Каля 30 чалавек прыйшлі вечарам 18 сакавіка да дома № 6 па вуліцы Рэпіна, дзе жыў Уладзіслаў Кавалёў.
У пад’ездзе на лесвічнай пляцоўцы яны паставілі партрэт Уладзіслава, а таксама запалілі свечкі.

Удзельнікі акцыі памяці сталі жывым ланцугом з другога да пятага паверху.

Ля пад’езда дзяжурыць машына з танаваным шклом, а раён вуліцы Рэпіна патрулююць узмоцненыя нарады міліцыі. Аднак, у адрозненне ад суботы, яны не сталі рабіць затрыманняў.

17 сакавіка стала вядома, што расстраляныя абодва меркаваныя выканаўцы выбуху ў мінскім метро — Дзмітры Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў.
14 сакавіка з’явілася афіцыйная інфармацыя, што Аляксандр Лукашэнка не памілаваў Кавалёва і Канавалава.
Кавалёў сваёй віны ў судзе не прызнаў, заявіў, што прызнальныя паказанні ў часе следства даў пад ціскам. Канавалаў увесь суд прамаўчаў.
Віну Канавалава даказвалі відэа з метро і адбіткі пальцаў на ранейшых выбуховых прыладах. Доказы віны Кавалёва — суд палічыў, што ён ведаў пра намер Канавалава зладзіць выбух — грунтаваліся на прызнальных паказаннях.
Праваабаронцы і кіраўнікі Еўрасаюза заклікалі беларускія ўлады ўстрымацца ад выканання прысуду — каб быў час пазбегнуць судовай памылкі, калі б такая выявілася.
Адначасова еўрапейцы і праваабаронцы ўзмацнілі заклікі да мараторыю на смяротнае пакаранне. Беларусь засталася адзінай краінай Еўропы, дзе працягваюць выконвацца смяротныя прысуды. Да апошняга закліку далучыўся і каталіцкі мітрапаліт Беларусі: царква лічыць, што чалавек не мае права адбіраць жыцця ў другога чалавека, акрамя выпадкаў, калі гэта трэба для захавання другіх жыццяў. Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з адмысловым артыкулам на гэтую тэму.
У справе КіК галоўныя сумневы ўзнікалі адносна магчымай ролі спецслужбаў у гэтай гісторыі.
Канавалаў таямнічым чынам унікаў агульнай дактыласкапіі да пярэдадня тэракта ў Мінску. Згодна з вынікамі следства і суда, Канавалаў здзейсніў у Віцебску шматлікія выбухы, але застаўся беспакараны. Тым часам праз турмы па падазрэнні ў іх здзяйсненні прайшлі дзясяткі чалавек і, сярод іх, дзеячы апазіцыі. Невядома, каб нехта панёс за гэта пакаранні.
У дзень тэракта дзяржаўныя СМІ заявілі пра магчымую датычнасць да яго «радыкальных моладзевых груповак», а дзяржпрапагандысты прывязвалі да яго апазіцыю.
Дагэтуль застаецца загадкай, якім чынам сілавіка так аператыўна высачылі і затрымалі КіК. Паводле афіцыйнай версіі, з Канавалавым у краме сутыкнуўся адзін з аператыўнікаў. У той жа час, паводле матэрыялаў допытаў, той не пакідаў кватэры. Такія недагаворкі спрыялі падазрэнням, што за Канавалавым нехта ўсё ж такі стаяў.
Паводле звестак НІСЭПД, больш за 50% апытаных не давяраюць афіцыйнай версіі тэракта.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?