І гэта параўнанне з краінамі Еўропы — не на карысць Беларусі. Беларусы трацяць на ежу больш за 40% сваіх даходаў, у той час як еўрапейцы — толькі 10–20%.

Паводле звестак Белстата, у структуры спажывецкіх расходаў хатніх гаспадарак у цэлым па краіне доля расходаў на харчаванне павялічылася з 39% у 2010 годзе да 41,3% у 2011 годзе.

Паводле дадзеных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак у Мінску ў 2011 годзе, грашовыя выдаткі адной хатняй гаспадаркі ў сярэднім за месяц склалі 3 млн 512,2 тыс. рублёў (у цэлым па Беларусі — 2 млн 747 тыс. рублёў). У Мінску на куплю прадуктаў харчавання і харчаванне па-за домам расходавалася ў сярэднім за месяц 1 млн 150,7 тыс. рублёў, ці 41,1% ўсяго спажывецкага расходу. У сталіцы, як і ва ўсёй краіне, у параўнанні з 2010 годам доля расходаў па гэтым паказчыку павялічылася на 3,3%.

Тэндэнцыя павелічэння расходаў на харчаванне і памяншэнне выдаткаў на аплату жыллёва-камунальных паслуг (у Мінску ў 2011 годзе 5% супраць 6,5% у 2010-м) — характэрная для краін з невысокім узроўнем развіцця. У Еўропе выдаткі на харчаванне перавышаюць выдаткі на жыллё і складаюць ад 10% да 20% бюджэту сям’і. Астатнюю частку даходаў (за выняткам так званых абавязковых плацяжоў) еўрапейцы расходуюць на адзенне, забавы, адукацыю і прадметы раскошы.

Грунтуючыся на дадзеных статыстычных арганізацый розных краін Еўропы, эксперты Цэнтра эканамічнага аналізу «РІА-Аналітыка» склалі рэйтынг еўрапейскіх дзяржаваў па долі выдаткаў на прадукты харчавання ў структуры спажывецкіх выдаткаў.

Беларусь у гэтым рэйтынгу займае трэцяе месца з канца з 38 еўрапейскіх краін.

Менш за ўсё ў структуры бюджэту сваіх хатніх гаспадарак трацяць на ежу жыхары Люксембурга — толькі 8,1%, Вялікабрытанія і Ірландыя — 8,5% і 8,6%, адпаведна. У першай пяцёрцы таксама Аўстрыя і Германія — 9,6% і 9,8%, адпаведна.

Замыкаюць рэйтынг краіны былога СССР. На апошнім месцы знаходзіцца Украіна, жыхары якой выдаткоўваюць палову сваіх спажывецкіх выдаткаў на ежу. На другім месцы з канца Малдова (доля прадуктаў харчавання ў выдатках 40,8%), далей — Беларусь (39,2%). Расія займае 34-е месца з паказчыкам долі выдаткаў на прадукты ў 28,8%.

Тое, што нам даводзіцца працаваць, каб у асноўным пракарміцца, эканаміст Міхаіл Залескі лічыць вельмі паказальным для ілюстрацыі ўзроўню жыцця беларусаў у параўнанні з еўрапейцамі. Толькі ўзнікае пытанне, чаму гэта адбываецца пры ўстойлівым і хуткім росце ВУП і іншых рэкламаваных уладамі дасягненнях беларускай дзяржавы?

На думку Міхаіла Залескага, насамрэч сітуацыя яшчэ горшая, чым паказвае статыстыка.

«Думаю, каля 60% сем’яў трацяць на харчаванне дзве траціны свайго бюджэту. І гэтая сітуацыя ў Беларусі ўстойлівая на працягу апошняга стагоддзя. За царызмам сітуацыя ў Беларусі мала чым адрознівалася ад еўрапейскай. Затым былі вайна, перамога камунізму і зноў вайна. Праўда, пры савецкай сістэме значную частку даходаў людзі атрымлівалі з дапамогай фондаў грамадскага спажывання. Калі чалавек не траціцца на фундаментальныя выдаткі — жыллё, ахова здароўя, страхаванне і адукацыя — не мае вялікага значэння, што на харчаванне ідзе такая значная частка бюджэту. Аднак цяпер атрымліваецца так: значная доля выдаткаў на харчаванне захоўваецца, а адэкватнай замены гэтым фондам няма», — адзначыў Міхаіл Залескі.

Хоць дзяржаўная прапаганда тыражуе мантру аб бясплатных для насельніцтва адукацыі і ахове здароўя, рэальнасць ужо даўно не адпавядае ёй. Значнай частцы насельніцтва даводзіцца плаціць за медыцынскія паслугі, таму што шэраг абследаванняў або кансультацый у спецыялістаў у дзяржаўных клініках цяжкадаступныя або невысокай якасці. Вышэйшая адукацыя наогул выжывае за кошт студэнтаў-платнікаў, доля якіх у агульным ліку навучэнцаў ВНУ ўжо перавысіла 60%. Пры гэтым кошт навучання пастаянна расце.

Акрамя таго, адзначыў Міхаіл Залескі, выклікае пытанні структура выдаткаў на харчаванне ў Беларусі.

Зменшыліся ў 2011 годзе выдаткі на куплю мяса і мясапрадуктаў да 31,8% выдаткаў на харчаванне (у 2010 годзе — 32,3%), агародніны і бахчавых да 6% (6,6%), рыбы і рыбапрадуктаў — да 4,9% (5,6%), бульбы — да 1,2% (1,5%). Пры гэтым павялічыліся выдаткі на малако і малочныя прадукты — да 17,7% (17,2%), хлеб і хлебапрадукты — да 12,6% (12,2%), садавіну і ягады — да 8,5% (8, 4%), яйкі — да 2% (1,9%), алей, маргарын і іншыя тлушчы — да 2% (1,3%), цукар і кандытарскія вырабы — да 5,6% (5,2%) .

«Не сакрэт, — адзначыў Міхаіл Залескі, — што нашы дзеці п’юць менш натуральных сокаў, якія з’яўляюцца складнікам рацыёну і ў краінах Еўропы, і ў ЗША. Якасць прадукцыі, якую спажываюць беларусы, таксама выклікае пытанні. Свежы прыклад — беларускае малако не хочуць купляць ва Украіне».

На думку эканаміста, пасля ўсведамлення, скажам так, асаблівасцяў выдаткаў сямейнага бюджэту па-беларуску, неабходна думаць аб тым, як сітуацыю змяніць. Калі разбагацець ужо заўтра мы не зможам, то падумаць, як змяніць нешта ў сваім жыцці, варта ўжо сёння.

«Я за тое, каб людзі пачыналі з сябе, не чакалі выратавання ад дзяржавы, а спрабавалі нешта рабіць», — падкрэсліў Залескі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?