01.03.2007 / 22:19

Арабы перададуць прывітаньне Маскве :) Шматвэктарная палітыка вылілася ў пошукі грошай па ўсіх азімутах 4

Ну вось ўсё і вярнулася на кругі свае. Зноў "вышэй за ўсё — наша дружба з расейцамі. Мы са сьвятым жартаваць ня будзем". Фрагмэнты інтэрвію Лукашэнкі "Аль-Джазіры" камэнтуе ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Ну вось ўсё і вярнулася на кругі свае.

Зноў "вышэй за ўсё — наша дружба з расейцамі. Мы са сьвятым жартаваць ня будзем".

Гэтак заявіў сёньня беларускі афіцыйны кіраўнік тэлевізійнікам арабскай "Аль-Джазіры", вядомай паказамі дэманічнага бін Лядэна.

БЕЛТА дае сьціслы пераказ гаворкі, але паказальна тое, што вылучана.

Галоўная выснова: стасункі з Крамлём зноў перайшлі ў фазу калі не рэвэрансаў, то нежаданьня дражніць гусака.

Сапраўды, ніякіх "жартачак са сьвятым" :)

Ніякіх намёкаў на тое, што нафтавыя ды іншыя гешэфты мы яшчэ лепей з заходнікамі зладзіць можам.

Палітоляг Андрэй Фёдараў толькі што пракамэнтаваў мне:

— Сытуацыя зразумелая. Трэба ж атрымаць крэдыт на паўтара мільярды ад Расеі. Прычым на як мага выгаднейшых умовах. Лепей нават не беспрацэнтавы, а ўвогуле беззваротны.

Але Фёдараў лічыць, што высьвятленьне стасункаў з Крамлём далёка ня скончылася.

Сапраўды, крэдыт Расея найхутчэй што дасьць. Нафтадаляраў да халеры.

Умовы, прычым умовы палітычныя — вось галоўная небясьпека.

Ці выпадкова маскоўскі калега Ярмошынай — Вешнякоў раптам даў афіцыйнае заключэньне, што аб'яднаўчы рэфэрэндум у Расеі можна зладзіць калі заўгодна? Ёсьць, маўляў, пралаз у заканадаўстве, якое ўвогуле забараняе плебісцыты цягам апошняга году паўнамоцтваў Думы і прэзыдэнта Расеі.

Раней, дарэчы, той самы Вешнякоў пра пэрспэктывы такога рэфэрэндуму выказваўся скептычна. Ды і Лукашэнка колькі часу таму даў зразумець, што да сыходу Пуціна канстытуцыйны акт можна лічыць глыбока закапаным.

Але ў Расеі, між іншым, не адзін Пуцін вырашае, калі яму сыходзіць. І тыя, хто зацікаўлены ў ягоным "даху", настойліва спрабуюць раскруціць сцэнар пралянгацыі ягонага цараваньня праз гульні на глебе "братняй інтэграцыі".

Ёсьць і іншыя чыньнікі. Так што беларускаму кіраўніку пэўна яшчэ паспрабуюць выкруціць рукі.

І будзе новая фаза антыімпэрскай рыторыкі зь ягоных вуснаў.

Ад гэтых дэжа-вю было б ужо зусім моташна, калі б не заўважалася зьмена антуражу.

Ён з кожным разам становіцца болей ды болей неспрыяльны для Лукашэнкі. Поле для манэўру ўсё вузейшае. Рэсурсы растаюць, акурат як сьнег гэтай парой.

Беларускае кіраўніцтва, што заўжды казырала маленькім замежным доўгам як адным з сымбаляў самастойнага курсу, стала шукаць крэдыты па ўсіх азімутах. А што, палітыка ж у нас нездарма завецца шмавэктарнай :)

Інтэрвію арабскаму спадарожнікаваму каналу таксама не выпадковае. Трэба дамаўляцца з багатымі шэйхамі. Лукашэнка адлятае ў Эміраты.

Ён там быў, дарэчы, у 2000-м і нават паглядзеў, як у гэтай далёкай ад хакею краіне гуляюць у пола.

Праўда, дасюль шэйхі ня надта раскашэльваліся. Усход — рэч тонкая. Мядовыя ўсьмешкі яшчэ ні пра што не гавораць.

Але ж крыха да крыхі — зьбярэцца торба. На падтрымку беларускае мадэлі.

Мяняць яе, зважаючы на "абсурдныя ўмовы" ўсякіх там амэрыканцаў, айчыннае начальства не разгоніцца. Гэта таксама вынікае з сёньняшняга інтэрвію.

Увогуле ж, калі ўдумацца, далёка сягнула наша вонкавая палітыка, калі праз арабаў Менск мусіць перадаваць сяброўскае прывітаньне Маскве :)

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Scaner / Адказаць
01.03.2007 / 23:26
Ну магчыма і збяруць на гэтую пасяўную.Але ж праблема застаецца і будзе толькі пагаршацца.Мне здаецца, што гэта проста затыканне дзірак. А арабы на праяданне грошай не разгоняцца даваць.
0
Napalm / Адказаць
01.03.2007 / 23:30
Здаецца, беларускую незалежнасць нашы ''правыя'' хавАюць з моманту яе аднаўлення: то Кебіч нешта падпісаў, то Барадзін штось сказаў, то рэферэндум, то Строеў падміргнуў, то Пазьняк раскусіў каварныя планы, зараз нешматслоўны Вешнякоў ''выдаў перапалоху''... Амаль што казка пра хлопчыка, які пасвіў авечак і жартам клікаў на дапамогу ад воўка... ці не занадта часта мы чуем слова ''каравул!''? ''тыж мая, тыж мая перапёлачка...''. А ''рэжым'' усё больш нагадвае былога школьнага двоечніка, якому усе разам наракалі ці то турму, ці то жабрацтва з выцвярэзнікам, вось-вось, пабачыце - а былы двоечнік ажаніўся на самай прыгожай дзеўке, ''замуціў'' шэры бізнэс ды паглядае на былых ''выдатнікаў'' ды настаўнікаў праз шыбу новай Аудзі А8.
0
zhelezka / Адказаць
01.03.2007 / 23:35
А дайце мне беззваротны крэдыт на паўтара мільярды. Ці хаця б на мільярд. Хаця б рублёў.
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру