Мэрыя Масквы пасля доўгіх перамоў дазволіла расійскай апазіцыі правесці мітынг 5 сакавіка, на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў на Пушкінскай плошчы.

«Калі нас будзе сапраўды шмат, плошча запоўніцца цалкам. Такога яшчэ не было. Далучайцеся», — напісаў у Facebook адзін з членаў Аргкамітэта за сумленныя выбары Сяргей Пархоменка.

«Мы дамовіліся, што, а 19.00 (18:00 — паводле мінскага часу) 5 сакавіка заяўнікі правядуць мітынг на Пушкінскай плошчы і прылеглай тэрыторыі. На прыступках кінатэатра «Пушкінскі» будзе арганізавана імправізаваная сцэна, а ў выпадку вялікай колькасці людзей будзе перакрыты рух па Цвярской вуліцы.

Каардынатар «Левага фронту» Сяргей Удальцоў назваў перамовы «стамляльнымі» і сказаў, што апазіцыя пагадзілася на Пушкінскую плошчу як на адзіны пазасталы варыянт.

Намеснік мэра Масквы Аляксандр Гарбенка дадаў, што, па розных дадзеных, на мітынгу будуць прысутнічаць ад 10 да 30 тысяч чалавек, і ўлады горада і ГУУС прымуць меры для гарантавання бяспекі і мінімізацыі транспартных праблем.

За гадзіну, якая прайшла з моманту ўзгаднення заяўкі, у сетцы Facebook на старонцы, прысвечанай акцыі, звыш 1500 чалавек ужо пацвердзілі ўдзел і адправілі запрашэнні яшчэ 12 тыс. сваіх сябрам.

Як паведаміў на брыфінгу Сяргей Пархоменка,

на 5 сакавіка на Пушкінскай плошчы ўжо ўзгоднены іншы мітынг — КПРФ, толькі з іншага боку Цвярской вуліцы. «Сёння раніцай адказны прадстаўнік КПРФ сказаў нам, што ў выпадку, калі зойдзе размова аб такой канфігурацыі, калі Пушкінская плошча цалкам задзейнічана, то яны гатовыя правесці свой мітынг разам з намі», — сказаў Пархоменка.

Паводле яго слоў, у гэтым выпадку агульны мітынг будзе праходзіць адначасова на дзвюх сцэнах.

Раней Ліга выбаршчыкаў і Рух за сумленныя выбары падалі яшчэ тры заяўкі на правядзенне акцый пратэсту 8, 9 і 10 сакавіка.

* * *

Прэзідэцкія выбары ў Расіі пройдуць 4 сакавіка. У выбарах бяруць удзел сённяшні прэм'ер Уладзімір Пуцін, бізнесмен Міхаіл Прохараў, лідар "Справядлівай Расіі" Сяргей Міронаў, старшыня КПРФ Генадзь Зюганаў, лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі.

28 лютага ў інтэрв'ю тэлеканалу "Дождь" вядомы расійскі блогер і арганізатар антыпуцінскіх пратэстаў Аляксей Навальны заклікаў расіянаў прагаласаваць за любога з альтэранатыўных кандыдатаў, абы супраць "лідара партыі злодзеў і жулікаў" дзеючага прэм'ера У.Пуціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?