Завод «Аліварыя» вырашыў стварыць музей, дзе кожны ахвотны зможа даведацца пра гісторыю напоя. За першыя два дні працы музея, кіраўніцтва атрымала 60 заявак на экскурсіі.

Тут распавядаецца пра 150 гадоў гісторыі прадпрыемства — упершыню бровар узнік амаль на гэтым самым месцы ў 1864 г. Менавіта тады жыхарка Мінска Рохля Фрумкіна атрымала ад імператара Аляксандра ІІ дазвол на заснаванне

Кажуць, стварэнне бровару жанчынай — вялікая рэдкасць.

Сам будынак бровару быў драўляным і знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Багдановіча, і за год прадукаваў 85 тысячаў вёдраў піва. Пасля быў перадзел бровару нашчадкамі, крымінальная справа і першы медаль — ад Віленскага скакавога таварыства.

«У цяперашнім музеі вісяць копіі тагачасных дакументаў, паводле якіх удалося аднавіць першыя 30 год працы завода, — кажа спецыяліст завода Кацярына Іванова. — І пераўтварэнне яго ў больш моцны завод „Багемія“, які ўзначаліў граф Карл Чапскі».

Паколькі музей уваходзіць у склад завода, некаторыя рэчы захаваць не атрымалася — напрылад, нельга было пакінуць адкрытай старадаўнюю цэглу. Большасць экспанатаў музея адносіцца ўсё ж такі да савецкага часу, аднак і ад папярэдняга стагоддзя сёе-тое захавалася: напрыклад, кастыль ад трамвайнай рэйкі —

лінія мінскай конкі заканчвалася за прахадной завода.

Праз гісторыю існавання аднаго завода можна ўбачыць гісторыю апошніх 150 гадоў: ад табеля штрафаў для працоўных пачатку 20 ст., да пераўтварэння падчас Другой сусветнай у нямецкі бровар (надпіс Minsk Bier на сцяне захаваны), да часоў савецкіх, пра якія красамоўней за ўсё распавядаюць афіцыйныя фатаздымкі таго часу з подпісамі кшталту

«Рыдлёўшчыцы-саладоўшчыцы Гмыза і Іванова перадаюць досвед пералапачвання соладу астатнім працоўным».

Апроч таго экскурсія праходзіць праз цэх, дзе непасрэдна варыцца сённяшняя «Аліварыя», і сканчваецца ў адмысловай залі, дзе праводзяць дэгустацыі і пасяджэнні. Гэтая зала знаходзіцца ў тым самым памяшканні, дзе да нядаўняга часу была піўная ад завода, і месца гэта было хоць і знакавае, але не самае бяспечнае — там збіралася агромністая колькасць людзей, якія любілі піва і маглі ўжываць яго ў вялікіх колькасцях. «Менавіта праз іх даводзіцца закрываць музей на замок, — кажа спецыяліст завода Кацярына Іванова, — яны ўвесь час імкнуцца трапіць унутр. Зразумела, яны б вельмі хацелі б зрабіць гэтае месца ізноў „народным“. Аднак цяпер жа тут музей».

Пяць цікавых фактаў пра завод «Аліварыя»

1. «Аліварыя» можа паспрачацца з «Кока-колай» — пакуль не зразумела, у каго раней у рэкламе стаў фігураваць мядзведь. Але выглядае на то, што піўны завод «Беларусь» апярэдзіў «Колу» гадоў на пяць.

2. Напрыканцы ХІХ ст. існавала правіла — калі працоўным выдаюць піва, яго трэба выпіць на тэрыторыі завода. Цяпер, зразумела, наадварот.

3. Таксама да рэвалюцыі на тэрыторыі завода знаходзіліся кватэры для працоўных, але дзе менавіта яны знаходзіліся, пакуль высветліць не атрымалася.

4. Пры размяшчэнні сённяшніх піўных катлоў давялося зняць дах будынка — стары будынак мае вельмі вузкія калідоры і нізкія столі. Затое аўтэнтыка будынку захавалася максімальна.

5. З 1864 па сённяшні дзень праца завода ні разу не перапынялася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?