Галоўны дзяржаўны інспектар ветэрынарнай медыцыны Украіны Іван Бісюк часова забараніў увоз на тэрыторыю Украіны спрыяльных да афрыканскай чумы свіней (АЧС) жывёл, прадукцыі з свініны і сыравіны з іх з Беларусі.Такое рашэнне было абумоўлена верагоднасцю занесці ўзбуджальніка АЧС ва Ўкраіну з Беларусі, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнай ветэрынарнай фітасанітарнай службы.
Абмежаванне імпарту мясной прадукцыі працягнецца да высвятлення ўсіх акалічнасцяў.
У ведамстве адзначылі, што ў сярэдзіне лютага ў вёсцы Нязнанава Навагрудскага раёна было канфіскавана і знішчана ўсё пагалоўе свіней з прыватных гаспадарак грамадзян. Згодна з заявамі Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і дэпартамента ветэрынарнага і харчовага кантролю рэспублікі, названыя дзеянні былі здзейсненыя ў рамках вучэнняў па барацьбе з афрыканскай чумой свіней.
Аднак існуе небяспека, што гэта былі не вучэнні, а рэакцыя на наяўнасць хваробы свіней. Рэч у тым, што апошнія гады чума свіней перыядычна з'яўляецца ў Расіі, а беларуска-расійская мяжа існуе толькі на паперы. Таму існуе рызыка заносу ўзбуджальніка АЧС з Расіі ў Беларусь, а пасля распаўсюджвання і ва Ўкраіне, мяркуюць у Кіеве.
Адначасова Украіна прыпыніла імпарт малочнай прадукцыі з 1 сакавіка. У гэтым выпадку Кіеў спасылаецца на сляды антыбіётыкаў у беларускай малочцы. Аднак тут справа можа быць і ў іншым. Расія з палітычных прычын спыніла імпарт украінскіх сыроў, і Кіеў такім чынам вызваляе рынак для ўласнай прадукцыі. На Беларусі адыгрываюцца як на прыдатку Расіі.