«Рэжым ударыў не па Еўрасаюзе, а па сабе і па беларусах, ён заганяе краіну ў яшчэ большую самаізаляцыю ад цывілізаванага свету», — такім чынам лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў рэакцыю беларускіх уладаў на пашырэнне спісу неўязных беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці пажаданне, каб кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і пасол Польшчы пакінулі нашу краіну. У сваю чаргу краіны Еўрасаюза прынялі рашэнне пра адкліканне з Мінска сваіх паслоў.

«Пазіцыя аб’яднанай Еўропы абсалютна слушная: яна не хоча бачыць у сябе дома тых, хто садзіць у турмы іншадумцаў. Гэта яе права, каго запрашаць у госці. „Не, мы ўсё роўна хочам на ваша вяселле!“, — кажуць прыўладныя парушальнікі Канстытуцыі і забіраюць у беларусаў і іхніх дзяцей права на прыстойную будучыню», — сказаў Мілінкевіч.

На ягоную думку, паміж Беластокам і Гродна цяпер — амаль Берлінскі мур: «Еўразвяз пасля так званых выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года практычна не мае інструментаў уплыву на паводзіны і ўнутраную палітыку ўладаў Беларусі».

Лідар Руху «За Свабоду» кажа, што, «калі б такі самы мур быў паміж Оршай і Смаленскам, то еўразвязаўскія санкцыі, можа, дзейнічалі б эфектыўна, давалі б шанец на дэмакратызацыю Беларусі. Але паколькі ёсць такі абаронца, як Расія, то шчыра скажам: гэтыя санкцыі не прыводзяць да вызвалення палітвязняў і дэмакратызацыі».

Аляксандр Мілінкевіч зазначае, што, бяспрэчна, санкцыі ЕС маральныя, але ў палітыцы гэтага недастаткова: «Акрамя маральнай пазіцыі мусіць быць эфектыўнасць. Ставім мэту і ацэньваем дзеянні па выніковасці. А яна, па вялікаму рахунку, адмоўная: немадэрнізаваная Беларусь са сваёй дыктатурай плыве ў пастку інкарпарацыі з боку ўсходняга суседа. Масква выйграе».

«Толькі канкрэтызаваная еўрапейская перспектыва, паслядоўная праца па нацыянальным адраджэнні і еўрапеізацыі Беларусі, знішчэнне бар’ераў на Захадзе, еўрапейскай дапамога ў мадэрнізацыі эканомікі і палітыкі пакідаюць шанец на захаванне беларускай дзяржавы і развіццё беларускай нацыі», — лічыць лідар Руху «За Свабоду».

Нагадаем, 28 лютага афіцыйны Мінск прапанаваў кіраўніку Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі і паслу Польшчы «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый». Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных у адказ на прынятае напярэдадні рашэнне Савета ЕС папоўніць спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.

Краіны ЕС у адказ адклікаюць сваіх паслоў з Беларусі для кансультацый.

27 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі ў так званы чорны спіс быў уключаны яшчэ 21 беларускі чыноўнік. Гэта прадстаўнікі судовай сістэмы і праваахоўных органаў.

Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Пасля Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік, і цяпер уезд у Еўрасаюз забаронены больш чым 200 беларускім чыноўнікам.

У сакавіку Савет міністраў ЕС разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі ЕС, паведаміла Кэтрын Эштан.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?