ПРА ГЭТА
Я.П.
Гэта
ня Спрэчка.
Калі ж называю,
то гэта - проста ўказаньне:
"Тут - Дасканаласьць".
(Месца Намёку.
Тым і Прысутнае.
Я замаўкаю.)
"Бог"?
Гэта цытата: з Бога.
1981
ПОЗЬНЯЕ АДЦЬВІТАНЬНЕ ШЫПШЫНЫ
помніць нібыта душа пра пабоі
ды ачышчаючыся - прамяніцца
раны сама асьвячае захоўваючы сябе
у акрапленьні - уся!
о гэта паветра - бязьлюднасьці!.. -
(ці памёр
нехта
каго і ня помню:
вось і бадзяцца! нікому
каб - нібы вінаваты - ні слова)
1982
❏
ДОЎГА: У ШОЛАХІ-Й-ШОРГАТЫ
Зноў - памяці Паўля Цэляна
Шолахі, шоргаты. Як скавышы па халоднай сьпіжарні і сыплецца дзесьці мука. Ці - скаланае салому ў пакінутым усімі падворку. Шоргат, - нібы нараджэньне якойсьці краіны.
"Быць - мышшу", - казаў той паэт. Быць - мышшу. Галовакружэньне і запамарока. Пасьля гаварылі, што яд. Напалову паляк. Напало-о-о… Быццам за шолахам шатаў - парэз. З бойні. І схаваная ў шоргаце кроў. Хаця б - чалавека-адзежа. Адзіна, адзіна, - у вадкасьці мукаў.
А, рэ-бэ, ты з усяго - і такога, і гэткага - быў такі аднародны, - бруд, парваная кніга і кроў, - о, амаль што Празрыстасьць, - зімовы вулічны танец, дзіравая сьвітка, чалавека-сумёты (паўсюль бо жабрацкі пот, - нават у саломе: там - на вятры, і ў рассыпанай жменьцы мукі).
Жыцьцё, рэбэ.
А потым, - тут. Гэты твар… - усёабдымны. Быццам ходзіш па горадзе, і паўсюль - "маё", кожны кут. Галавакружна. Пасьля - запамарока. Ну, хаця б вось, - сад (усё гэта - твар і ў твары): выплеснуўся - недасяжнасьцю. Скочыў наўпопяць, боль - як ад шкла. І - ня ўцісь-несь-ся. "Сад - як сад". Быццам - модны матыў. Бяз дна. І - побач.
І як жа такое дзеецца ў голасе: хаваецца нейкае дно. І нават размаўляем - словамі? Вецер. Бяз дна. Не назавеш нават - знакамі.
А гэты, з Вугоршчыны. Проста - брацкая магіла і ўсё. Выкапалі - з усімі разам (бо гэта ж найважнейшае) - у сьвятло Дня, і проста - вось, Радзіма. Вырашэньне пытаньня. З усімі разам (гэта найважнейшае).
"Бог" - хібны выраз. Ёсьць толькі: "А Бог?" На вякі вякоў.
Потым - гэтыя выправы. Ка-тань-ні. Па ўзнагароды. Прамовы. Усё слушна. У славу. І ўсё - быццам: па-паветры! І быццам па небе гу-ля-е: боль-мова, - самотна, - для неба. Пуста. Падохнеш, - сьцісьнесься - адно болем. Мова? - Вецер Сусьвету.
О, як усё проста. Гэта - такое "проста", што ў мове - ня будзе. (Можна паспрабаваць. Адразу выступіць - рэч. "Простае", - такая Свабода, - для параўнаньня: розум увёў распад.)
Запамарока. Проста, галавакружна.
О, шолахі, шаты мае. Салома. Сьмець-ць-це. О, шоргат, скура мая. Я-радзіма, я-такая-адзежа-і-плоць. З шолахам-скурай.
Запамарока.
Хай ніхто не крычыць. То бок. Ня я ж. "Я" - ліпкае. Ёсьць штосьці іншае (за - шолахам. За гэтым шоргатам).
І ў вадзе гуляе зрок гэтага француза. Падлі-і-і-іна. Што гэта, - сутнасьць? - шаты? А-дзін-ства.
Забудзь. О, калі ж. Забудзь. І - пачынаецца чысьціня.
І.
Запамарока. З усім брудам - мукаў.
Без - усплыцьця.
Не-Bapteme.
Не-е.
1991
Пераклаў з расейскай Андрэй Хадановіч