Сінгл «Масленіца» ад першых прадстаўнікоў Беларусі на «Еўрабачанні» сведчыць прынамсі пра тое, што Аляксандра Кірсанава і Канстанцін Драпеза працягваюць сваю дзейнасць.
Няхай сабе і без асаблівага натхнення.
З гэтай працы досыць цяжка зразумець, у якім кірунку цяпер працуюць музыкі.

Тое, што дуэт знаходзіцца ў творчым крызісе стала ясна недзе па выхадзе іх трэцяга нумарнога дыска «Аўтаномная навігацыя» (2006), пасля якога музыкі па сутнасьці толькі і рабілі, што перапісвалі ды па-новаму прэзентавалі ў асноўным вядомы матэрыял. Але рабілася гэта з упартасцю, вартай павагі. Пасыл іх новай працы найперш у тым, што яны не збіраюцца нікуды сыходзіць. Праўда ў тым, што хочуць прапанаваць слухачу «Аляксандра і Канстанцін» цяжка разабрацца паводле гэтага сінглу, у які ўвайшла «Масленіца» з радыёміксам ды кліпам на яе, стары і вядомы «Арол», парачка расейскамоўных нумароў ды адзін інструментал.

Раздрай выходзіць поўны, такое адчуванне, што на гэтым дыску прысутнічаюць песні, як мінімум трох розных выканаўцаў.
Адзін з іх працуе ўжо ў малаактуальнай стылістыцы дэкаратыўнага фолк-мадэрну, што пасуе хіба да якіх афіцыёзных імпрэзак. Другі спрабуе знайсці сябе ў «попе», спяваючы каляэстрадныя песенькі на фарматнай расейскай (хоць назвы песень на вокладцы чамусьці пазначаны на беларускай). А трэці наогул не пераймаецца ды спакойна сабе грае вясёлае бугі («Arisha Boogie» прысвячаецца сабаку, які жыве з Аляксандрай і Канстанцінам).

Безумоўна

ключавы нумар сінгла — зусім не рафінаваная «Масленіца», а «Арол».
Аляксандра мае проста фантастычна запамінальны голас, якім яна калісьці зачаравала ўсіх. Аздобіць бы прыгожа ды актуальна яе вакал у межах адзінай музычнай канцэпцыі — мог бы выйсьці цуд.

Варты адзначэння крэатыў у аздабленьні дыску з дасціпнай падачай назвы сінгла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?