Карысна паглядзець на беларуска-расейскую калізію ды нашы пэрспэктывы ўвогуле вачыма цьвярозага маскоўскага аналітыка.

Вось артыкул Фёдара Лук'янава у часопісе "Деловые люди".

Адрозна ад шэрагу сваіх расейскіх калегаў, Лук'янаў не выглядае носьбітам імпэрскіх комплексаў ці адэптам "братняга яднаньня".

Зь іншага боку, ён, натуральна, не ангажаваны і ва ўнутрыбеларускае палітычнае жыцьцё.

На дыстанцыі лепей бачацца пэўныя простыя рэчы, вакол якіх у нас ламаюць дзіды і нагрувашчваюць стэрэатыпы.

Вось некалькі ягоных высноў.

1. Капітуляцыя Беларусі, інтэграцыя на расейскіх умовах (чытай: паглынаньне) практычна нерэальныя.

Аўтар прыводзіць пераканаўчыя аргумэнты.

Сапраўды, ці не зашмат пораху змарнавалі ўжо нашыя апазыцыянэры на вэрбальнае процідзеяньне пагрозе аншлюсу?

Летась палохалі прывідам аб'яднаўчага рэфэрэндуму, пісалі адозвы ў рэтрастылі а-ля Кастусь Каліноўскі — і прафукалі разрэклямаванае стварэньне руху прыхільнікаў перамен, распрацоўку рэальнай стратэгіі, мясцовыя выбары...

Можа, рэч у тым, што быць вэрбальным незалежнікам — прасьцей за ўсё? Ня кажучы пра тое, што гэтая тога — бяспройгрышна-высакародная.

Што зрабілі за год, пытаецеся? Ну як жа — дзень і ноч захіналі Бацькаўшчыну ад аншлюсу!

Тым часам афіцыйны кіраўнік дэ-факта выціснуў сваіх ідэйных апанэнтаў і зь нішы абароны незалежнасьці, якую яны да пары да часу самаўпэўнена лічылі сваёй манаполіяй.

Дзе выразныя, зразумелыя электарату альтэрнатыўныя канцэпцыі энэргетычнае бясьпекі, пераадоленьня эканамічнае крызы, увогуле — адэкватнага адказу нацыі на выклікі часу?

Абяцаюць, што вынесуць пытаньні на чарговы кангрэс :)

Толькі вось жыцьцё ня хоча чакаць "ад зьезду да зьезду" (была такая рубрыка ў савецкай прэсе).

2. На Захад Лукашэнка ня пойдзе, бо нават мінімум дэмакратызацыі для яго непрымальны.

Зноў жа простая і выразная аргумэнтацыя.

Відавочныя рэчы, якіх чамусьці ня бачаць (ня хочуць бачыць?) нечаканыя энтузіясты братаньня з уладай на тле дзіўнага плякату, апатэозу эклектыкі: нацыянальны сьцяг побач з чырвона-зялёным, а над імі дамінуе зорны штандар Эўразьвязу.

Дый студзеньскі візыт ван дэр Ліндэна ў Менск пэўна ж быў фальстартам Эўропы.

(Дарэчы, ўсё стане ясна, калі ён не прыляціць на Дзень волі.)

Дыялёг, канешне, рэч добрая, але ня варта займацца прафанацыяй ці імітацыяй.

3. У Расеі няма сур'ёзнага апірышча ў Беларусі, і Маскве наўрад ці варта разьлічваць на палітычнае дамінаваньне тут у выпадку зьмены ўлады.

"Любы іншы прэзідэнт (нават камуніст ці генэрал КГБ) атрымае зусім іншы абсяг для манэўраваньня, — зазначае Лук'янаў, — тут Захад ужо дакладна прыкладзе ўсе высілкі, каб уцягнуць Менск ў сваю арбіту".

Энтузіясты раскруткі прарасейскага кандыдата рызыкуюць сесьці ў галёш.

Сёньня ж, прытым што яшчэ і да справы не дайшло (калі не лічыць "праекту Каракін" :), віртуальная баталія між умоўна прарасейскім і ўмоўна празаходнім крыламі апазыцыі расьцярушвае і без таго сьціплы рэсурс прыхільнікаў пераменаў.

Прычым бакі у значнай ступені займаюцца ўзаемнай дэманізацыяй.

4. Як Крэмль, так і Захад у агляднай пэрспэктыве ня стануць перагінаць кій у беларускім пытаньні.

Іначай кажучы, ня варта рабіць стаўку на тое, што рэжым вось-вось хрусьне, як арэх, між расейскім молатам ды заходнім кавадлам.

Тым, хто пазыцыянуе сябе як барацьбітоў з рэжымам, лепей было б адкінуць залішнія спадзевы на магутных дзядзькоў з Масквы ці "вашынгтонскага абкаму".

Ніякі бог з машыны ня зьявіцца.

Ніхто наш вузел адным махам не расьсячэ.

Шлях адзін — спакваля, спакойна і ўпарта, выбудоўваць альтэрнатыву, стоячы абедзьвюма нагамі на беларускім грунце.

Адно што паменей дубовасьці :)

А то "куды ні глянеш — б'юцца ў грудзі, што значыць: правільныя вельмі".

Ня трэба даводзіць да пены на губах, да параноі высьвятленьне, хто сьвядомы, а хто рэнэгат і запраданец.

Палітыка мусіць быць гнуткай. Калі хочаце, нават трошкі хітрай. І спрытна, творча выкарыстоўваць дзеля справы як расейскі, так і заходні чыньнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?