Са станоўчага боку працу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ацэньваюць большасць апытаных жыхароў Гомельскай вобласці, паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама.

Больш за 80% рэспандэнтаў задаволеныя аператыўнасцю рэагавання міліцыі на звароты, больш за 60% — прынятымі мерамі. Негатыўна адклікаюцца аб прынятых па зваротах мерах амаль 20%.

Аднак толькі 32,5% апытаных поўнасцю давяраюць міліцыі (з 2010 года гэта лічба практычна не змянілася). Самы нізкі працэнт даверу адзначаны ў Рагачоўскім і Лоеўскім раёнах — па 25%. Больш за 26% апытаных грамадзян не бачаць вынікаў дзейнасці ўчастковых інспектараў.

Звыш 42% лічаць міліцыянераў ветлівымі і ўважлівымі, амаль 38% — прафесіяналамі.

У прэс-службе дадалі, што на нядаўняй прэс-канферэнцыі начальнік УУС Валерый Палішчук заявіў, што часцей за ўсё звальняе супрацоўнікаў, якія не могуць працаваць добрасумленна, і што негатыўнае меркаванне пра міліцыю складаецца з-за фармалізму ў працы некаторых супрацоўнікаў.

Палішчук паведаміў, што некаторыя міліцыянеры звольніліся, каб уладкавацца на працу ў РФ — з-за розніцы ў зарплатах. У 2011 годзе з органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці для працаўладкавання ў РФ звольніліся 47 міліцыянераў, галоўным чынам сяржанты. Але толькі адзін з іх уладкаваўся на працу ў расійскай паліцыі, астатнія — галоўным чынам ахоўнікамі. Паводле слоў Палішчука, многія ўжо вярнуліся на радзіму.

Некаторыя гомельскія міліцыянеры гатовыя пераехаць у райцэнтры, таму што там жыццё таннейшае і на прымальных умовах можна пабудаваць жыллё, адзначыў Палішчук. Паводле яго слоў, у апошнія месяцы сітуацыя з кадрамі стабілізавалася і міліцыянеры ўжо не звальняюцца і не едуць у Расію ў пошуках заробку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?