Паводле дадзеных следства, абвінавачаныя, якіх на лаве падсудных дзевяць чалавек, шляхам змены складу асфальтава-бетонавай сумесі стваралі лішкі, якія пасля выкрадаліся. На лаве падсудных 5 службовых асобаў — начальнікі дарожна-будаўнічых упраўленняў, а таксама прадстаўнікі камерцыйных структур.

Як паведаміў намеснік начальніка аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастановаў па крымінальных справах абласной пракуратуры Дзяніс Кічыгін, у выніку злачынных дзеянняў шэрагу дарожна-будаўнічых арганізацый вобласці была нанесеная шкода ў памеры 1 млрд 24 млн рублёў. У асноўным шкоду панеслі магілёўскае дарожна-будаўнічае прадпрыемства № 3, прадпрыемства «Магілёўаблдарбуд» і «Магілёўаблаўтадор».

Падсудным ставіцца ў віну парушэнне некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Большасць з іх падазраюцца ў крадзяжы шляхам злоўжывання і ў прысваенні або растраце даручанай маёмасці ў буйных памерах.

Акрамя таго, у справе прысутнічае абвінавачанне некаторых падсудных у легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам.

Па словах Кічыгіна, крымінальная справа займае 60 тамоў, больш за 200 чалавек праходзяць па ёй як сведкі. Як сцвярджае намеснік начальніка аддзела, гэта першая крымінальная справа такога вялікага аб’ёму. У той жа час яна магла быць яшчэ большая, бо першапачаткова ў ёй фігуравалі не дзевяць, а каля 15 асоб. «У дачыненні да некаторых былі прынятыя акты памілавання з прычыны кампенсацыі шкоды, прызнання віны. Крымінальны пераслед у дачыненні да іх быў спынены», — расказаў работнік Магілёўскай абласной пракуратуры.

Як адзначыў Кічыгін, працэс быў абвешчаны закрытым таму, што аднаму з падсудных таксама ставіцца ў віну ўцягванне ў занятак прастытуцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?