На магілёўскім хлебазаводзе № 4 працаўнікі, незадаволеныя заробкамі, напісалі зварот на адрас кіраўніцтва аб’яднання «Магілёўхлебпрам», у склад якога ўваходзіць прадпрыемства. Даслаць яго працаўнікі не паспелі, бо, як яны заяўляюць, адміністрацыя, даведаўшыся пра гэта, адразу пачала пераследаваць магчымых аўтараў ліста.

Паводле слоў адной з працаўніц хлебазавода, пад зваротам паспелі паставіць подпісы тры дзясяткі чалавек. Людзі дамагаюцца ад кіраўніцтва, каб яно патлумачыла, чаму заробкі такія нізкія ў той час як прадпрыемства працуе, адгружае прадукцыю і лічыцца паспяховым.

«Далажылі ім, што існуе ліст і збіраюцца подпісы. Сталі ўсіх па адным выклікаць, ціснуць, запалохваюць
. Цяпер людзі напалоханыя і баяцца ставіць свае подпісы. Заробкі ў нас невысокія.
Працуем мы па 12 гадзін. У „разлікоўках“, якія мы атрымліваем, — працадні па восем гадзін.
Ужо гэта мы лічым незаконным. Пагражаюць непадаўжэннем кантрактаў. Вось у мяне кантракт заканчваецца 30 красавіка. Чатыры чалавекі ёсць такіх, якія пойдуць да канца, што б там ні было, нават да звальнення. Проста надакучыла. Я атрымліваю мільён дзвесце — мільён чатырыста. Чаго ў нас такія мізэрныя заробкі? Мы працуем ад званка да званка», — кажа жанчына.
Сёння на прадпрыемстве павінен адбыцца сход. Працаўнікі непакояцца, што ён ператворыцца ў судзілішча над ініцыятарамі звароту да кіраўніцтва «Магілёўхлебпрама», якіх нібыта ўжо выявілі.
У адміністрацыі запэўніваюць, што гэта планавае мерапрыемства з удзелам прафсаюза і іншых службаў прадпрыемства. Што да звароту, то супрацоўнік адміністрацыі пракаментаваў яго так: «Паслухайце, дык гэтага звароту ніхто не бачыў. Мы ж і на сходах кажам: „Давайце вашы патрабаванні“. Пры чым тут нейкі ціск? Нікога яшчэ не выгналі, калі ў чалавека жаданне нешта змяніць. Рот нікому не закрываем».

Што да прэтэнзій, звязаных з несправядлівым, як лічаць работнікі, улікам працоўнага часу, то суразмоўца зазначыў: «Колькі чалавек адпрацаваў, столькі яму і паставяць. Так, у нас дванаццацігадзінная змена. Але калі чалавека, дапусцім, раней адпусцілі, то што яму ставіць дванаццаць гадзін у табелі? Няма ў яго большага аб’ёму працы, то яму, канечне, восем паставяць».

Месяц таму на магілёўскім хлебазаводзе № 4 запусцілі новую лінію замежнай вытворчасці. Адкрываў яе старшыня аблвыканкама Пётар Руднік.

Ён хваліў прадпрыемства і адзначаў высокія заробкі на ім.

На Магілёўшчыне няшмат прыкладаў, каб працаўнікі калектыўна наважыліся бараніць свае правы. Сёлета быў толькі адзін такі выпадак. Брыгада муляраў акцыянернага таварыства «Прамжылбуд» паспрабавала абараніць ад звальнення свайго калегу, прафсаюзнага актывіста Аляксея Паўлоўскага. Пасля гутарак прадстаўнікоў адміністрацыі сам-насам з падпісантамі звароту ў абарону Паўлоўскага амаль усе яны ад сваіх подпісаў адмовіліся.

Як паказвае практыка, кіраўніцтва прадпрыемстваў звальняе тых працаўнікоў, якія здольныя да арганізацыі пратэстаў. Акрамя Паўлоўскага, сёлета звольнілі прафсаюзных актывістаў Алега Аксёнава з Магілёва — ён кіраваў страйкамам на домабудаўнічым камбінаце, а таксама Канстанціна Локцева з Бабруйска. Працуючы ў аздараўленчым лагеры «Мара», той агітаваў працоўных, каб яны ўступалі ў незалежныя прафсаюзы. За гэта, як сцвярджае Локцеў, яго і звольнілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?