16.03.2012 / 13:24

Паляк, які стаў удмуртам 23

Гутарка з рэжысёрам першай удмурцкай камедыі «Узы-боры» Пятром Палганам: пра поп-культуру як рухавік нацыянальнага адраджэння і пра герояў нашага часу.

Паляк Пётр Палган адчувае сябе ва Удмурціі як дома.

Камедыя "Узы-боры" знятая з гумарам і лёгкім эратызмам.

Падчас удмурцкае імпрэзы.

Пётр нарадзіўся ў Польшчы, але цяпер жыве ў расійскім Іжэўску, дзе адчувае сябе на месцы.
Адкуль захапленне ўдмурцкай культурай?

«Я перакладчык з венгерскай, скончыў Кракаўскі універсітэт, — распавядае Пётр Палган. — Падчас вучобы ў Будапешце мы пасябравалі з удмурцкімі студэнтамі, якія пачалі вучыць мяне сваёй мове, прывезлі мне шмат удмурцкіх кніг. Ужо ў дзяцінстве мяне цікавілі нацыянальныя і рэлігійныя меншасці. Калі я вучыўся ў ліцэі ў сваім родным Чэнстахове, я назіраў габрэйскую супольнасць.

Я адчуў павагу да людзей, якія захоўваюць сваю ідэнтычнасць нават калі гэта нязручна альбо небяспечна.
Я заўжды ім зайздросціў і шкадаваў, што сам належу да большасці — цяжка быць палякам у краіне, дзе 97% палякаў табе нецікавыя. Пасля я цікавіўся венгерскай меншасцю ў Румыніі, польскай у Літве і літоўскай у Польшчы. Калі я пазнаёміўся з удмуртамі, адразу адчуў, што магу зрабіць для іх што-небудзь карыснае. Я адчуў сябе ўдмуртам і падумаў, што яны мне патрэбныя болей, чым я ім. Я жыву ва Удмурціі ўжо другі год, выкладаю польскую мову.

НН: Наколькі складана было вывучаць удмурцкую?

ПП: Мова шырока не выкарыстоўваецца, і я,

трапіўшы ў Іжэўск, мусіў сам ствараць моўны асяродак.
Я быў у шоку: згодна з статыстыкай, у Іжэўску (630 000 насельніцтва) 30% жыхароў — удмурты, але мовы я нідзе не чуў. Я здзіўляўся, чаму ўдмурты не патрабуюць прасторы для сваёй культуры, але паступова пачаў разумець прычыны. Ёсць і палітычныя, як у Беларусі, а ёсць і ўнутраныя, ментальныя. Адна знаёмая (яна сама філолаг, родам з вёскі) аднойчы сказала:
«Пятро, удмурцкая — мая адзіная родная мова, я на ёй размаўляю з бацькамі, яна для мяне святая і я не хачу, каб на ёй рэкламавалі гарэлку альбо «Адзіную Расію».
Трэба сказаць таксама пра русіфікацыю і каланіялізм (некаторыя называюць гэта прыгожым словам «глабалізацыя»).

Нядаўна я чытаў кнігу Амстронга «Украінскі нацыяналізм» — там ёсць фрагменты пра экскурсіі для ўкраінскіх студэнтаў-камуністаў з Львова ў Кіеў, арганізаваных савецкай уладай у 1939. Ад такіх экскурсій хуценька адмовіліся, бо яны прынеслі ўдзельнікам расчараванне ў нацыянальнай палітыцы СССР.

Арганізатары паказвалі гасцям з Заходняй Украіны дасягненні савецкай ўкраінскай культуры — Акадэмію Навук, універсітэт. Але ў трамваі пасаромеліся гаварыць з імі па-ўкраінску.
Госці з горада, дзе ніколі не было расійскай улады, не маглі зразумець, як можна саромецца сваёй мовы ў публічных месцах.

Такая «дружба народаў» працягваецца дагэтуль, і плацяць за яе слабейшыя народы.

