Указ Лукашэнкі аб пераносе працоўнага дня з 9 на 11 сакавіка паставіў школьнікаў у двухсэнсоўнае становішча. З аднаго боку, у нядзелю давядзецца ісці на заняткі.

З іншага, шмат хто са старшакласнікаў запісаўся на рэпетыцыйнае тэставанне, якое пройдзе 11 сакавіка.

А 10-й гадзіне 11 сакавіка ў БДУ пачынаецца тэставанне па расійскай і беларускай мовах. Спалучыць яго з наведваннем школы ну ніяк не атрымаецца.

«Трэба нешта выбраць, — здзіўляюцца сітуацыі ў БДУ. — Але мы праводзім тэставанне па расійскай мове таксама 1 і 8 красавіка. Калі вы хочаце пайсці ў школу, запісацца на іх можна будзе пазней».

Каб грошы за рэгістрацыю на тэставанне 11 сакавіка не згубіліся, у БДУ раяць ужо зараз звярнуцца ва ўніверсітэт па перанос даты.

А вось у абласных цэнтрах магчымасці перанесці рэпетыцыйнае тэставанне на іншую дату няма.
Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце для геаграфіі, сусветнай гісторыі, фізікі і хіміі вызначаны толькі адзін дзень — 11 сакавіка.

«Думаю, што тэставанне важнейшае за школу. Прапусціце. Школа зразумее»,

 — мяркуюць ва ўніверсітэце. І дадаюць, што падрыхтуюць для абітурыентаў даведкі пра тое, што 11 сакавіка яны прапусцілі школу праз рэпетыцыйнае тэставанне.

У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама абітурыентам з цяжкім уздыхам раяць… прагуляць школу!

«Няхай бацькі вам напішуць тлумачальную, чаму вы не з’явіліся ў школе менавіта ў гэты дзень…»

Для Міністэрства адукацыі перанос працоўнага дня з пятніцы на нядзелю таксама стаў сюрпрызам.

«Мы самі толькі нядаўна атрымалі гэтую інфармацыю. Я ўжо задала пытанні ўпраўленням, яно прапрацоўваецца. Як толькі будзе адказ — ён з’явіцца ў нас на сайце», — інфармуе прэс-служба Мінадукацыі.

Добра, калі чыноўнікі прымаюць рашэнне, дасканала вывучыўшы сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?