9 сакавіка грамадскія актывісты Рагачова пачалі збор подпісаў пад адозвай да кіраўніка дзяржавы з просьбай перагледзець рашэнне аб правядзенні фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2013» у Гомелі на карысць горада Рагачова, дзе раней планавалася гэтае мерапрыемства.

Як паведаміў ініцыятар збору подпісаў Дзяніс Дашкевіч, у 2011 годзе ўладамі было прынята рашэнне аб правядзенні «Дажынак» у Рагачове, пра што неаднаразова пісала раённая газета. Прадстаўнікі райвыканкама на старонках мясцовага выдання запэўнівалі гараджан, што ў 2013 годзе ў райцэнтры пройдзе рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі, дзякуючы чаму Рагачоў зменіцца да лепшага. Мясцовыя чыноўнікі абяцалі, што да «Дажынак» у горадзе пабудуюць лядовы палац, канцэртную залу, стадыён, школу мастацтваў, пашыраць вуліцы і з’явіцца шмат іншых патрэбных сацыяльных аб’ектаў.

27 лютага на прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік заявіў, што «Дажынкі» ў 2013 годзе пройдуць у Гомелі, і гэтае пытанне ўжо ўзгоднена з Лукашэнкам.

«Гэтае рашэнне абурыла жыхароў Рагачова, якія чакалі добраўпарадкавання горада, будаўніцтва новых аб’ектаў, бо ў нас слабая інфраструктура.
Мы вырашылі падрыхтаваць калектыўны зварот да прэзідэнта», — сказаў Дашкевіч.

«Фестываль „Дажынкі“ — свята для працаўнікоў вёскі, жыхары Рагачова з’яўляюцца імі больш за жыхароў Гомеля.

Мы з нецярпеннем чакалі гэтага фестывалю, бо дзякуючы такому мерапрыемству ў нашым горадзе істотна палепшылася б інфраструктура.
Акрамя таго, мы чакалі Вашага візіту ў наш горад. Мясцовыя ўлады прэзентавалі нам грандыёзныя па мерках горада праекты, абяцалі іх рэалізаваць да пачатку фестывалю. Але нам стала вядома, што свята перанеслі ў горад Гомель, і фактычна ўсе запланаваныя праекты будуць замарожаны. На падставе выкладзенага просім Вас вярнуць арганізацыю фестывалю Рагачову», — пішуць у адозве да Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя жыхары.

Паводле слоў Дашкевіча, на гэты момант пад адозвай сабрана больш за 100 подпісаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?