Удмурты ў 1990–91 не выявілі палітычнай актыўнасці (як татары, башкіры), і іх аўтаномія засталася толькі на паперы.

НН: Чаму самі ўдмурты не карыстаюцца ўласнай мовай?

ПП: Беларусы лепш за ўсіх разумеюць гэтае становішча і мноства фактараў, якія адказваюць за русіфікацыю. Па-першае,

родная мова не адыгрывае ніякай ролі ў грамадскім і прафесійным жыцці, яе выкладаюць выключна ў вясковых школах (іх каля 250), яна не ўжываецца ў ВНУ
(акрамя двух факультэтаў удмурцкай філалогіі — у Іжэўску і Глазаве).
Тэлевяшчанне на удмурцкай мове — 1–2 гадзіны ў дзень
на рэспубліканскім тэлеканале. Згодна з савецкай мадэллю,
існуе адна штодзённая газета для дарослых (наклад 2000 ас.) і адзін дзіцячы часопіс (1000 ас.),
якія практычна немагчыма набыць у шапіках.

Улада імкнецца ўскласці адказнасць за русіфікацыю на саміх удмуртаў. Сапраўды — самі ўдмурты не хочуць запісваць дзяцей ва ўдмурцкі клас, не чытаюць удмурцкія выданні, усё радзей размаўляюць дома на роднай мове.

Ніхто не хоча, каб яго дзіця стала грамадзянінам другога гатунку.
Аднойчы знаёмы студэнт на афіцыйнай сустрэчы спытаў прэзідэнта Удмурцкай Рэспублікі Волкава, чаму скарачаецца навучанне па-ўдмурцку ў вясковых школах. Прэзідэнт адказаў: «Хлопцы, а навошта яно вам трэба?» На жаль, меркаванне большасці ўдмуртаў супадае з меркаваннем прэзідэнта.
Ёсць і іншыя фактары: гістарычная адсутнасць удмурцкага нацыяналізму, сэксуальныя і культурныя комплексы, падсвядомы страх і павага да расейцаў як да народа-пераможцы
(знаёмы ўдмурцкі пісьменнік сказаў мне, што ва Удмурціі калектыўны стакгольмскі сіндром).

НН: Удмурцкая культура ў свеце амаль невядомая. Што можа змяніць становішча?

ПП: Маладыя ўдмурты, якія вучацца ў ВНУ іншых краінаў, арганізуюць там канцэрты і канферэнцыі (дні ўдмурцкай культуры штогод ладзяцца ў Венгрыі, Эстоніі, Фінляндыі, а цяпер і ў Парыжы), аўтарскія сустрэчы, знаходзяць для ўдмурцкай культуры адданых сяброў, навучаюць мове і запрашаюць іх на радзіму, прапануюць перакладаць кнігі. Гэты

працэс пачаўся адразу пасля адкрыцця Удмурціі (да 1990 года яна была практычна закрытай для іншаземцаў тэрыторыяй з-за прамысловасці ўзбраенняў).

Я сказаў шмат сумнага на пачатку, але забыўся сказаць самае галоўнае: удмурты — вельмі ўпарты народ, і ў мяне няма сумненняў, што ў іх вялікая будучыня. Іх унікальная і арыгінальная культура ў сучаснай форме цікавая шмат каму. Дзесяць гадоў таму з’явіліся пераклады твораў удмурцкага этнафутурызму на замежныя мовы, яны прыцягнулі ўвагу чытачоў у фінавугорскіх краінах. Цяпер мы чакаем чагосьці новага ў літаратуры, на жаль, не хапае добрай прозы, літаратуры факту, рэпартажаў.

Думаю, гэта цікава — як на Расію і яе складаную гісторыю глядзяць нярускія.

Удмурты саспелі для таго, каб пісаць на складаныя і «нязручныя» тэмы са свайго пункту гледжання.
Што тычыцца фальклору і традыцыйнай культуры — гэта сапраўдная перліна, тут удмурты стаяць на еўрапейскім узроўні, дзякуючы сваім выдатным даследчыкам і артыстам. Візітоўка ўдмурцкай культуры — ансамбль-тэатр «Айка». Ён вядомы аматарам фальклору ў Еўропе, дзе яго шануюць за аўтэнтычнасць і сучасны падыход да фальклору.

