Расійскія аўтакраты ў гэты раз палохалі людзей нестабільнасцю. На фота: такімі білбордамі абвешалі расійскую правінцыю.

Расійскія аўтакраты ў гэты раз палохалі людзей нестабільнасцю. На фота: такімі білбордамі абвешалі расійскую правінцыю.

Актывісты апазіцыі не анансавалі вячэрнія акцыі пратэсту, але ўжо цяпер цэнтральныя плошчы Масквы перапоўненыя паліцыяй і аўтазакамі. Тэрыторыя каля Цэнтрвыбаркама ачэпленая, а выпадковых мінакоў адтуль выводзяць людзі ў цывільным. Сітуацыя нагадвае беларускую - у офісе арганізацыі, якая рыхтавала альтэрнатыўны падлік галасоў, шукаюць "бомбу", таму працэс падліку, відаць, будзе сарваная.

Увечары мела выходзіць на вуліцы толькі прапуцінская моладзь, каб адсвяткаваць перамогу свайго кандыдата.

* * *

Расійскія выбаршчыкі ў нядзелю галасуюць на выбарах прэзідэнта краіны.

Першыя выбарчыя ўчасткі адкрыліся на Калыме і Камчатцы. У Магаданскай вобласці адчыніліся 110 участкаў, у Камчацкім краі — 127, паведамляе Бі-Бі-Сі.

У Маскве ў ЦВК запрацаваў гэтак званы «відэамур» — экран, на які цягам дня будзе выводзіцца трансляцыя з вэб-камер на выбарчых участках.

Галасаванне завершыцца ў 20:00 па мінскім часе ў нядзелю з закрыццём участкаў у Калінінградскай вобласці.
Удзел у выбарах бяруць: прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін, лідар КПРФ Генадзь Зюганаў, старшыня ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі, кіраўнік «Справядлівай Расіі» Сяргей Міронаў і незалежны кандыдат, бізнесмен Міхаіл Прохараў.
Ніводнага кандыдата ад праўдзівай апазіцыі ў бюлетэнях няма.
Расійская палітычная сістэма адсейвае сілы, якія рэальна адкідаюць пуцінскі палітычны лад.

Карэспандэнты «Нашай Нівы» адправіліся ў Маскву асвятляць гэтыя выбары і паслявыбарчыя пратэсты — апазіцыя абяцае, што яны будуць.

Ні ў кога няма сумневаў, што Пуцін здабудзе сваіх 50 працэнтаў галасоў.
У краіне, дзе тэле- і радыёканалы цалкам кантралююцца ўладай, гэтага лёгка дабіцца.
Аднак гэтыя выбары, у адрозненне ад галасавання 2008 ці 2004 гадоў, маюць сваю інтрыгу.
Выбарам папярэднічалі 100-тысячныя акцыі пратэсту апазіцыі. Яны адновяцца ў панядзелак і будуць доўжыцца цэлы тыдзень.
Які маштаб набудуць паслявыбарныя пратэсты? Як яны будуць развівацца? Які сцэнар на іх падрыхтавалі пуцінскія сілавікі?
Ці паўтораць яны мінскі снежань-2010, ці дазволяць людзям свабоду выказвання?
Менавіта ад гэтага тыдня будзе залежаць траекторыя развіцця Расіі наступныя 6 гадоў.

Шэсць, бо змененая канстытуцыя падоўжыла прэзідэнцкі тэрмін у Расіі.

Паводле ацэнак расійскага сацыёлага Ігара Клямкіна, папулярнасць Пуціна падае і можа цалкам развеяцца ў наступныя гады.

Усё большую вядомасць набывае палітычны лідар новага пакалення — расійскі нацыяналіст Аляксей Навальны.
Гэты блогер з’яднаў вакол сябе правых і левых. Ён вылучыў некалькі тэм, якія аб’ядноўваюць расійскае грамадства: барацьба з карупцыяй, дэмакратызацыя палітычнай сістэмы, еўрапеізацыя дзяржаўных органаў.
Навальны заклікае да маніфестацый з палітычнымі патрабаваннямі. Ён прапануе разбіць у цэнтры Масквы намётавае мястэчка
і пратэставаць да таго часу, пакуль улады не задаволяць патрабаванняў апазіцыі. У прыватнасці, патрабуюць правядзення перавыбараў у Думу і адстаўкі кіраўніка Цэнтрвыбаркама.

Такім чынам, наша ўвага будзе скіравана на Маскву не толькі сёння, 4 сакавіка, але і наступныя дні.

Заставайцеся з «Нашай Нівай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?