За апошнія два гады ў сферы дарожнага будаўніцтва ў асноўным паводле матэрыялаў падраздзяленняў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі было выяўлена звыш 60 злачынстваў.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 13 сакавіка ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі Эдуард Нікіцін, выкрыты злачынствы супрацоўнікаў дарожных арганізацый і камерцыйных структур, што ажыццяўляюць дзейснасць у сферы дарожнага будаўніцтва, у Магілёўскай, Гродзенскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Яны ўчынілі крадзяжы некалькіх тысяч тон бітуму — асноўнага вяжучага рэчыва для асфальтабетоннай сумесі — на мільярды рублёў.

Паводле слоў Нікіціна, толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці крадзяжы былі выяўлены ў дзевяці раёнах. Да адказнасці прыцягваюцца больш як 20 службовых асоб прадпрыемства «Магілёўаблдарбуд».

Прадстаўнік МУС паведаміў, што лішкі бітуму, якія краліся, атрымліваліся з-за недаўкладання вяжучага кампанента ў асфальтабетонную сумесь.

Гэта стала магчымым таму, што з 227 асфальтабетонных установак, якія ёсць у краіне, 167 выпрацавалі свой нарматыўны рэсурс і цяжка разлічыць неабходны расход бітуму.
Каб зарабіць на бітуме, праводзіліся фіктыўныя здзелкі з нядобрасумленнымі суб’ектамі гаспадарання, фірмамі-аднадзёнкамі, на рахункі якіх паступалі бюджэтныя сродкі ад рэалізацыі імі вытворцу асфальту яго ж бітуму. Пры гэтым паўсюдна парушалася пастанова Савета міністраў № 1615 ад 12 снежня 2003 года, якая забараняе закупляць бітум без правядзення конкурсу ў прадпрыемстваў, непадведамасных канцэрну «Белнафтахім».

Нікіцін паведаміў, што на мэты дарожнага будаўніцтва, рамонту, мадэрнізацыі дарог у 2011 годзе дзяржавай было выкарыстана з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў 632 мільярды рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?