Раней нязменны арганізатар усіх «Басовішчаў» «Беларускае аб’яднанне студэнтаў» у Польшчы ўпершыню з пачатку крызісу вакол фестывалю выступіла з заявай, у якой паабяцала ўзначаліць падрыхтоўку да фэсту і правесці яго «на тым жа самым месцы і без ніякіх зменаў», піша Generation.by.

«Беларускае аб’яднанне студэнтаў і надалей застаецца галоўным арганізатарам фестывалю», — гаворыцца ў звароце беларускіх студэнтаў Польшчы, размешчаным на старонцы музычнага фэсту ў Фэйсбук.

Аднак гэтым разам у сувязі з «няпэўнасцю, звязанай з далейшым функцыянаваннем» БАС, і «складанай сітуацыяй вакол нашых грашовых разлікаў з органамі дзяржаўнай улады», да арганізацыі далучацца новыя людзі.

Сярод ініцыятываў, што аказалі «неацэнную дапамогу ў рэарганізацыі», называюцца дзве беластоцкія няўрадавыя арганізацыі: Pogotowie Kulturalno Społeczne («Культурна-грамадзкая хуткая дапамога») і Stowarzyszenie Kreatywne Podlasie (Творчае таварыства Падляшша).

«У гэтым годзе будзем супольна зарганізоўваць Фестываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” на тым жа самым месцы і без ніякіх зменаў клімату», — гаворыцца ў заяве БАС.

Такі камэнтар БАС — першы з часу з’яўленьня ў СМІ інфармацыі аб верагодным правале арганізацыі фэсту 2012 году. «Басовішча» аказалася пад сур’ёзнай пагрозай з-за рашэння польскіх уладаў адмовіць у падтрымцы яго заснавальнікам і традыцыйным арганізатарам з-за хібаў з фінансавай справаздачнасцю.

Быў нават абвешчаны конкурс на пошук новага арганізатара. Адзінай ініцыятывай, што падала заяўку на ўдзел у ім, стала невялікая культурніцкая арганізацыя «Культурна-грамадзкая хуткая дапамога», што з 2007 года ладзіць канцэрты і іншыя культурныя імпрэзы ў Польшчы. Інфармацыя аб гэтым трапіла ў прэсу на мінулым тыдні.

Аднак БАС заяўляе, што менавіта яно возьме на сябе галоўную ролю ў арганізацыі фэсту. Акрамя гэтага новаабранае кіраўніцтва аб’ядання прызнала хібы ў фінансавай справаздачнасці папярэдніх арганізатараў і патлумачыла адсутнасць афіцыйнай пазіцыі арганізацыі выбарамі гэтага самага новага кіраўніцтва.

Сродкі на фэст сёлета БАС будзе спрабаваць здабываць з іншых крыніцаў: «Мы ўзялі ўдзел у некалькіх конкурсах на атрыманне грантаў, з дапамогай якіх мы спадзяемся сабраць сродкі на арганізацыю «Басовішча», — гаворыцца ў заяве арганізацыі. Раней паведамлялася, што сродкі на фестываль ранейшыя фундатары ўсё ж такі вылучаць, але не БАС, а трэцяй арганізацыі, якой, верагодна, стане «Культурна-грамадзкая хуткая дапамога». Апошняя ў сваю чаргу ўжо заявіла аб супрацы з Аб’яднаннем студэнтаў.

Беларускае аб’яднанне студэнтаў заклікала далучацца да яго ў справе арганізацыі фэсту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?