13.03.2012 / 21:42

Чыноўнікі не заявілі каманду шаблістаў на турнір у Венгрыю

Да чыноўнікаў, па віне якіх беларуская шабельная каманда не была заяўлена на этап Кубка свету ў Будапешце, будуць прыменены меры дысцыплінарнай адказнасці. Аб гэтым 13 сакавіка заявіў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.

Паводле яго слоў, 12 сакавіка адбылося пасяджэнне прэзідыума федэрацыі фехтавання, на якім прысутнічалі намеснік міністра спорту і турызму Сяргей Нерад, старшыня дырэктарата нацыянальных каманд па відах спорту Андрэй Фомачкін і «ўсе асобы, якія мелі дачыненне да гэтай непрыемнай гісторыі».

«Разбор палётаў насіў жорсткі характар. Прысутныя ўстанавілі ўвесь ланцужок падзей, з-за якіх шабельная каманда не была заяўлена на этап Кубка свету. У ходзе дэталёвага вывучэння было адзначана, што з боку Мінспорту ўся праца, звязаная з забеспячэннем выезду фехтавальшчыкаў на спаборніцтвы, была праведзена. Аднак з боку асобных службовых асоб былі пралікі. Перш за ўсё размова пра дзяржаўнага трэнера Ігара Крэнціка, галоўнага трэнера Максіма Лагоцьку, трэнера-метадыста Генадзя Халяўскага. Імі не была забяспечана адпраўка заявачных дакументаў. Таксама ўстаноўлена, што адпаведнага кантролю не было і з боку кіраўніка дэлегацыі Аляксандра Сурымты», — расказаў Несцяровіч.

Паводле яго слоў, цяпер рыхтуюцца загады аб прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай адказнасці. Таксама прынята рашэнне аб тым, што вінаватымі павінны быць кампенсаваны сродкі, патрачаныя на гэтую паездку. Прэс-сакратар адзначыў, што ўздымаецца пытанне і аб неадкладным звальненні вінаватых, аднак у выніку такія радыкальныя меры было вырашана не прымяняць. У той жа час канчатковае рашэнне будзе выносіць міністр спорту і турызму Алег Качан, які ў найбліжэйшыя дні павінен падпісаць адпаведны загад.

Нагадаем, у пачатку сакавіка беларуская шабельная каманда ў складзе шасці спартсменаў і персаналу, якая прыбыла на этап Кубка свету ў Будапешт, не была дапушчана да спаборніцтваў з-за адсутнасці заяўкі на спаборніцтвы, якую не аформілі да вылету.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру