04.03.2007 / 14:41

Туды, дзе фантануюць грошы Менск разгарнуў пошук фінансавага сілкаваньня па ўсіх азімутах 12

Пасьля чарговай перамогі на лыжні Лукашэнка ляціць у гарачыя пяскі арабійскай зямлі. Найперш, трэба думаць, па інвэстыцыі. Піша ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.

Зноў перамогшы на лыжні, афіцыйны кіраўнік Беларусі ляціць у гарачыя пяскі арабійскай зямлі. Найперш, трэба думаць, па інвэстыцыі. Але шэйхаў зь іх саладжавымі ўсьмешкамі разварушыць няпроста.

Эмісары афіцыйнага Менску даўно прыгледзеліся да гэтага райскага кутка. У шэйхаў грошай да халеры. Дый палітычныя норавы тут далёкія ад гнілой дэмакратыі Захаду. Чаму б не пасябраваць?

У 1999 годзе ў ААЭ двойчы пабываў тагачасны міністар замежных спраў Урал Латыпаў. Неўзабаве там адкрылася беларуская амбасада. Ад таго часу і па сёньня — рэдкі выпадак для такой ратацыйнай пасады! — прадстаўніцтва ачольвае Уладзімер Сулімскі.

У Эміраты завітвалі Шэйман, Мартынаў, Навумаў, Мальцаў, кіраўнік Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Азаматаў. Сёлета беларускую прадукцыю адпаведнага профілю паказалі на вядомай выставе ўзбраеньняў "Айдэкс".

Тут купляюць нашы колавыя цягачы, "МАЗы", падшыпнікі... Упадабалі і прадукцыю "Мілавіцы" :)

Менск разглядае Эміраты як патэнцыйны трамплін для гандлёвай экспансіі ў рэгіён.

Зрэшты, лічбы двухбаковага гандлю пакуль што ня ўражваюць. Летась таваразварот склаў толькі $26,1 млн. Гандаль ідзе няроўна (у 2003-м, напрыклад, было болей — $38,2 млн.)

Не выпадае казаць, што тамтэйшыя таўстасумы надта разагналіся інвэставаць у беларускую эканоміку.

На думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, тут можа адбівацца і ўплыў ЗША. (Дзеля даведкі: Эміраты — іхні стратэгічны хаўрусьнік у рэгіёне, тут месьцяцца амэрыканскія базы. Ад Дубаю зьнішчальнік, калі што, за паўгадзіны даляціць да Ірану.)

Галоўнае ж, бадай, тое, што ў эмірацкіх багацеяў ёсьць інвэстыцыйны выбар. Наўрад ці беларускія ўмовы выглядаюць найлепшымі, мяркуе Андрэй Фёдараў.

Карацей, фінансавыя ўкладаньні — гэта вам ня скачкі на Кубак Дубаю! Шэйхі умеюць пралічваць рызыкі бізнэсу.

Даводзіцца апэляваць да пасярэднікаў, напрыклад кіраўніка кампаніі "СБ-Тэлеком" Іда Самаві — удалага бізнэсоўца арабскага паходжаньня, які даўно пачуваецца ў Абу-Дабі сваім чалавекам.

Лукашэнка першы раз наведаў Эміраты ў сакавіку 2000-га.

Вось там сапраўды зьдзейсьнілі эканамічны цуд.

Ці даўно ангельцы на марскіх мапах пазначалі гэтыя мясьціны як Пірацкі бераг? Тубыльцы кампэнсавалі нягоды жыцьця ў голай пустэльні тым, што рабавалі караблі з каштоўнымі грузамі.

Цяпер там зямны рай з хмарачосамі, басэйнамі і нават сваімі Сілічамі :) — гарналыжным комплексам пад шклом!

І ўсё гэта пабудавана — nota bene! — без аніякіх дэмакратычных завітушак.

Фармальна ў краіне абіраецца прэзыдэнт. Але фактычна гэта спадчынная манархія. Галоўным эміратам Абу-Дабі ўжо два з паловай стагодзьдзі кіруе клан аль-Нахаян. Зь яго паходзіць і цяперашні афіцыйны лідэр краіны. Увогуле ж уладу дзеляць між сабой сем шэйхаў — кіраўнікоў эміратаў (яны і ўтвараюць раду, што абірае кіраўніка краіны).

Палітычныя партыі і прафсаюзы забароненыя. Фэдэральны нацыянальны сход ня мае нават заканадаўчай ініцыятывы і разглядае толькі праекты, прапанаваныя Радай міністраў. Прычым рашэньні парлямэнту ня маюць юрыдычнае моцы (!).

Праўда, і тут мусілі трохі саступіць заходнім прыхамацям.

Летась у сьнежні ўпершыню прайшлі частковыя выбары ў парлямэнт. Лёс 20 мандатаў (астатнія разьмяркоўваюцца дырэктыўна) вызначала вузкае кола выбаршчыкаў (у сваю чаргу, прызначаных шэйхамі:)

Карацей, трыюмф дэмакратыі. А ўжо аб правох чалавека і казаць няма чаго.

Самі разумееце, тут проста адпачываеш душой ад надакучлівых маралітэ пана ван дэр Ліндэна.

Во куды літаральна як на курорт могуць езьдзіць на абмен досьведам нашы парлямэнтары! А якія пэрспэктывы супрацы ў Руху недалучэньня!

Але ж галоўны імпэратыў, канешне, грошы.

Сёньня беларуская ўлада разгарнула іхні пошук па ўсіх азімутах.

Бо, адрозна ад Эміратаў, стварыць цуд на нафце не пашэнціла :(

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Аляксандар КЛАСКОЎСКІ.

0
Карэн 2 Аляксандар КЛАСКОЎСКІ / Адказаць
04.03.2007 / 17:05
Дзякуй за артыкул! Прышпільна і па справе адначасова!
0
Дарык / Адказаць
04.03.2007 / 17:44
'едліва. Да глыбіні душы. Але вось што і сапраўды,ык гэта вечныя павучэньні заходніх дэмакратаў. Яны ніяк не могуць уцяміць, што псіхологію цэлалага народу зьмяніць за нейкія дванаццаць гадоў ненмагчыма, а ўсё сьпяшаюцца, як маладзён да дзяўчыны са сваёй дактрынай найлепшай дэмакратыі. Прычым, не лепш, а нават страшней, болей упарта і бяздумна, чым Саветы, імкнуцца насадзіць так званую дэмакратыю паўсюдна: ад радаплемянных папуасаў да зрусіфікаваных і абсавечыных беларусаў. І не бачаць яны ніякай розьніцы паміж імі. Давай дэмакратыю! А калі не так, дык, блакада, як у Палестыне, бомбы, як у Косава, а то і адкрытая агрэсія, як у Іраку. ............................... Рэд. Непаважнасьці выдаленыя.
0
ABC / Адказаць
04.03.2007 / 19:30
@Дарык >ўсё сьпяшаюцца, як маладзён да дзяўчыны >са сваёй дактрынай найлепшай дэмакраты Правільна робяць. Раней пачаць - раней вынік будзе. >дэмакратыю паўсюдна: ад радаплемянных папуасаў >да зрусіфікаваных і абсавечыных беларусаў. І не бачаць >яны ніякай розьніцы паміж імі. Тых розьніцаў хапае паміж любымі народамі, на'т паміж брытанцамі і амэрыканцамі. Аднак, усе людзі мусяць мець магчымасьць рэалізаваць свае правы, сьцьверджаныя УДПЧ. І ў гэтым мы ўсе аднолькавыя. Дарэчы, калі вы захочаце адмовіцца ад сваіх правоў, дык дэмакратыя вам дасьць для гэтага магчымасьць - уступіце ў якую таталітарную сэкту, і справе канец.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру