Санкт‑Пецярбург у суботу нагадаў Менск узору 1997 году. Камэнтуе Віталь Тарас.

«Гэты горад – наш»

«Удзельнікі маршу, замест таго, каб рушыць на 4‑ю Савецкую, як было заяўлена, пайшлі проста – па праезнай частцы Лігаўскага праспэкту. 4‑я Савецкая была перакрытая «Уралом» АМОНу, аднак міліцыя не чакала, што дэманстранты пойдуць на Лігаўскі. Каб спыніць іх, ОМОН выставіў ачапленьне вакол станцыі мэтро «Плошча Паўстаньня». Аднак натоўп прарваў ачапленьне і каля трохсот чалавек выйшлі на Неўскі праспэкт. Ад пачатку акцыі міліцыя абвяшчала праз мэгафон, што акцыя забароненая ўладамі, і што дазволены мітынг ля Фінляндзкага вакзалу. Аднак туды ніхто не пайшоў. Сярод удзельнікаў шэсьця было шмат пэнсіянэраў. Разгорнутыя сьцягі партыяў, скандуюцца лёзунгі…»Ганьба!», «Гэта – наш горад». Міліцыі ўдалося спыніць рух калёны па Неўскім праспэкце. Удзельнікаў акцыі садзяць у міліцэйскія аўтобусы, міліцыянты накідваюцца на іх з дручкамі».

Калі ў гэтым інфармацыйным паведамленьні памяняць Лігаўскі праспэкт на вуліцу Багдановіча, а Неўскі – на праспэкт Скарыны, уражаньне такое, што дзеяньне адбываецца не ў Санкт‑Пецярбургу ўвесну 2007‑га, а дзесяць гадоў таму ў Менску. А калі яшчэ дадаць, што сярод удзельнікаў «Маршу нязгодных» быў заўважаны былы прэм’ер‑міністар Расеі Міхаіл Касьянаў ды ўспомніць пра ўздел у колішніх апазыцыйных акцыях беларускага экс‑прэмьера Міхала Чыгіра – ўражаньне «дэжавю» будзе поўным.

Не да іроніі. Апошнія падзеі й дыскусія вакол іх у асяродку апазыцыі, ці шырэй – інтэлектуальных колах Беларусі вымушаюць гаварыць аб тым, што нашае грамадзкае жыцьцё нібы вярнулася на дзесяць і болей гадоў назад. Можна было б казаць, што гісторыя, у тым ліку гісторыя грамадзкай думкі, паводле законаў дыялектыкі разьвіваецца ў выглядзе сьпіралі. Але прыходзяць да галавы больш простыя параўнаньні – напрыклад, з пачатковай школай, прагулянымі ўрокамі ды вучнямі, якіх пакінулі ў тае самае клясе на другі, або трэці год.

Дзесяць гадоў таму йшла чачэнская вайна. Дагэтуль няма дакладных зьвестак аб колькасьці яе ахвяраў. Паводле прыблізных ацэнак расейскіх праваабаронцаў, пачынаючы з 1994 году, на вайне загінулі каля 18 тысяч фэдэральных вайскоўцаў і каля 70 тысяч мірнага насельніцтва. Называюць лічбы і ў 100 тысяч чалавек.

Ніхто не асуджаны за ваенныя злачынствы. Нават само пытаньне аб гэтым у Расеі ніхто не ўздымаў.

Пры тым што дзесяць гадоў таму было неяк няёмка казаць аб сапраўднай дэмакратыі ў Расеі, хаця дэмакратычных правоў і свабодаў там было нашмат больш, як цяпер. Сёньня ў «паваеннай», кадыраўскай Чачэніі па‑ранейшаму шырока практыкуюцца выкраданьні людзей і катаваньні зьняволеных. Аб гэтым афіцыйна заяўляе ў Маскве чыноўнік Эўразьвязу па правох чалавека. Ніякай рэакцыі. Але ніхто ягоных словаў і не абвяргае.

Прэзыдэнт Расеі Пуцін дае згоду на прызначэньне Рамзана Кадырава, падазраванага ў датычнасьці да катаваньняў, выкраданьня людзей, да забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай і іншых злачынстваў, прэзыдэнтам Чачэнскае рэспублікі. Фактычна неабмежаваная ўлада перадаецца цяпер, як у сярэднявеччы, ад бацькі да сына. Масква, можна сказаць, бласлаўляе стварэньне свайго роду міні‑Туркмэністану на тэрыторыі Расейскае Фэдэрацыі. Галоўнае, каб васальная тэрыторыя прызнавала сваю васальную залежнасьць ад сюзэрэна ў Крамлі.

Экспарт «сувэрэннай дэмакратыі»

За апошнія дзесяць гадоў у РФ, паводле зьвестак Саюзу журналістаў Расеі, загінулі каля 300 рэпартэраў. Толькі ў 2006 годзе былі забітыя 9 расейскіх журналістаў, улучна з Ганнай Паліткоўскай. Гэта адбываецца ў мірны час.

У абсалютнай большасьці выпадкаў забойцы ня знойдзеныя. А ў шмат якіх выпадках (як, напрыклад, з атручваньнем былога дэпутата Дзярждумы журналіста Юрыя Шчакачыхіна) іх і не шукалі. Дагэтуль ня знойдзеныя заказчыкі забойства дэпутаткі Дзярждумы Галіны Старавойтавай, якая ўзначальвала партыю «Дэмакратычная Расея». «Дэмакратычнай Расеі» цяпер няма.

Такія дробязі, як забойствы на нацыянальнай глебе, ператварэньне выбараў усіх узроўняў у фарс, абдзяржаўленьне «Общественного российского телевидения», усіх фэдэральных і найбольш буйных рэгіянальных тэлекампаніяў і пэрыядычных выданьняў, паўторны суд над Хадаркоўскім і Лебедзевым, якія адбываюць пакараньне ў сібірскіх лягерах строгага рэжыму, пакінем у баку як неістотныя.

Істотна тое, частка апазыцыі й журналісцкага корпусу ў Беларусі, нягледзячы на, здавалася б, відавочнае, працягваюць пераконваць нас у тым, што Расея абагнала Беларусь паводле ўзроўню дэмакратыі «гадоў на пятнаццаць».

Цікава, што крамлёўскія ідэолягі апрўнім часам нават не спрабуюць раўнаць узровень расейскай дэмакратыі з эўрапейскім. Яны проста кажуць, што заходняя дэмакратыя й культура чужыя расейскай духоўнасьці, расейскаму ладу жыцьця. Які на галаву вышэй любога іншага ладу. Раней такую дэмакратыю называлі савецкай, цяпер – сувэрэннай.

Усьлед за Лукашэнкам Суркоў і падобныя да яго маглі б усклікнуць: «Мы свой народ за цывілізаваным сьветам не павядзем!»

Нам упарта спрабуюць давесьці – і ў Маскве, і ў нас дома, што Беларусі трэба пазычыць дэмакратыю ў Расеі, грамадзкі лад у якой быў й застаецца адзіным для нас узорам і альтэрнатывы якому, нібыта, няма. Напэўна, тыя, хто дагэтуль адчуваюць сябе часткай Расеі, альбо духоўна, крэўна ці як заўгодна яшчэ павязанымі зь ёй, шчыра вераць у яе мэсіянскую ролю. Але пытаньне ў тым, чаму трэба навязваць свае каштоўнасьці, прынцыпы і ўяўленьні іншым народам? Калі вы за дэмакратыю, хай сабе сувэрэнную, чаму ня даць народу сувэрэннай дзяржавы самому, без чужых падказак, вырашаць свой лёс?

Абсалютна нармальная справа – гандляваць, супрацоўнічаць у сфэры эканомікі, навукі, культуры з суседняй краінай. Супраць гэтага ніводзін нармальны чалавек у Беларусі ніколі не выступаў і ня будзе выступаць. І зусім іншая рэч – браць дзяржаўны і грамадзка‑палітычны лад суседняй краіны за ўзор, больш за тое – разглядаць уласную краіну, яе народ з уласнай гісторыяй як частку гісторыі іншае краіны, як нешта другаснае, што ня мае самастойнай ролі і каштоўнасьці.

«Інь» і «Янь»

Гэта можа падацца наіўнай абстракцыяй, чымсьці такім, што тычыцца выключна сьвятагляду пэўных індывідуумаў.

Але гэты сьветагляд у рэальнасьці набывае часта зусім практычны сэнс. Яго можа выказваць кіраўнік дзяржавы, які кажа, што беларускі і расейскі народы – гэта адзінае цэлае, бо паходзяць з аднаго дрэва. (Гэта прыблізна тое самае, што сказаць – усе людзі паходзяць ад Адама і Евы.) Выказваюць яго і дзеячы апазыцыі, калі кажуць, што разьлічваць у барацьбе з кіраўніком дзяржавы можна й трэба, найперш, на Маскву. У абодвух выпадках бакі апэлююць да Расеі як нейкага вышэйшага арбітра, як да «барина», які всех «рассудит». Толькі кіраўнік пакрыўджаны і раззлаваны на свайго «сюзэрэна», які няправільна паводзіць сябе ў дачыненьні да васала, а апазыцыя спадзяецца на ягоную ласку. Такім чынам на практыцы дэманструецца прынцып «адзінства й барацьбы супрацьлегласьцяў». (Мао Цзэдун заклікаў разумець законы дыялектыкі літаральна, у практычнай плоскасьці. У прыватнасьці, паводле іх, мужчына ёсьць процілегласьцю жанчыны, і ў выніку барацьбы «інь» і «янь» ды іхнага зьліцьця нараджаецца новае жыцьцё.)

Могуць запярэчыць, што празьмерныя спадзяваньні на падтрымку Захаду («заграніца нам паможа!») нічым ня лепшыя за спадзевы на дапамогу з Масквы.

Але паміж Усходам і Захадам усё‑ткі ёсьць істотная розьніца.

Зразумела, з тактычных меркаваньняў апазыцыя мусіць шукаць патэнцыйных хаўрусьнікаў і на Захаде, і на Ўсходзе, весьці перамовы з кім і дзе заўгодна, калі гэта можа прынесьці хаця б часовую карысьць. Але пры гэтым важна не губляць стратэгічных мэтаў і задач, бо йнакш апазыцыя заўсёды будзе ўяўляць сабой нешта аморфнае і безаблічнае, у якога няма ні «інь» ні «янь».

Унутры гэтага аморфнага ўтварэньня заўсёды будзе весьціся барацьба за лідэрства – то бок, за права называцца галоўным змагаром за дэмакратыю. Бо адзінае, што надае хаця б вонкавае адзінства апазыцыі, што служыць пакуль апраўданьнем яе існаваньня – гэта змаганьне з уладай канкрэтнай асобы, якая, у сваю чаргу, ні за што ня хоча прызнаць апазыцыю, хоць і не зьнішчае яе дашчэнту. Анты‑, паводле тае самае дыялектыкі, заўсёды мае на ўвазе нешта такое, без чаго гэтае «анты» ня можа існаваць. Так камунізм ня мог бы доўга існаваць без антыкамунізму, і наадварот. Абодва бакі процістаяньня маюць патрэбу адно ў адным, бо сілкуюцца ўзаемнай нянавісьцю.

«Украіна – не Расея»

Падзеньне цяперашняй улады стала б, напэўна, самым жорсткім выпрабаваньнем, калі не сказаць – пакараньнем для беларускай апазыцыі. (Трэба, праўда, зазначыць, што яна стала б ня першай і не апошняй сярод тых, на каго ў гісторыі выпала такое выпрабаваньне.) Бо тады давялося б вырашаць зусім іншага ўзроўню задачы, зьвязаныя з будучыней дзяржавы, а ня зь лёсам канкрэтных асобаў ці структураў, зь неабходнасьцю будаваць новае грамадзтва, а ня толькі.разбураць старое і рабіць падрахункі.

Расея не дапускае ніякай парадыгмы ва ўзаемадачыненьні з былымі «нацыянальнымі ўскраінамі» – толькі поўнае іх падпарадкаваньне і безумоўнае прызнаньне вяршэнства ўлады Крамля на ўсяе постсавецкай прасторы.

І ў гэтым істотнае адрозьненьне Расеі ад Захаду. Якія б інтарэсы ні перасьледвалі кіраўнікі асобных заходніх краінаў або карпарацыяў, Захад паводле вызначэньня не патрабуе падпарадкаваньня яму – прынамсі, у традыцыйным разуменьні гэтага слова. Там дзейнічаюць зусім іншыя правілы гульні, заснаваныя не на фэадальных парадках ці панятках «зоны».

Не патрабуе і не жадае той самы Эўразьвяз інкарпарацыі Беларусі ці іншых дзяржаваў. Калі было б інакш, ЭЗ даўно далучыў бы да сябе мірным шляхам Турэччыну, Сэрбію, Альбанію, Грузію і нават Украіну. Для таго, каб стаць часткай Зьвязу, ці хоць бы NАТО, трэба краіне, якая на гэта прэтэндуе, для пачатку хоць нешта сабой уяўляць. Быць нацыяй, а не транзытнай дзяржавай на мяжы Эўропы з Эўразіяй. Ня проста прызнаваць прынцыпы, на якіх грунтуюцца Рада Эўропы ды іншыя эўрапейскія структуры, але выпрацаваць уласнае бачаньне свайго шляху, свайго месца ў Эўропе.

Яшчэ да таго, як пачалася «аранжавая рэвалюцыя», прэзыдэнт Леанід Кучма, супраць уладараньня якога яна была скіраваная, напісаў кнігу «Украіна – не Расея». І гэта сапраўды так, якой бы сьмешнай тая назва ні падавалася камусьці ў Маскве. Частка маскоўскай эліты ня можа і ня хоча гэтага разумець дагуэтуль.

Але ЭЗ не сьпяшаецца даваць авансы цяперашняй Украіне, бо толькі ад рэальных крокаў яго кіраўніцтва, ад захадаў у эканоміцы і палітыцы, ад таго, за кім пойдзе на выбарах украінскі народ, а не ад Брусэлю з Вашынгтонам залежыць, ці стане гэтая дзяржава ў будучым часткай дэмакратычнай Эўропы.

Цяперашняя ўлада ў Беларусі працягвае, умоўна кажучы, пісаць калектыўны твор пад назвай: «Беларусь застаецца Расеяй». Не з Расеяй, а менавіта Расеяй – у палітычным, соцыякультурніцкім, гістарычным кантэкстах.

І апазыцыя ў цэлым, выглядае, пакуль так і не вызначылася, ці пагаджацца з гэтым ляялісцкім, нэасавецкім лёзунгам па сутнасьці, ці рабіць выгляд, што яна з гэтым лёзунгам згодная, хоць унутрана гатовая ісьці на Захад. Але толькі каб родны электарат аб гэтым не здагадаўся.

«Мы, беларусы, з братняю Русьсю…»

Налепкі з нацыянальным сьцягам, эмблемай ЭЗ і чырвона‑зяленым флагам побач ёсьць яскравым прыкладам свайго роду палітычнай шызафрэніі. Аб тым, якую моц могуць набываць падобныя ідэі, авалодаўшы масамі, можна было ўвачавідкі пераканацца яшчэ ў 1995‑м, падчас рэфэрэндуму аб мове і сымболіцы. Апазыцыі застаецца выйсьці на плошчы зь гімнам «Мы, беларусы, з братняю Русьсю».

Заклікі да нацыянальнай еднасьці могуць быць усур’ёз успрынятыя толькі ў тым выпадку, калі аўтары гэтых заклікаў самі будуць дэманстраваць еднасць і упэўненасьць у тым, што іх справа заснаваная на праўдзе.

Калі ясна паставіць мэту – ісьці ў Эўропу, а не ў Расею, яе можа падтрымаць значная частка грамадзтва. Наколькі значная – гэта ўжо залежыць ад розных фактараў, у тым ліку ад здольнасьцяў і харызмы палітыкаў, эфэктыўнасьці іх штабоў, арганізацыйных структураў, тактычнай гнуткасьці і г.д. Хістаньні ж, мімыкрыя, заляцаньні да Лукашэнкавага электарату – усё тое, чым пэрыядычна займалася апазыцыя цягам апошніх пятнаццаці гадоў, наўрад ці здольныя прыцягнуць пад нацыянальныя сьцягі новых прыхільнікаў. А вось адштурхнуць частку нацыянальна сьведамай інтэлігэнцыі і асабліва моладзь – могуць.

Пры гэтым частцы нацыянальнай апазыцыі, у сваю чаргу, таксама трэба ўжо адмовіцца ад старых стэрэатыпаў. Некаторыя яе прадстаўнікі кажуць – спачатку абаронім незалежнасьць, потым возьмемся за дэмакратыю. Айчына на першым месцы, правы чалавека – на другім. Гэтаксама праціўнікі дэмакратыі пятнаццаць гадоў таму цьвердзілі: спачатку – каўбаса, потым свабода. Чамусьці нікому не прыходзіла да галавы, што можа быць і тое і другое, і альтэрнатывай каўбасе свабода ня можа быць. Таксама як і каўбаса не замяняе свабоды.

Даўно насьпеў час зразумець і тое, што свабода і незалежнасьць ня ёсьць нейкімі абстрактнымі, далёкімі ад рэчаіснасьці тэрмінамі. У канкрэтных гістарычных абставінах незалежнасьць Беларусі ад Расеі, гарантыі яе сувэрэнітэту палягаюць менавіта на прынцыпах дэмакратыі і свабоды – тых самых прынцыпах, якія Эўразьвяз прапанаваў кіраўніцтву Беларусі ў якасьці падставовых умоваў для супрацы ва ўсіх сфэрах, у тым ліку эканамічных прэфэрэнцыяў. Інакш кажучы, размова вядзецца пра ўмовы яе будучага самастойнага існаваныя, без пасярэдніцтва з боку Крамля.

Чакаць дэмакратычных зьменаў, а значыць, і гарантыяў незалежнасьці з боку Расеі не даводзіцца. Шукаць жа «трэцяга шляху» – значыць, гарантавана апынуцца сярод краінаў «трэцяга сьвету». А можа, мы гэты момант прапусьцілі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?