Праваабаронца Валянцін Стэфановіч выплаціў штраф, прызначаны яму судом Партызанскага раёна Мінска.

«Сёння я павінен з’явіцца да судовага выканаўцы і прынесці квітанцыі, бо заканчваецца гэты сямідзённы тэрмін, вызначаны мне для аплаты штрафу ў сувязі з пастановай аб распачынанні ў дачыненні да мяне выканаўчай вытворчасці. Я штраф аплаціў яшчэ 2 сакавіка. Пазычыў грошы, многія згадзіліся мне дапамагчы. Я не павінен быць унесены ні ў якія спісы невыязных з Беларусі, таму што добраахвотна выканаў абавязацельствы аб выплаце штрафу», — заявіў Стэфановіч.

***

16 снежня 2011 года суд Партызанскага раёна пад старшынствам Веранікі Абрамовіч пастанавіў задаволіць іск інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Партызанскім раёне аб спагнанні са Стэфановіча падаходнага падатку, пені і дзяржпошліны ў 57 млн. рублёў.

Прычынай іску стала тое, што, на думку падатковай інспекцыі, Стэфановіч павінен быў плаціць падаходны падатак з тых грошай, якія пералічваліся рознымі арганізацыямі на праваабарончую дзейнасць на яго рахунак у літоўскім банку.

Мінскі гарадскі суд 13 лютага адмовіў у задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы.

Трэба адзначыць, што інфармацыя аб замежных банкаўскіх рахунках яшчэ аднаго беларускага праваабаронцы, Алеся Бяляцкага, перададзеная ў Мінск прадстаўнікамі Літвы і Польшчы, стала падставай для яго крымінальнага пераследу. Бяляцкі прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Потым улады гэтых краін прынеслі прабачэнні праваабаронцу і яго сям’і.

Прадстаўнікі замежнай і беларускай дэмакратычнай грамадскасці расцэньваюць суды над праваабаронцамі як палітычна матываваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?