Бацьку Яахіма Гаука, партовага рабочага, саветы рэпрэсавалі, калі сыну было 11 гадоў. Абвінавачванне было стандартным: падтрымлівае кантакты з Захадам. Арыштавалі яго ў Ростаку, а сядзець адправілі ў канцлагер у СССР. Доказамі стаў знойдзены дома ліст, а таксама заходні часопіс на тэму суднаходства.

З савецкага канцлагера Гаук-старэйшы вярнуўся інвалідам.
У сям’і Гаукаў не было сумневаў наконт савецкай сістэмы: яны бачылі яе абсалютнае зло.

Гаук-малодшы хацеў стаць журналістам, але на журфак яго не прынялі, бо ён прынцыпова не быў у тагачасным нямецкім БРСМе, які называўся «Свабодная нямецкая моладзь». У выніку

Гаук вымушаны быў пайсці ў пастары: адзіная кар’ера, даступная нон-канфармісту ў тагачаснай ГДР.

Працаваў ён у Марыінскай царкве ў Ростаку. Як святар, ён стаў папулярны сярод моладзі. Таму служба бяспекі, «Штазі», і пабачыла ў ім «ворага дзяржавы».

Архівы спецслужбы сталі цалкам даступны пасля падзення ГДР. Дзякуючы гэтаму людзі змаглі пабачыць тое «відэа» свайго жыцця, якое зафіксавалася ў сакрэтных дасье.

«Штазі» класіфікавала пастара Гаука як «ворага дзяржавы» ў 1983-м і пачало сакрэтную распрацоўку — пад кодавай назвай «Аперацыя Каўшанка». Першаснай мэтай аперацыі было давесці пастара да нервовага зрыву.
Гэта была тыповая тактыка нямецкага ГБ супраць апазіцыянераў. Каб выклікаць падазрэнні да Гаука ў ягоным коле, супрацоўнікі «Штазі» наведалі пастара ў 1985 годзе, а пасля… злілі падрабязнасці размовы некаторым ягоным сябрам і калегам. Паралельна «Штазі» распаўсюджвала чуткі, што жанаты Гаук мае раман з адной са студэнтак тэалогіі.

Падкопы такога кшталту стваралі нервовую атмасферу ў сям’і Гаукаў. Нарэшце,

трое старшых дзяцей пастара, якім не давалі магчымасці здабыць вышэйшую адукацыю ў ГДР, атрымалі дазвол на выезд у ФРГ.

Аднак нават гэта было часткай злавеснага плана. Дзяцей выпусцілі, а назад не пускалі. Нарэшце, у ліпені 1988 года «Штазі» паспрабавала завабіць Гаука ў свае цянёты, спакушаючы яго дазволам на прыезд дзяцей. Аднак

Гаук адкінуў прапанову і, каб ад яго адчапіліся, адразу расказаў пра візіт гэбіста сваім сябрам і калегам.
У выніку яшчэ праз пару месяцаў «Штазі» закрыла «Аперацыю Каўшанка».

Гаук застаецца перакананым антыкамуністам.

На думку Гаука, сістэмы савецкага тыпу несправядлівыя і вядуць да разбурэння людскага ў чалавеку.
Разам з Гаўлам, ён падтрымаў стварэнне Трыбунала для расследавання злачынстваў камунізму. Ён падтрымлівае неабходнасць назірання Федэральнага бюро аховы канстытуцыі за Партыяй левых, якая яднае прыхільнікаў камуністычнага ладу. Ён лічыць рынкавую эканоміку і нямецка-амерыканскую супрацу асновамі для захавання свабоднага грамадства.

У 1990 годзе Бундэстаг аб’яднанай Нямеччыны прызначыў яго першым федэральным камісарам у справе архіваў Штазі. На гэтай пасадзе ён заслужыў шырокую папулярнасць актыўным пераследам тых былых нямецкіх чэкістаў, якія ў часе сваёй службы здзяйснялі злачынствы. За сваю дзейнасць ён заслужыў мянушку «паляўнічага на штазі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?