«Цяпер усе захоплена абмяркоўваюць канфлікт дыктатара з Еўрасаюзам, — піша ў сваім звароце Віктар Івашкевіч. — Выказваюцца розныя пажаданні і патрабаванні да еўрапейскіх дыпламатаў — як ІМ лепш вызваляць НАШЫХ палітвязняў. У многіх з’явілася надзея, што вось зараз еўрапейцы зрушаць Лукашэнку, і мы атрымаем, без усялякіх намаганняў са свайго боку, свабоду і дэмакратыю.

Летась у час размовы з адным еўрапейскім чыноўнікам той мне сказаў: «Вялікі дзякуй вам за ўсе вашыя прапановы таго, што мы павінныя рабіць. Але эфектыўна можна дапамагаць толькі тым, хто сам змагаецца за свае правы. Хай прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі толькі 25%, але гэта ж два мільёны чалавек! Як ВЫ САМІ збіраецеся змагацца за СВАЕ правы?!»

Зараз вы мне накідаеце кучу прычын сваёй палітычнай пасіўнасці: і лідара ў вас няма, і апазіцыя слабая і безыніцыятыўная, і народ неадукаваны, і дыктатар люты і жорсткі. І самае сумнае, што ўсё гэта праўда. Але праўда і тое, што калі чалавек сапраўды хоча дамагчыся свабоды, то ён знаходзіць сабе лідара ці сам робіцца такім, ён сам робіцца моцнай і ініцыятыўнай апазіцыяй, ён сам, не азіраючыся на «ўвесь народ», уступае ў барацьбу з дыктатарам, якім бы лютым той не быў.

Знайшлі ж у сабе сілы і мужнасць 77 членаў Рады БНР, ва ўмовах акупацыі Беларусі заходнімі і ўсходнімі акупантамі, 25 сакавіка 1918 года, аб’явіць на ўвесь свет: «Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай вольнай дзяржаваю, Дзе ўладу мае сам народ."

У 1991 годзе, дзякуючы смеласці і актыўнасці 40 дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце і тысячам народнафронтаўцаў на пл. Незалежнасці, мы атрымалі сваю незалежную дзяржаву з назвай Рэспубліка Беларусь, свабоду, юрыдычныя гарантыі сваіх нацыянальных, сацыяльных і палітычных правоў. Перад краінай адкрываўся шырокі шлях у сям’ю еўрапейскіх краін.

Сёння ў нас зарплата ніжэйшая, чым у кіргізаў, сотні тысяч беларусаў з’язджаюць на заробкі за мяжу, беларускія прадпрыемствы прадаюцца расійскім алігархам і арабскім бізнесменам, а беларускую зямлю засяляюць кітайскімі каланістамі. Не хацелі вучыць беларускую мову — будзеце вучыць кітайскую! І што, будзем працягваць ныць і чакаць, што нехта вызваліць нас на халяву? Халявы не будзе! Калі хочам заставацца беларусамі на сваёй зямлі, давядзецца адарваць свой зад ад крэсла і самім ісці змагацца за свае правы.

А для пачатку нам трэба 25 сакавіка, усім разам, выйсці на вуліцы ў Мінску і патрабаваць: СПЫНІЦЬ здачу незалежнасці КРАІНЫ! СВАБОДУ ЎСІМ ПАЛІТВЯЗНЯМ! НОВЫЯ СВАБОДНЫЯ ВЫБАРЫ!

І толькі не трэба ківаць на несвядомы народ і на апазіцыю, якая яго не ўтварыла і не перавыхавала. Вы ж адукаваныя! Вы ж усё ведаеце і ўсё разумееце! Што Вам замінае, акрамя ўласнай ляноты, пасіўнасці і баязлівасці, разам са мной, узяць бел-чырвона-белы сцяг і прыйсці?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?