Сённяшні канфлікт у беларуска-еўрапейскіх адносінах мае беспрэцэндэнтны характар.

За адкліканнямі амбасадараў досыць прадказальнымі выглядаюць далейшыя візавыя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і нават увядзенне пад эмацыйным уплывам эканамічных санкцый, якія яшчэ нядаўна былі немагчымымі.

Учорашняе масавае адкліканне амбасадараў было жэстам, які павінен быў паказаць цвёрдасць пазіцыі Еўрасаюза ў дачыненні да Лукашэнкі.

Паказальна, што дадзенае рашэнне еўрапейскія краіны прынялі імгненна.
Гэта, кажучы мовай Лукашэнкі, паказала што еўрапейскія лідэры «маюць яйцы».
Пры гэтым Еўрасаюз захоўвае здаровы сэнс і ўстрымліваецца ад эканамічнага ціску.

Гаспадарчыя санкцыі рэдка бываюць эфектыўнымі, а вынік іх звычайна супрацьлеглы да закладанага ініцыятырамі. Досыць часта эканамічныя санкцыі ў дачыненні да аўтарытарных рэжымаў не прыводзяць да іх упадку, але толькі іх узмацняюць, пазбаўляюць маральных падставаў прадстаўнікоў апазіцыі і ізалююць краіны.

Сёння масавыя эканамічныя санкцыі паскорылі б эканамічную інкарпарацыю Беларусі ў Расію.
У той самы дзень, як Лукашэнка пастанавіў выслаць польскага і еўрапейскага амбасадараў, ён прапанаваў стварэнне супольнай беларуска-расійскай кампаніі па вытворчасці ўгнаенняў. Фактычна, Лукашэнка гатовы да гульні, на кану якой будзе беларуская незалежнасць.
Не варта забывацца, што Беларусь лёгка можа абысці, напрыклад, нафтавае эмбарга, зарэгістраваўшы некалькі фірмаў у Расеі.
Гэта робіцца літаральна за дзень. Ці ў такім разе нехта будзе патрабаваць ад Еўрасаюза эканамічных санкцыяў супраць Расіі?
Цяжка прадказаць дзеянні беларускіх уладаў у выпадку ўвядзення эканамічных санкцыяў.
Ёсць вялікая верагоднасць, што Лукашэнка пойдзе на моцнае супрацьстаянне з еўрапейскімі краінамі.
Але што адназначна: першым адказам будзе пагром праеўрапейскіх асяродкаў унутры Беларусі.
Такім чынам, эканамічныя санкцыі могуць прывесці да непрадказальных наступстваў.

Не варта забываць, што Беларусь — дзяржава з добра наладжаным апаратам прымусу і дзяржпрапагандай, здольнай скіраваць хвалю нянавісці ў бок заходніх краінаў і беларускай апазіцыі.

Найлепшым, непрапарцыйным адказам еўрапейскага боку, які мусіць быць прыняты ў тэрміновым рэжыму, магла б стаць адмена платы за візы для беларусаў,
што будзе ясным сігналам падтрымкі для беларускага грамадства і пазбавіць глебу для дзяржаўнай прапаганды. Адкрыццё дзьвярэй для беларускага грамадства знойдзе водгук у беларускага народа і ўзмацніць праеўрапейскія настроі. Гэта пакуль самая відавочная магчымасць перамагчы ў беларуска-еўрапейскай дыпламатычнай вайне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?