На БТ сэрыял "Генэралісымус" пра Сталіна - Бог мой, як соладка! Тэлевізары не пераварочваліся, інстанцыі заявамі-пратэстамі не завальваліся. Назаўтра і гаворкі іншай не было чутно ў горадзе, як пра шчодрасьць на добрае для народу таго вусатага дзядзькі. І гэта пасьля ўсяго, што напісана-выдадзена пра тырана. А кажуць, хто аднойчы волі паспытаў, на вякі вечныя будзе ёй адданы. Шчасьлівая Ахматава, што насуперак запавету-прыпушчаньню помніка, дзе прасіла - на Лубянцы, - не дачакалася: можа, і заплявалі б сёньня во такія "сценаристы" ды "писатели". Ні Грахоўскі іх не пераканае, ні Салжаніцын, ні Шаламаў, ні мільёны іншых, хто на сабе зьведаў хараство ГУЛагу. Хіба што ўласны досьвед паможа - ці надоў толькі? - апрытомнець.

* * *

Цёмнае, вычварнае, нялюдзкае прэ з усіх шчэлак. Вось ужо і бібліятэкарам у размовы са староньнімі на працоўным месцы "рэкамендавана" не ўступаць, і настаўнікам ад галоўнай тэмы ўроку ні на сантымэтар не адхіляцца, і таго ды гэтага ў аўдыторыю да люду паспалітага не пускаць. А часта ў якасьці падбухторшчыкаў да такіх "рэкамэндацыяў" - п'яніцы вядомыя, абібокі, нікчэмнасьці. Напярэдадні Караткевічавых угодкаў, праз пару дзён пасьля ўстаноўчага сходу "правільнага" пісьменьніцкага саюзу аднаму з такіх патэлефанавалі, каб да ўдзелу ў чытаньнях пры бібліятэцы запрасіць. "З гэнымі? Ні ў якім разе! - адказаў абурана. - І наагул ведайце: апошні раз сатана баль правіць!" Сатана - калегі па літцэху, якімі без малога два дзясяткі гадоў кіраваў і насуперак якім каго і адкуль толькі мог - і тых, каго брудам неаднойчы абліў, і тых, каго ня тое што за творцаў - за людзей ня лічыць, - агітаваў-валок дзеля лічбы на памянёны зьезд. Насамрэч - сатана.

* * *

Яшчэ злачынцамі не аб'яўленыя - а ўжо пачуваемся імі, веніка, пад якім перасядзець-перачакаць навалу можна было б, шукаем. Зь пяцісот з гакам сяброў пісьменьніцкай суполкі на лёсавызначальным апош-нім зьезьдзе - дзьве з паловаю сотні. Зразумела: дзень працоўны, ды непагадзь, ды мала што яшчэ... Перасьцярога, вядома ж: а раптам убачыць хто на той "апазыцыйнай" сходцы, і даводзь тады, што не вярблюд. Ды і клопат не абы-які пры стале трымае: твор несьмяротны конча трэба завяршыць, каб у зборнік побач з Быкавым пасьлязаўтра пасьпець уціснуцца. То хай Марыйка Баравік з Падсьвільля - што ёй губляць, усё адно бяднейшаю ужо, як ёсьць, ня стане. Аціхнуць жарсьці, тады і мы пасьмялеем, пагамонім-паразважаем - можа, і прылюдна нават - пра... подзьвіг Каліноўскага.

* * *

Дзьве рэчы найбольш распаўсюджаныя сярод нашага чынавенства. Першая - неадольная прага ўласьцівыя свайму асяродку правілы гульні на іншыя сфэры, у тым ліку і на тыя, дзе яны няшмат разумеюць (напрыклад, на творчую), пераносіць. Другая - ацэньваць (і асуджаць, адпаведна) чалавека па тым, як і што ён думае. Ведаюць: ад думкі, калі яна нават да часу і пад коўдраю хаваецца, да ўчынку - праз слова - адзін крок. І вось гэты крок і трэба нейкім чынам прадугледзець, прадухіліць. З тых, што гэта дасканала засвоілі, ва ўсе часы найлепшыя ў сэнсе выніковасьці паляваньня на іншадумства служкі ад ідэалёгіі выходзяць. А калі яшчэ і мэдыйнае забесьпячэньне на належным узроўні... Мяркуючы па атмасфэры, што сёньня ў маім горадзе пануе, віцяблянам у гэтым сэнсе вельмі "пашанцавала".

