Пасля сенсацыйнага выхаду ў плэй-оф галоўнага кантынентальнага турніру, кіпрская дружына абыграла ў 1/8 фіналу французскі «Ліён». У першай гульні «Апаэль» саступіў у гасцях з мінімальным лікам 0:1, а 7 сакавіка ў сябе дома выйграў з такім жа лікам дзякуючы галу Густава Мандука (9 хвіліна). Дадатковы час не прынёс забітых мячоў, а ў серыі пасляматчавых пенальці бліснуў цудоўным майстэрствам галкіпер кіпрыётаў Дыянмсіяс Хіётыс, які адбіў два ўдары. У выніку «Апаэль» перамог 4:3 і ўпершыню ў гісторыі прабіўся ў восемку найлепшых каманд Старога Свету.

У другім учорашнім паядынку дзеючы пераможца чэмпіёнскай Лігі іспанская «Барселона» з непрыстойна буйным лікам перамагла на сваім полі нямецкі «Баер» — 7:1. Гульня стала сапраўдным бенефісам найлепшага футбаліста планеты аргентынскага форварда «Барсы» Ліянэля Мэсі, які забіў 5 мячоў (25, 42, 49, 58, 84) — гэта рэкорд выніковасці ў адным матчы за ўсе гады правядзення Лігі чэмпіёнаў.

Яшчэ двойчы ў складзе гаспадароў адзначыўся 20-гадовы Крыстыян Тэльё (55, 62), а ў гасцей гол прэстыжу забіў Карым Беларабі (90 +1), прычым гэта быў адзіны удар у браму «Барселоны» за ўвесь матч. У першай гульні ў Леверкузене «Барселона» перамагла з лікам 3:1.

Днём раней пуцёўкі ў чвэрцьфінальную стадыю заваявалі партугальская «Бенфіка», якая перайграла па суме дзвюх сустрэч пецярбуржскі «Зеніт» (2:3 і 2:0), і італьянскі «Мілан», адолеўшы лонданскі «Арсенал» (4:0 і 0: 3).

Яшчэ 4 зваротныя гульні 1/8 фіналу пройдуць на наступным тыдні:

13 сакавіка

«Інтэр» (Мілан, Італія) — «Марсэль» (Францыя, вынік першага матчу — 0:1);

«Баварыя» (Мюнхен, Германія) — «Базэль» (Швейцарыя, 0:1).

14 сакавіка

«Рэал» (Мадрыд, Іспанія) — ЦСКА (Масква, Расія, 1:1);

«Чэлсі» (Лондан, Англія) — «Напалі» (Італія, 1:3).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?