Праверкі рабочых сталовых на прадпрыемствах Гомеля выявілі шэраг парушэнняў тэхналогіі прыгатавання страў, бяспекі харчовых прадуктаў і санітарных норм.

Як паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю Гомельскай вобласці, ва ўсіх шасці правераных сталовых (РУП «Гомельэнерга» і «Гомельскі завод гідрапрывад», а таксама ААТ «Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт», «8 Сакавіка», «Гомельскі аўтарамонтны завод» і «Электраапаратура») былі ўстаноўленыя факты недакладання прадуктаў (у сярэднім у 43% адабраных для даследавання страў). Дзе-нідзе недакладанні мелі месца ва ўсіх даследаваных стравах.

Напрыклад, у сталовай РУП «Гомельэнерга» колькасць тлушчу ў пярловым супе з грыбамі і ў варанай свежай капусце склала менш за палову ад нормы, а ў бульбяным пюрэ — 25%.

Персаналу сталовай завода «Цэнтраліт» заканчэнне тэрмінаў прыдатнасці некаторых прадуктаў (свініны, сметанковага масла, сыру) на 43–80 сутак не перашкодзіла выкарыстаць іх для прыгатавання другіх страў, салатаў і гарніраў. А ўсяго на кухні і на складзе завода са скончаным тэрмінамі прыдатнасці знаходзілася прадуктаў на 1,3 млн. рублёў.

Аналагічныя факты захоўвання прадуктаў, тэрмін прыдатнасці якіх выйшаў, выяўленыя ў сталовых РУП «Гомельэнерга» і ААТ «Гомельскі аўтарамонтны завод» —

тут тэрмін прыдатнасці гарнірных буракоў у трохлітровых слоіках закончыліся 1–3 гады таму.

Апрача таго, на ўсіх правераных аб’ектах харчавання выяўленыя шматлікія парушэнні санітарных норм і правілаў. Так, на ААТ «8 Сакавіка», дзе працуюць 1.579 чалавек, у тым ліку 600 — у другую змену, харчаванне рабочых для другой змены наогул не было арганізаванае.

Праверкі таксама паказалі, што наймальнікі і прафсаюзныя камітэты не надаюць належнай увагі стварэнню ўмоў для харчавання сваіх работнікаў, а таксама пытанням патаннення кошту харчавання. Кошт харчавання не толькі не рабіўся меншым за кошт сродкаў прадпрыемства, але наадварот — на большасць страў прымянялася максімальная нацэнка ў памеры 50%. Такія факты зафіксаваныя на прадпрыемствах «Цэнтраліт», «8 Сакавіка», «Гомельскі аўтарамонтны завод», «Электраапаратура». Разам з тым завод «Гідрапрывад» і «Гомельэнерга» памер нацэнкі на стравы ўласнага прыгатавання абмежавалі 10%. Як вынік, наведвальнасць сталовых работнікамі прадпрыемстваў вельмі нізкая і складае ад 6% да 25% працуючых.

Па выніках праверак абласным КДК будзе прыменена адміністрацыйная адказнасць да прадпрыемстваў і службовых асоб.

Пастанова Саўміна «Аб стварэнні ўмоў для харчавання работнікаў», згодна з якой наймальнікам і прафсаюзным арганізацыям рэкамендавана ў 2012 годзе ўключыць у калектыўныя дагаворы пытанні стварэння ўмоў для харчавання работнікаў і патаннення яго кошту, уступіла ў сілу 15 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?