* * *

Па тэлевізіі - пра культурна-асьветніцкія цэнтры размова. Дзевятнаццаць у вобласьці мае быць згодна з плянам, а ёсьць адзін - у Лужках Шаркаўшчынскага раёну. Пра Германавіцкі, Язэпа Драздовіча імя, што ў тым жа раёне колькі гадоў дзейнічае, - ні слова. Ня тыя асобы апякуюцца памяцьцю мастака, а як ня тыя - то і нямашака быццам ні апекі тае, ні апекуноў.

* * *

У тым жа цэнтры Германавіцкім зь Лераю Сом літсустрэчу ладзім. Люду - няшмат, хоць і цікавасьць нібыта ёсьць у абарыгенаў да літаратуры, і слова роднага дарэшты ня выракліся. "Папрасіла настаўнікаў, каб прыйшлі - рукамі паразводзілі: няможна, даведаецца хто з начальства, - мала ня будзе, - арганізатарка цэнтру Ада Райчонак, што студэнтаў маіх колісь адданасьцю справе падчас экскурсіі гэтак уразіла, кажа. - Баяцца людзі".

* * *

Няшчасная істота - карова: праз усё жыцьцё абкрадае яе гаспадар, цыркае сабе ў даёнку спадкаемцу каровінаму - бычку - належнае. А тая і радая нібыта, лашчыцца, мычыць ад задавальненьня, як дояць. А можа, толькі ўдае, што радая, мела б голас - вунь бы як бы ашчэрылася? А можа, і не ашчэрылася б: ці мала хто мае яго, а не наважваецца падаць.

* * *

Раб на рабе едзе і рабом паганяе. Раб-дырэктар, раб-рэктар, раб-міністар, раб-пісака. Першыя трое коштам уціску чужога сумленьня заробак уласны аплацяць, апошні аплату тую, а разам і сам факт рабства прылюдна ўславіць. Усе - сярэдняя кляса, узаконеная, патэнтаваная. Цёпла, утульна і з валізамі па рынках дзеля забесьпячэньня дабрабыту сям'і валэндацца ня трэба. Як слова сэнс свой першапачатковы страчвае! У стражытных раб быў - дык праўдзівы раб, без акалічнасьцяў-прыдаткаў. Сьпелім, сьпелім іх, словы, а карыстацца па прызначэньні, ужываць адпаведна зьместу ніяк не навучымся.

* * *

Яшчэ адзін пост-адвэнт у дадатак да кананічных перадкаляднага ды перадвелікоднага - перадвыбарны. Туды - нельга, там - непажадана, тое - забаронена. "Чаму?" - запытаесься. "Выбары хутка, - чуеш у адказ. - Вось пройдуць, тады, можа..." Як належнае, як Богам самім дадзенае.

* * *

Так званы Дзень роднай мовы... Пара сюжэцікаў на тэлеэкране (з рэвэрансам на адрас уладаў, вядома), яшчэ сёе-тое. І ні ў адным дзяржаўным выданьні, ні ў адной тэлепраграме - пра суд над літаратарскай суполкай, на 2 сакавіка прызначаны, пра забароны кшталту "поручаем принять меры по недопущению проведения в учреждениях образования мероприятий по линии общественного объединения "Союз белорусских писателей" за подпісам міністра, пра адмену на нефілялягічных факультэтах ВНУ курсу беларускай мовы, што мяркуецца ажыцьцявіць зь першага верасьня. Маўчком, ціхай сапай, пад цынічныя хваласьпевы той самай мове, любай сэрцу нібыта.

* * *

Паводле Ўайлда, найпершы абавязак хворага - супакойваць наведнікаў. Ды часта тых якраз, каму і ты, і тваё здароўе, мякка кажучы, абыякавыя. Для некаторых такая магчымасьць супакойваць - своеасаблівы рытуал, пэўнага роду гульня. Але ведаў людзей з гэтае пароды, што ў безвыходнай сытуацыі, як толькі пачыналі ўсьведамляць сур'ёзнасьць пагрозы сьмерці, імгненна мянялі паводзіны: замыкаліся ў сабе, адыходзілі ў лепшы сьвет у абсалютнай самоце. Хоць, ня выключана, гэта таксама гульня - у дакаранкі: мне вось блага было, памёр нават, а вы тым часам дзе былі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0