Апазіцыянерам, якія заклікаюць да санкцый у дачыненні краіны, можа быць абмежаваны выезд за мяжу — такі сэнс заявы, зробленай 1 сакавіка журналістам начальнікам упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Паўлам Радзівонавым.

Гэтую заяву прадстаўніка Генпракуратуры распаўсюдзіла інфармацыйнае агенцтва БелТА. Незалежныя СМІ на сустрэчу з Радзівонавым запрошаны не былі.

«Генеральная пракуратура канстатуе, што апошнім часам мы сутыкаемся з актывізацыяй дзейнасці некаторых асоб, якія заклікаюць замежныя дзяржавы і міжнародныя арганізацыі да ўвядзення санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку санкцый эканамічнага характару», — цытуе Радзівонава БелТА.

Прадстаўнік пракуратуры прывёў у прыклад сітуацыю, калі адзін з апазіцыйных лідараў, «выкарыстоўваючы прыватны выпадак прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху», заклікаў адну з міжнародных арганізацый да ўвядзення эканамічных санкцый.
[Маецца на ўвазе прафсаюзны лідар Ярашук, які заклікаў абараніць права рабочых «Граніта» стварыць незалежны прафсаюз; у рабочага важака, шафёра, шустра забралі правы, звінаваціўшы ў парушэнні правілаў дарожнага руху. — Рэд.]

«Гэта ўжо не просты папулізм. Гэтыя дзеянні могуць быць кваліфікаваныя з пункту гледжання крымінальнага права, і органы пракуратуры робяць захады, каб растлумачыць гэтым грамадзянам наступствы, якія могуць узнікнуць. У тым ліку гэта прыцягненне да крымінальнай адказнасці», — цытуе БелТА Радзівонава. Ён яшчэ раз нагадаў, што ў адносінах да тых, хто ўчыніў дзеянні крымінальна-прававога характару, а таксама іншыя правапарушэнні, паводле норм беларускага заканадаўства могуць быць прынятыя меры абмежавальнага характару. Яны могуць закрануць і часовае абмежаванне права на выезд з краіны.

Як паведамляе БелТА, у Генпракуратуры растлумачылі, што, калі «ад суб’ектаў гаспадарання або грамадзян, чые правы ў выніку вышэйзгаданых дзеянняў былі ўшчэмлены, паступяць адпаведныя звароты, то з’явяцца рэальныя падставы для распачынання крымінальных спраў і прыцягнення па іх у якасці фігурантаў адпаведных асоб».
Падставы для распачынання спраў могуць з’явіцца і тады, калі ўрад палічыць, што дзяржаве нанесены ўрон эканамічнага, палітычнага ці іміджавага характару, і звернецца ў пракуратуру з прапановай даць юрыдычную ацэнку дзеянням пэўных людзей.
«У гэтым выпадку на іх могуць быць распаўсюджаны ўсе прадугледжаныя заканадаўствам абмежаванні, уключаючы і часовую забарону на выезд.
Усе кампетэнтныя органы, у тым ліку МУС і Дзяржпагранкамітэт, будуць ва ўстаноўленым парадку праінфармаваныя аб такім рашэнні. Акрамя таго, будуць накіраваныя адпаведныя запыты і да кампетэнтных службаў Расійскай Федэрацыі ў межах двухбаковага ўзаемадзеяння», — гаворыцца ў паведамленні БелТА.

Нагадаем, на фоне скандалу паміж Беларуссю і ЕС 29 лютага з’явілася інфармацыя, што ў спіс невыязных з Беларусі трапяць 108 прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Пры гэтым беларускае заканадаўства не прадугледжвае адвольнага абмежавання свабоды пеарсоўвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?