэнкі польскі палітолаг Войцех Бародзіч-Смалінскі. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск даведаўся пра дэмарш беларускага МЗС падчас канферэнцыі, паведамляе партал onet.pl. Міністр не хаваў свайго здзіўлення: «Толькі цяпер пра гэта даведаўся. Мне цяжка каментаваць гэтую сітуацыю сёння, а заўтра будуць каментары міністра Сікорскага. Наша пазіцыя па Беларусі не зменіцца», — сказаў Туск.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?