У «Трастбанк» адным з акцыянераў якога з’яўляецца апальны беларускі бізнесмен Віктар Шаўцоў, адбылася змена кіраўніцтва. Юрыя Каштанава зусім нечакана на пасадзе старшыні праўлення банка змяніў Барыс Шац.
На афіцыйным сайце «Трастбанк» Барыс Шац прадстаўлены як в.а. старшыні праўлення. Шац працуе ў банку з моманту яго заснавання ў 1994 годзе, да нядаўняга часу ён займаў пасаду намесніка старшыні праўлення, падпарадкоўваючыся Каштанаву.

У чым прычына адстаўкі Каштанава, не паведамляецца. Але па інфармацыі з нашых крыніц (афіцыйна яна не пацвярджаецца) адстаўка банкіра можа быць звязаная з перадпродажнай дзейнасцю, якая вядзецца цяпер у дачыненні да «Трастбанка». Гэты актыў Віктара Шаўцова, які восенню мінулага года быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў у Венесуэле, можа быць прададзены для акумулявання сумы, неабходнай для пакрыцця шкоды, або па-іншаму — «выкупу» бізнесменам свайго вызвалення.

Інфармацыя пра тое, што Віктар Шаўцоў затрыманы, з’явілася ў кастрычніку 2011 года. Да гэтага часу і, па дадзеных з афіцыйнага сайта, цяпер Шаўцоў з’яўляўся і з’яўляецца старшынём наглядальнага савета кампаніі «Белзамежбуд». Гэтая структура, у якой «Трастбанку» належыць 10% акцый (астатні пакет размеркаваны паміж эмірацкім афшорам «Альмандо» брэсцкім «Будтрэстам № 8» і «Гомельпрамбудам») з’яўляецца галоўным трымальнікам кантрактаў па пастаўках у Венесуэлу беларускіх тавараў і падрадчыкам па ўсіх сумесных будаўнічых праектах.

Нашыя крыніцы запэўніваюць, што ў гісторыі з затрыманнем Шаўцова не абышлося без правай рукі Лукашэнкі і галоўнага прадстаўніка палітычных інтарэсаў Мінска ў Венесуэле — памочніка прэзідэнта па асаблівых даручэннях Віктара Шэймана. Сцвярджаецца, што менавіта з яго падачы Шаўцоў трапіў у няласку Лукашэнкі і пасля ў чэкісцкае СІЗА (афіцыйная версія) або ж па пратэкцыі кіраўніка БПЦ Філарэта — пад хатні арышт (неафіцыйная версія).

У канцы снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў факт арышту бізнесмена, назваў прычыны і заадно — рамачныя ўмовы яго магчымага вызвалення.

«Па ўсіх дзеяннях яго і іншых узбуджаная крымінальная справа, звычайная шараговая крымінальная справа па крадзяжу, вываду грошай, і правапарушэнні ў Венесуэле ў сувязі з будаўніцтвам там аб’ектаў усплылі» — агучыў Лукашэнка некаторыя падрабязнасці гучнай крымінальнай справы на снежаньскай прэс-канферэнцыі для беларускіх СМІ. «Гэта звычайная крымінальная справа, у нас такіх хапае, але гэты спадар не першы раз трапляе ў поле зроку праваахоўных органаў» — заявіў прэзідэнт.

«Яго злачынствы — у эканамічнай сферы. Правапарушэнні — эканамічная сфера. Шкоду нанёс дзяржаве? Двухразовы, трохразовы памер — грошы на стол, і пайшоў. Не заплаціць грошы — будзе сядзець у турме» — сказаў тады ж Лукашэнка.

Пазней у беларускіх СМІ са спасылкамі на прадстаўнікоў праваахоўных органаў з’явілася і інфармацыя аб памеры шкоды, які нібыта нанесены Шаўцовым і які ён павінен пагасіць — 10 млн. даляраў. То бок з улікам заявы Лукашэнкі Шаўцоў у выніку павінен адкупіцца або 20, або 30 мільёнамі даляраў.

У 2008 годзе каля 30 млн. даляраў унёс за зняцце з сябе абвінавачвання іншы вядомы беларускі бізнесовец, галоўны ўладальнік Гандлёвага дома «Ждановічы» Яўген Шыгалаў. Выплата гэтай сумы не адбілася на пераліку актываў, якія кантралююцца Шыгалавым, ён, як і раней, застаецца уладальнікам рынкаў, банка і іншых прадпрыемстваў.

Пералік кампаній і доляў, якія кантралююцца Шаўцовым, больш шматлікі, чым у Шыгалава. Аднак у адрозненне ад «Ждановічаў» нешматлікія з іх з’яўляюцца крыніцамі сталага кэша, гэта прадпрыемствы машынабудавання, «Галаграфічная індустрыя» частка грошай ўкладзеная ў нерухомасць. Так што, на думку экспертаў, нейкімі сваімі актывамі, каб сабраць патрэбную суму, бізнесмену давядзецца ахвяраваць. І не выключана, што «Трастбанк» можа апынуцца ў спісе на продаж.

Крыніца: ej.by

http://www.ej.by/news/companies/2012/03/07/__trastbank___prodadut__chtoby_sobrat__den_gi_na_osvobozhdenie_shevtsova_.html

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?