НН: «Узы-боры» — камедыя. Чаму вы абралі лёгкі жанр?

ПП: Калі ў 2009 я прыехаў у Іжэўск вучыцца на факультэце ўдмурцкай філалогіі, я заўважыў, што ўдмурцкая культура нецікавая маладым людзям. Ва Удмурціі ёсць шмат добрых паэтаў і вельмі дрэнная проза, ёсць добрыя фальклорныя калектывы і слабая эстрада — словам, нічога цікавага для маладых. І амаль ва ўсіх ёсць кабельнае тэлебачанне і інтэрнэт, і можна глядзець што заўгодна, але толькі па-расейску.

У Расіі ў большай ступені, чым на Захадзе, развіты культ прыгажосці,

людзі хочуць глядзець толькі на прыгожае, на прыгожых маладых людзей, і гэта ляжыць у аснове расейскага шоу-бізнэсу. А некалькі мясцовых перадач паказваюць толькі фальклор, бабуляў, якія спяваюць па-ўдмурцку.
У маладых удмуртаў нараджаецца комплекс — яны думаюць, што расейцы прыгажэйшыя, што там ёсць маладосць і будучыня. Большасць, вядома ж, не ў стане зразумець фальклор, большасці патрэбная поп-культура. А яе папросту няма. Мы захацелі гэта змяніць.

Ідэя стварэння фільма прыйшла раптоўна. Я ехаў у вёску да знаёмай. Маршрут доўгі, у салоне аўтобуса паказвалі пасажырам кіно — прымітыўную, расейскую камедыю. Большасць пасажыраў сачыла за фільмам, і мне падалося, што ён ім падабацца. Усе яны былі удмуртамі (рудыя валасы, вяснушкі). Мяне гэта ўразіла, я ўбачыў, як 

расейскі шоу-бізнэс стаў зброяй русіфікацыі.
Вырашыў, што прапаную сябрам зрабіць удмурцкі фільм. Сярод іх шмат творчых людзей, але яны працуюць заўсёды ў адзіночку — хтосьці займаецца паэзіяй, хтосьці грае ў аматарскім тэатры, хтосьці малюе. Яны не могуць знайсці для сваёй творчасці аўдыторыі, гледачоў, чытачоў… А калі мы зробім яркі фільм, гэта ўжо будзе падзея, і мы зможам зацікавіць тых, хто не чытае і не наведвае тэатры, а проста сядзіць у інтэрнэце.

Я запрасіў працаваць са мной стрыечнага брата Дамініка, які вучыцца ў Лондане, па прафесіі ён аператар. Ён прывёз сваю камеру і папрасіў аднаго мантажора з Варшавы, каб той нам дапамог. Хлопцам тады было ўсяго па 22 гады, столькі ж, колькі сцэнарысту — удмурцкай пісьменніцы Darali Leli. Па прафесіі яна перакладчык з венгерскай мовы, сцэнар напісала падчас навучання ў Будапешце.

Яшчэ ў аўтобусе, я прыдумаў сюжэт. Ён наіўны, казачны.

Нам была патрэбная камедыя, я хацеў, каб фільм выйшаў добрым і аптымістычным, каб даў Удмурціі трошкі надзеі.
Мы хацелі паўплываць на падсвядомасць удмуртаў і паказаць, што яны не горшыя за расейцаў, што ва Удмурціі столькі прыгожых маладых людзей і што можна без комплексаў кахаць, жартаваць, сумаваць па-ўдмурцку і казаць пра каханне на ўдмурцкай мове. Пасля прэм’еры фільма хтосьці падышоў і сказаў, што дзякуючы фільму нарэшце знайшліся ўдмурцкія сэкс-сімвалы!

