Вечарам 18 сакавіка ў Екацерынбургу Беларуская федэрацыя баскетбола падпісала кантракт з літоўскім спецыялістам Рымантасам Грыгасам, які ўзначаліў нацыянальную жаночую зборную, паведамляе афіцыйны сайт БФБ.

Падбор кандыдатуры на пасаду галоўнага трэнера вёўся з лістапада 2011 года. У выніку кіраўніцтва федэрацыі спыніла выбар на літоўскім трэнеры, які з’яўляецца асістэнтам галоўнага трэнера аднаго з лепшых жаночых клубаў Еўропы — екацерынбургскага УГМК.

Трэнерскую кар’еру Грыгас пачаў у 1995 годзе, заваяваўшы да цяперашняга моманту тытулы двухразовага чэмпіёна Літвы (2006–2007, 2007–2008), трыўмфатара Балтыйскай лігі (2007–2008), уладальніка Кубка Літвы (2008) і Кубка Гомельскага (2009). На ўзроўні нацыянальных зборных Грыгас не працаваў.

Кантракт з 49-гадовым літоўцам разлічаны да канца лета.
Пры гэтым існуе дамоўленасць, што ў выпадку паспяховага пераадолення кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы (матчы пройдуць у чэрвені-ліпені) Грыгас павязе каманду на фінальную частку Еўрабаскета-2013 у Францыю.

Падрыхтоўка беларускай зборнай да кваліфікацыі пачнецца ў маі і апрача навучальна-трэніровачных збораў уключыць у сябе шэраг таварыскіх паядынкаў і міжнародных турніраў.

«Рады, што атрымаў магчымасць узначаліць жаночую зборную Беларусі. Падрыхтоўка нацыянальнай каманды — гэта сур’ёзны праект. Ведаю пра амбіцыі гульцоў, федэрацыі, балельшчыкаў і пастараюся зрабіць усё, каб гульня каманды адпавядала чаканням», — пракаментаваў сваё прызначэнне літовец.

Плануецца, што асістэнтам Грыгаса будзе вядомы беларускі спецыяліст Андрэй Ваўлеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?