Здарэнні2020

15-гадовы пустэльнік

Выхаванец пінскай школы-інтэрната 40 дзён пражыў у зямлянцы.

Сваю маму са святам вясны Дзяніс не павіншуе. Ён яе амаль не памятае. І не ведае, дзе яна цяпер. Бацькоўскіх правоў жанчыну пазбавілі сем гадоў таму. Домам для васьмігадовага пінчука спачатку стаў сацыяльны прытулак, затым дзіця глядзелі, але не справіліся з абавязкамі апекуноў дзядуля з бабуляй.

Далейшае выхаванне хлопчыка дзяржава па чарзе давярала Быценскаму дзетдому, Магілёўскай спецшколе, Ястрамбельскаму дзіцячаму дому, Пінскай школе-інтэрнату, тры тыдні таму адказная эстафета перайшла да дзіцячай выхаваўчай калоніі. Тут, у закрытай установе, цяпер ужо 15-гадоваму падлетку трэба будзе правесці паўтара года.

Кайданкі на яго надзелі адразу пасля абвяшчэння судом абвінаваўчага прысуду. І ён да такога этапу ў сваім жыцці быў маральна гатовы.
За плячыма асуджанага 3 ўцёкаў са школы-інтэрната і дзясятак крадзяжоў з дамоў, якія будуюцца, гаражоў і садовых таварыстваў…

Жыць у Пінску, кажуць педагогі школы-інтэрната, Дзяніс першапачаткова не хацеў. У вёсцы ён адчуваў сябе камфортней, улетку збіраў ягады ў лесе і здаваў нарыхтоўшчыкам, меў карысны занятак і сумленна заробленыя грошы.

У горадзе дзяцінства сацыяльнага сірату чакала абмежаванне ў перамяшчэнні і кантроль з боку выхавальнікаў. І ад такой перспектывы дзевяцікласнік збег літаральна на другі дзень пасля прыезду.

Жыў у будане і закінутых гаражах, заробленыя на зборы ягад грошы траціў на прадукты харчавання. Толькі праз два з паловай тыдні аднакласнікі знайшлі яго і сілай прывялі ў інтэрнат. Кантроль за ўцекачом узмацнілі, але праз тры тыдні той зноў сышоў не развітаўшыся.

«Залаты запас» да таго часу ў яго скончыўся, хлеб давялося здабываць. Падлетак пранікаў у гаражы і недабудаваныя дамы, выкрадаў электраінструмент і прапаноўваў яго першым сустрэчным. І яны куплялі, не пытаючыся ў хлапчука, адкуль тавар.

Поўная рызыкі свабода працягвалася роўна тыдзень. Непаўналетняга затрымала міліцыя і, аформіўшы дакументальна яго супрацьзаконныя прыгоды, вярнула ў Пінскую школу-інтэрнат. Там уцекача памылі, накармілі, выдалі новую вопратку і часова змясцілі ў ізалятар.

Пагаварыць адкрыта не паспелі. Менш чым праз суткі ён зноў збег, умудрыўшыся абломкам сталовай лыжкі адкрыць акно ў ізалятары.

Шукалі Дзяніса 40 дзён і не знаходзілі.
А ён трымаўся далей ад горада, абраўшы для жыхарства лясны масіў недалёка ад вёскі Бердуны. Выкраў на адной з дач рыдлёўку, сякеру, іншы працоўны інструмент і збудаваў сабе жыллё: добра замаскаваны схоў памерам 2,5 на 1,5 м і глыбінёй 1 м 70 см. Лішні пясок раскідаў па баках, зверху зямлянку засыпаў лістотай. Вузкі, нібы лісіная нара, лаз закрывала старая куртка.

Ежу гатаваў на газавай пліце, яе разам з 50-літровым балонам малалетні пустэльнік пазычыў ў дачным доміку. Каб даставіць нялёгкі груз да месца жыхарства, там жа здабыў і ровар. Яго потым выкралі. На адной з дач падлетак прыхапіў спальны мяшок, на другой — посуд, на трэцяй — ліхтарык і старэнькі радыёпрымач, на чацвёртай — рэпрадукцыю абраза Найсвяцейшай Багародзіцы з Дзіцяткам. Ён прымацаваў яе над сваім «ложкам са старога адзення проста на земляной падлозе.

Словам, мінімальныя ўмовы для самастойнага жыцця Дзяніс сабе стварыў. Побач з ім заўсёды знаходзіўся верны сябар — сабака Джэсі, якога падлетак знайшоў галодным на аўтобусным прыпынку і прытуліў. Так яны і жылі ўдваіх. Не хапала толькі ежы, і гаспадару даводзілася здабываць яе ў садовых таварыствах. Як выказаўся ў судзе адзін з пацярпелых, гэта быў злодзей з душой. Шкло ён не разбіваў, а акуратна даставаў з рамы, лішняга не браў.

Дзяніс ведаў, што рана ці позна яго знойдуць. І калі ў лесе з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, сам выйшаў ім насустрач.
Бруднага і абадранага падлетка змясцілі на абследаванне ў псіхлякарню. Дактары сказалі, што пацыент здольны адказваць за свае ўчынкі.

Пазней аказалася, што ён умее і слова трымаць. У школе-інтэрнаце, дзе абвінавачаны знаходзіўся да суда, адміністрацыя прапанавала яму да мінімуму знізіць кантроль у абмен на абяцанне, што не збяжыць. І падлетак пагадзіўся. Умовы вуснай дамовы выконваліся. Дзяніс акуратна наведваў заняткі, выконваў хатнія заданні, дысцыпліну не парушаў.

— Разумны хлопчык, — кажа пра яго намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Пінскай школы-інтэрната Алена Кандрацюк. — І не па гадах самастойны.
Сам сабе вопратку папраўляў, хоць у нас у інтэрнаце швачка ёсць, школьную мэблю рамантаваў. Марыць стаць цесляром. Напярэдадні суда ён сядзеў у мяне ў кабінеце і па-даросламу разважаў пра тое, у якіх умовах адбывае пакаранне былы прэм’ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка. Нікога з нашых выхаванцаў гэтае пытанне ніколі не цікавіла.

Большасць пацярпелых, даведаўшыся пра абставіны жыцця абвінавачанага, адмовіліся ад матэрыяльных і маральных прэтэнзій да яго і прасілі суд строга не караць хлопца. Яны былі адзінымі, хто ўслых яму шчыра паспачуваў.

Праз паўтара года Дзяніс вернецца ў Пінскую школу-інтэрнат. Тут падлетка ўжо добра ведаюць. Вось толькі ці атрымаецца з ім пасля калоніі знайсці агульную мову — вялікае пытанне.

UPD

Аповед уласнага карэспандэнта «Вячэрняга Брэста» Паўла Куніцкага пра 15-гадовага падлетка, які ўцёк з са школы-інтэрната і 40 дзён пражыў у зямлянцы, выклікаў у беларускім грамадстве велізарны рэзананс. Людзі неабыякавыя да лёсу хлопчыка і заклікаюць рэдакцыю «Вячэрні Брэст» і адно аднаго дапамагчы яму пазбегнуць дзіцячай выхаваўчай калоніі.

Кінуты кліч сабраць грошы і пакрыць пацярпелым матэрыяльную шкоду,
пасля чаго звярнуцца да прэзідэнта краіны з калектыўнай просьбай аб памілаванні падлетка. Вельмі шмат хто гатовы хоць заўтра ўнесці ўклад у добрую справу.

Паведамляем чытачам, што звяртацца да прэзідэнта пакуль няма неабходнасці. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. Адвакат хлопчыка падаў касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд. Дата разгляду касацыі яшчэ не вядомая. Час сабраць грошы і пакрыць за падлетка матэрыяльную шкоду (ён складае каля чатырох мільёнаў рублёў) у нас ёсць. Уключаныя ў матэрыялы крымінальнай справы распіскі пацярпелых аб кампенсацыі ім шкоды могуць быць улічаныя судом як акалічнасць, што змякчае віну падлетка.

Грашовыя сродкі неабходна накіроўваць паштовым пераводам па адрасе: 225710, Брэсцкая вобласць, г. Пінск, вул. Янішчыц, 22 кв.8. Куніцкаму Паўлу Іванавічу.

Дарэчы, галоўнага персанажа гэтай гісторыі завуць зусім не Дзяніс. Паколькі ён непаўналетні і прысуд не ўступіў у законную сілу, нельга называць яго сапраўднае імя. Яно стане вядомае пазней, калі гісторыя атрымае больш шчаслівы канец. Спадзяемся, так яно і будзе.

Каментары20

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню58

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Усе навіны →
Усе навіны

Вядучая «Марафону адзінства» ў падтрымку Лукашэнкі адпачывала ў Латвіі27

На поўначы Брэста працягвае смярдзець, улады заклікаюць «не панікаваць»2

Са Швецыі дэпартуюць яшчэ адну беларускую сям'ю11

Пад Быхавам адкрылі помнік археалагічнай знаходцы 1960 года. Ён падобны да надмагілля

Ва Украіне пад уплывам пратэстаў вяртаюць незалежнасць антыкарупцыйным органам8

У Мёрах падлетак прадаваў парнаграфію, выкарыстаўшы нумар суседа

Берасцеец ператварыў сямітонны валун у каменную ванну5

Мінчукі скардзяцца на атручванне пасля наведвання вядомага рэстарана. Працу ўстановы прыпынілі7

«Саўт-парк» жорстка высмяяў Трампа. Белы дом рэзка асудзіў12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню58

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць