Каманда хакейнага клуба «Брэст» можа байкатаваць матч заключнага тура адкрытага чэмпіянату Беларусі супраць жлобінскага «Металурга», які павінен адбыцца ў Брэсце 1 сакавіка.
Пра гэта заявіў 29 лютага капітан каманды Раман Раманенка.

Паводле слоў хакеістаў, ім не плацяць зарплату ўжо пяць месяцаў.

«Давайце дачакаемся чацвярга, але верагоднасць таго, што мы сапраўды не выйдзем на лёд, насамрэч існуе. Канчатковае рашэнне каманда прыме 1 сакавіка», — канстатаваў Раманенка.

Капітан «Брэста» і адзін з вядучых абаронцаў каманды Вадзім Навіцкі падалі на клуб у суд.

Слуханне па іску Раманенкі адбылося ў першай палове дня 29 лютага.

«Мы з адвакатам падрыхтавалі ўсе дакументы. Аднак юрыст ХК „Брэст“ папрасіў копію іску і час на яго ўважлівае вывучэнне. Нібыта ў іску фігуруе вельмі вялікая сума, якую трэба пераправерыць і пералічыць. У выніку суддзя перанёс разгляд справы на 5 сакавіка», — сказаў хакеіст.

Судовае пасяджэнне па іску Навіцкага было раней перанесена з 23 лютага на 12 сакавіка.

Нагадаем, экс-хакеіст «Брэста» Сяргей Паклін у сярэдзіне лютага выйграў судовы працэс у былога клуба. Суд Ленінскага раёна Брэста пастанавіў выплаціць Пакліну больш як 100 мільёнаў рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?