Цяпер хочам зняць фільм пра маладых удмуртаў у Іжэўску і паказаць іх метады барацьбы з асіміляцыяй — трэба даць рэцэпт захавання сваёй культуры, мовы і душы сярод культурна чужых людзей, ва ўмовах сучаснай Расіі, дзе трэба змагацца за грошы, працу, матэрыяльную і сацыяльную пазіцыю, і не застаецца часу думаць пра нацыянальную ідэнтыфікацыю.

НН: Ствараючы ўдмурцкія фільмы, на якое кіно вы абапіраецеся?

ПП: Я добра ведаю толькі польскі кінематограф і думаю, што плануючы новыя удмурцкія фільмы, варта шукаць ўзоры ў польскіх фільмах пра вёску, якія ствараліся ў 70-я — пачатку 80-х. У гэтых фільмах ёсць абсурд, гумар, канфлікт вёска-горад, адданасць маленькай радзіме і павага да чалавека. Такія фільмы добра і цікава пакажуць удмурцкую рэчаіснасць.

НН: Тое, што на «Еўрабачанне» сёлета паедуць «Брангуртысь песанаёс», можа стаць новым штуршком для адраджэння ўдмурцкай культуры?

ПП: Так, пра ўдмуртаў даведаюцца мільёны людзей у свеце. Гэта вялікая маральная падтрымка для тых, хто прасоўвае культуру тут і не можа разлічваць на падтрымку ўлады. Удмуртаў трэба хваліць, захапляцца імі — гэта важная частка іх менталітэту. Яны ж вельмі ганарлівыя. А 

там, дзе ёсць цікавасць звонку, з’яўляецца і жаданне працаваць больш. Спадзяюся, праз бабуляў нехта зацікавіцца і маладымі — творчасцю пісьменнікаў Пятра Захарава і Вячаслава Ар-Сяргі, удмурцкім этнафутурызмам, хтосьці стане фанатам удмурцкага інды-рок гурту Silent Woo Goor.

НН: Расійская культура, якая для Удмурціі выглядае хутчэй каланіяльнай, не «раздушыць» удмурцкую, калі тая паспрабуе мадэрнізавацца?

ПП: Будзем змагацца.

У Іжэўску ўдмурцкая культура робіцца моднай сярод моладзі.
Маладыя «пакутуюць» на курсах мовы, арганізаваных актывістамі. Іх наведваюць і расейцы.
Маштаб з’явы — каля 100 чалавек у год.
Добры пачатак.

Трэба выкарыстоўваць той факт, што

расейская культура ў крызісе. Рэдка з’яўляюцца каштоўнасці, якія дапамагаюць чалавеку жыць. Няма глыбокай думкі — ёсць забаўка.
Гэтага занадта мала. А 
калі ўдмурт ідзе на канцэрт удмурцкіх песняў, ён абавязкова плача. Гэта сапраўдная сіла, якая трымае народ нават тады, калі расейская мова пачала дамінаваць і ў вёсках.

* * *

Спампаваць фільм «Узы-боры» можна тутака.

Гутарыў Юрась Ускоў

0
ДС / Адказаць
16.03.2012 / 14:16
Гэты самаахвярны паляк нагадаў мне іншага паляка, а дакладней літвіна культуры польскай Браніслава Пілсудскага, брата Маршалка, што "изучал сахалинских нивхов, записывал нивхский фольклор, собирал этнографическую коллекцию." http://ru.wikipedia.org/wiki/Пилсудский,_Бронислав
0
вось / Адказаць
16.03.2012 / 14:32
Браніслаў Пілсудзкі шчэ й рэвалюцыянерам быў. А што да Пятра - вось гэта паводзіны Чалавека - Грамадзяніна міра. Ён будзе захоўваць сваю культуру і дапамагаць жыць іншым культурам. Іншы глабальны сьвет - без вынішчальнай уніфікацыі - мажлівы. Еднасьць у разнастайнасьці. Памажы Божа.
0
Іван / Адказаць
16.03.2012 / 14:53
Выдатны чалавек, вялікі духам чалавек. Памагай, Божа!
Паказаць усе каментары/ 23 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру