2 сакавіка ў Мінску адбылася прэзентацыя спецыяльных нумароў часопісаў «Беларусь» і «Китай», прысвечаных 20-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж КНР і Беларуссю. У яе межах былі закрануты пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў.

Адзін з такіх праектаў — будаўніцтва ў Мінску гатэля «Пекін». Паводле меркавання пасла КНР у Беларусі Гун Цзяньвэя, неабходна вырашыць праблемы, звязаныя з гэтым будаўніцтвам, на аснове ўзаемных дамоўленасцяў урадаў Беларусі і Кітая. Дыпламат паведаміў, што яму перададзены лісты жыхароў, якія выступаюць супраць узвядзення «Пекіна» ў парку 40-годдзя Кастрычніка. Тым не менш пасол перакананы, што гатэль будзе пабудаваны. Паводле яго меркавання, гэты пяцізоркавы гатэль амаль з 500 нумарамі «ўпрыгожыць пейзаж Мінска».

Паводле слоў намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, гарвыканкам усё ж прыняў неабходныя меры, каб расказаць мінчанам аб тым, што будзе пабудавана ў парку 40-годдзя Кастрычніка. Ён заявіў, што будаўніцтва гатэльнага комплексу — гэта практычна 70 млн. долараў прамых капіталаўкладанняў у беларускую сталіцу.

Іншы сумесны праект, які выклікаў неадназначную рэакцыю грамадскасці, — будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці. Як адзначыў Тозік, размешчаныя тут дачныя кааператывы і вёскі не пацерпяць.

Пад парк адведзена 8 тысяч гектараў. «На гэтай тэрыторыі размешчана некалькі вёсак, дачных кааператываў ці ўчасткаў, але іх ніхто ніколі не будзе чапаць», 
— сказаў Тозік. Падрыхтаваны ўказ прэзідэнта, у які ўнесена адпаведная норма.

Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што тэрыторыі досыць для таго, каб на ёй суіснавалі і вёскі з дачнымі ўчасткамі, і індустрыяльны парк. Ён прывёў у прыклад свабодную эканамічную зону «Брэст», якая існуе з 1996 года. Яе тэрыторыя — 7,5 тыс. га, але пад прамысловыя прадпрыемствы занята толькі прыкладна 200 га.

Тозік запэўніў, што пры будаўніцтве парка будуць захаваны ўсе экалагічныя нормы. «М
ы ж там не будзем будаваць заводы з дымнымі трубамі, там будуць абсалютна чыстыя экалагічныя прадпрыемствы, якія будуць поўнасцю адпавядаць экалагічным патрабаванням і Еўропы, і Беларусі, — сказаў ён. — Таму няма ніякіх падстаў асцерагацца з-за гэтага».
У парку будуць створаны тысячы працоўных месцаў для грамадзян Беларусі, заявіў Тозік.

Інфраструктуру парка плануецца зрабіць прыцягальнай для найлепшых сусветных кампаній. «Пройдзе чатыры-пяць гадоў, — заўважыў віцэ-прэм’ер, — і гэтыя людзі будуць удзячныя лёсу, што іх дачныя кааператывы і вёскі апынуліся на тэрыторыі індустрыяльнага парка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?